Выбрать главу

Мы абменьваліся думкамі. Невясёлыя атрымаліся высновы нашыя: у СССР і турмаў значна больш, і нікога з родзічаў у іх ня пусьцяць без сьпецвыкліку. Зусім нядаўна ў адной з маіх знаёмых амаль так і было. Паехала яна ў далёкую Сібір на дазволеную сустрэчу з сынам, якога доўгія гады гнаяць то ў турмах, то ў канцлагерах. Прыехала, а там “начальнік”, вядома ж, камуніст-кадэбіст, сказаў, што не дазваляе сустрэчы, таму, што “ваш сынок не заслугоўвае такую прывілею: ён сябе кепска паводзіць і цяпер пакараны”. Заплакала маці. Яна ведае, што гэта за пакараньне – гэта хутчэй за ўсё катаваньне ў халодным вільготным карцары без гарачае стравы, праз дзень толькі кавалак хлеба і кубак вады.

Гэтая, савецкая, маці таксама везла любімы сынаў пірог. Не дастаўся ён яму. Перадачу, што яна ласкава папрасіла кадэбіста аддаць сыну, “калі ўжо можна будзе”. Не дайшоў гэты пірог да гэтага, не франкісцкага, а савецкага вязьня. Там маці сама падзяліла ўсім, хто ляжаў з яе сынам у брацкай магіле. А тут падзялілі паміж сабою адвечныя сынавы ворагі – каты-турэмшчыкі. А ў гэтай жа перадачы былі і сапраўды пірог, і мёд, і цукар, і каўбаса, і, галоўнае, цёплая шарсьцяная вопратка (“бо ён заўсёды надрыўна кашляе”).

Гарбачоў павёў павярхоўную вайну супраць карупцыі, хабару і да т. п., што назвалі “непрацоўнымі даходамі”.

Ці дойдзе чарга да тых турэмшчыкаў, што такім чынам, рабаваньнем вязьняў, абагачаюцца і вяртаюцца “героямі” і багатымі ў Еўрапейскую частку СССР.

Гэта абрыўкі навеяных тым фільмам думак.

А вось рэальнасьць сёньняшняя. Тэма: кадэбісты-рабаўнікі, расказана мне толькі ўчора.

Маладая жанчына ў тую страшэнную першую Чарнобыльскую раніцу ў Прыпяці сабралася на базарчык. Яна жыла блізка каля АЭС, а той базарчык – яшчэ бліжэй ад яе. Па дарозе ёй нехта так спакойненька не параіў туды ісьці, “бо быў жа ядзерны выкід на паверхню”. Яна ўсё-такі пайшла – усе ж ідуць. Хутка ёй стала кепска – яна была цяжарная. Праз некаторы час яе завезьлі ў Маскву і… вызвалілі ад цяжарнасьці. Прыехала яна ў сваю Прыпяць (дазвол атрымала), каб быць разам з сям’ёю. Але мужа і сына ўжо эвакуіравалі. Прыйшлі функцыянеры правяраць, што яна бярэ з сабою, “каб ня вывезла небясьпеку ў іншае месца”. Павадзілі (можа няспраўным інструментам) па дыване на падлозе і сказалі: “забруджаны”. Убачылі вялікі на сьцяне дыван і загадалі зьняць яго адтуль і пакласьці на падлогу – гэта хворай жанчыне! Самі ў гэты час стаялі! Прызналі і яго забруджаным. Сёе-тое, што было ў цэлафанавых пакетах з адзеньня, і інш. дазволілі ўзяць. Перад выездам з Прыпяці кантроль новы. Усё прайшло, апроч… замежнага дарагога першакласнага новага магнітафону. Павадзіў хлюст па ім сваім “інструментам” і загадаў здаць. Яна запатрабавала вышэйшага начальніка. Той “прыняў” шматзначны ківок свайго памочніка і пацьвердзіў распараджэньне таго, тады жанчына ўсё зразумела: яна падняла над галавою свой каштоўны магнітафон і са словамі: “ня спраўдзіцца ваша задума” з усяе сілы гахнула яго аб вялікі камень, што стаяў побач. Тыя, каго эвакуірава­лі, маўчалі. Затое тыя двое “дэзактыватары” пабялелі, ледзь не ў адзін голас крык­нулі: “Што ж вы нарабілі?”

Гэта яскравае сьведчаньне пра маральнае аблічча немалой часткі “савецкіх” чыноўнікаў: нават у такіх трагічных чарнобыльскіх абставінах ня ўпусьцяць нагоды, каб не хапнуць сабе які-небудзь “лакамы” кавалачак.

20 верасьня 1986 году. Глеб Артханаў паведаміў, што ўключаецца ў культурнае жыцьцё гораду. Дагэтуль быў на заробках. Ён жа нідзе штатна не працуе. Праблему ўскладніў яшчэ жаніцьбаю. А можа, дасьць Бог, жаніцьба якраз і нармалізуе яго жыцьцё. Кватэры сваёй ня маюць. Даў мне тэлефон маці.

Папрасіў, каб я сачыў наступны тыдзень за перадачамі БТ. Ён свае каліграмы, створаныя на кватэнтэмы Алеся Разанава, цяпер кладзе ўжо на музыку. Гэты хлопец бачыць за кожнай літарай нейкі колер, а кожны колер у ягоных вушах гучыць непаўторна.

Музычна аформіць гэтыя гукакаліграмы маладая піяністка Юлія Андрэева.

Вельмі дзякаваў мне, што я “так хораша прадставіў яго сьвету праз часопіс “Беларусь”. Сказаў, што гэтай яго справаю пасьля тае публікацыі шмат хто зацікавіўся. “Дзякуючы вам, – кажа ён, – я стаў вядомым”.