Выбрать главу

Як жа адрэагавала бюро ЦК Кампартыі рэспублікі? Даволі цікава а­дрэа­гавала.

Прыгадаем аналагічную мазырскую справу, у якой судзілі некалькі невінаватых чалавек, атрымаўшы папярэдне іх “прызнаньне” ў злачынстве. Справу вынес М. Матукоўскі на старонкі “Известий”. Публікацыя ўзрушыла ўсю краіну. У выніку тады “пацярпела” некалькі юрыстаў. Сярод іх быў зьняты з пасады пракурора рэспублікі Магільніцкі. Дык вось і цяпер зноў вярнуліся да Магільніцкага – зьнялі яго з новай пасады – пасады намесьніка міністра сацыяльнага забесьпячэньня. Прычына? А таму, што “справа”, праўдзівей, пятнаццаць (!) справаў гэтых пачаліся пры яго вярхоўным пракурорстве. Паздымалі таксама з пасадаў міністра юстыцыі… і нават начальніка Менскай вышэйшай школы міліцыі МУС СССР – працаваў у свой час нейкім юрыдычным начальнікам у Віцебску. Нейкае рашэньне прынялі і ў адносінах да “сьледчага па асабліва цяжкіх справах” пракуратуры БССР Жаўняровіча. Гэта, кажуць, ён яшчэ раней, чым М. С. Гарбачоў, пачаў патрабаваць паскарэньня.

Кажуць, маці аднаго з тых двух расстраляных катэгарычна патрабуе ўсенароднага апраўданьня яе сына. Апроч таго, патрабуе выдаць ёй яго труп для пахаваньня. Вось гэта, мабыць, цяжка выканаць савецкаму заканадаўству!

А што ж з сапраўдным злачынцам? Хто ён? Хоць справа ўжо зразумелая, але ж нечага цягнуць з судом. Мабыць, ня ведаюць, як яго зрабіць. Закрытым? Няёмка! Адкрытым? Страшна!

Злачынец быў “аўтарытэтны” камуніст: быў дэлегатам апошняй Полацкай партыйнай канферэнцыі! О, Богі!!!

1 кастрычніка 1986 году. “Выконваючая абавязкі “ўчастковага ўрача доктар Краўчанка сёньня паклала мяне ў бальніцу. Тут дзяжурыла Вольга Казіміраўна Даўгяла, накіравала мяне ў 302-ю палату. Мае суседзі: Віталь Вольскі, Мікола Хахол. Пісьменьнік і спартсмен. Першы postінфартнік, другі са сьвежанькім інфарктам. Ну, я вядома з чым – з тым, што і ў Вольскага плюс абвастрэньне стэнакардыі.

З лекамі ня надта раскошна. Палатны ўрач, цудоўная Валянціна Уладзіміраўна Урбановіч, даведаўшыся, што дома мне пачалі ўводзіць АТФ, сказала, што добра было б працягнуць гэтыя ўколы. Але трэба прынесьці свой прэпарат, бо ў іх яго няма. Няма ў іх і нітрасарбіду, які я таксама заказаў з дому. Карынфар таксама адсутнічае. Яго нечым заменяць. Сьпіс таго, чаго тут няма, атрымаўся б вельмі доўгі, а таго, што непрыдатнае для лячэньня – яшчэ даўжэйшы. У першым рэестры пяршынства, як заўсёды, займае па-пе-ра! І туалетная, і сталовая! Што датычыцца другога рэестру, дык ня будзем ужо марыць пра “складаную” тэхніку, як, напрыклад, кандыцыянеры. Дастаткова назваць тоўстыя тупыя іголкі, якія ледзь не малатком трэба забіваць у цела хворага чалавека. Цяжка было б гэтаму няшчаснаму, каб не высокае майстэрства пераважнай большасьці ўрачоў і сясьцёр!

3 кастрычніка 1986 году. Ціск 180/100! Зьбіваць клафелінам. Няўжо няма іншых сродкаў. Няўжо стэнакардыя стане маім вечным спадарожнікам? У сярэднім 10-12 таблетачак нітрагліцэрыну спажываю кожны дзень. А каб не было гэтага вялікага сродку? Хоць ён і ня лечыць, як лічаць, але ж і не дазваляе разгарнуцца сардэчнаму спазму ў інфаркт. В.Ул. расьпісала мне парадак прыёму асноўных прэпаратаў.

7 кастрычніка 1986 году. Тут ляжыць Іван Новікаў. Некалькі дзён таму ён пайшоў з пасады загадчыка карэспандэнцкага пункту “Правды” ў Беларусі. Колькі гадоў ён душыў праз сваю страшную газету беларускую культуру. Душыў своеасаблівым метадам – замоўчваньнем, дэзінфармацыяй, “арганізацыяй” матэрыялаў у нацыянальных кастратаў.

Вечарам у калідоры мы з ім паспрачаліся. Ён цалкам раскрыўся перада мною: я ўбачыў у яго асобе ваяўнічага рэакцыянера сталінскай эпохі. Ён выказваўся супраць усяго, што мне сьвятое, абражаў Ларысу Геніюш, заадно адпускаў зьед­лівыя заўвагі ў адрас Уладзіміра Караткевіча, Міхала Забэйды. Вядома ж, ён ня цалкам прымае Купалу, Коласа, зусім не прымае Алеся Разанава. Ён жа дагэтуль уплывае на пісьменьніцкія справы, як нейкі актывіст партбюро саюзу пісьменьнікаў.

15 лістапада 1986 году, субота. У мінулы аўторак расквітаўся з партыйнай кар’ерай, а заадно і з жыцьцём высокі функцыянер з Магілёўскага абкаму партыі. Гэта Сьцяпан Ігнатавіч Карпечкін. Шмат гадоў ён займаў там пасаду загадчыка аддзелу навукі і навучальных установаў і вось узяў і выкінуўся з акна свайго кабінету, з восьмага паверху. Самагубства было сьвядомае, аб чым сьведчыць напісаная перад тым запіска. Няшчасны паведамляе ў ёй, што яго зацкавалі, просіць ня крыўдзіць ягоных дзяцей.

Хто ж зацкаваў Карпечкіна? Яго непасрэдным шэфам некаторы час была сакратар “па ідэалогіі” Г. Б. Хакала. Але ж яе ня так даўно вызвалілі з гэтай пасады. Значыцца, яна ўжо не ўяўляла сабою небясьпекі Карпечкіну.