Выбрать главу

– Як ня ставілі? – пытае Мікола. – Мяне папярэдзіў загадзя Яўген Васільевіч Міклашэўскі, каб я быў гатовы і даручыў мне запрасіць усіх, хто тут і прысутнічае.

Барадулін разгубіўся, ня ведаючы, што рабіць, непрыязна паглядзеў на Яўгена Міклашэўскага і, зьвяртаючыся да Міколы, сказаў:

– Ну, тады чытай свае вершы.

Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што бюро секцыі ня выставіла сваіх дакладчыкаў, хоць у адпаведнасьці з даручэньнем Максіма Танка павінны былі падрыхтаваць грунтоўны разбор пададзеных вершаў.

Незадоўга перад гэтым Яўген сказаў Міколу, што вынік будучага абмеркаваньня можа быць толькі адзін: “калі добрыя вершы, дык параім надрукаваць нізку ў перыёдыцы. А пра кніжку самастойную і гаворкі быць ня можа і ты ня стаў гэтае пытаньне”.

Мікола завяршыў сваё чытаньне. Кажа, што прачытаў з дзясятак вершаў. Усе, хто б ні выступаў, высока ацанілі мастацкі ўзровень толькі што пачутых твораў. Некаторыя, былі знаёмыя і раней.

Але ж гэты ўзровень, майстэрства паэта, засталіся нечым нават не другарадным. На першае месца высунулася пытаньне палітычнае. І не адно, а цэлая серыя!

1. Што рабіць з гэтаю зьяваю?

2. Гэта мова ці дыялект?

3. Як можна прымаць гэта моваю, калі ніколі і гаворкі не было, што ў рамках БССР нешта яшчэ ёсьць адметнай этнаграфіі?

4. Прызнаць… А што далей – стварыць умовы для разьвіцьця? Дык гэта ж сепаратызм, гэта разьбіцьцё адзінай беларускай мовы.

Рэзка варожую пазіцыю да гэтай “зьявы” занялі Рыгор Барадулін, Хведар Жычка і Мікола Мятліцкі. Але ж іх зброяю былі толькі эмоцыі, прычым палітычныя (“няма ў Канстытуцыі”, “падрыў беларускай мовы”, “раскол беларускага народу” і г. д.).

8 мая 1985 г. Санаторый працуе, як звычайна. Але ж адчуваецца нават у паветры нешта сьвяточнае. Па-першае, учора ў клубе санаторыя быў урачысты вечар – даклад падпалкоўніка медслужбы ў запасе, а цяпер на пенсіі, Мяжэвіча. Раздалі некалькі медалёў ветэранам вайны і падарункі. Мне спадабалася, што падарунак атрымала і адна ўдава салдацкая, мабыць, ня выйшла другі раз замуж. Яна была нават запрошаная ў прэзідыум, сядзела ў першым радзе.

Дакладчык мяне расхваляваў сваёй выдумкай ці быльлю: медсястра засталася ў акопчыку з параненымі. Свае адступілі. Яна бачыць, што набліжаюцца немцы, схапіла аўтамат і пачала іх касіць. Тады гэтыя і пабеглі са стрэламі на арыенцір. Жорстка і непрыгожа закатавалі медсястру (перабілі быццам бы параненых).

У палаце я свайму юрысту горача даказваў, што патрэбны грунтоўны міжнародны закон пра ўдзел у войнах медыцынскага персаналу. У законе прадугле­дзець, што: 1) медперсанал абмундзіроўваецца ў адзіную міжнародную уніформу; 2) насіць і асабліва прымяняць зброю медперсаналу катэгарычна забаронена; 3) натуральна, забараняецца праціўным арміям ці адзінкавым іх ваякам прымяняць зброю ці іншую сілу супраць медыкаў праціўніка, супраць параненых і палонных; 4) прыдумаць нейкія жорсткія санкцыі супраць парушальнікаў гэтага міжнароднага права – як дзяржаваў, так і асобных вылюдкаў.

Мой юрыст не падзяляе маёй рашучай “ваяўнічасьці”. Яго аргумент: у першую сусьветную вайну забаранялі газы, а іх прымянялі (і ў другую таксама), а немцы зусім не падпарадкоўваліся ніякім законам. Я горача даказваў, што агульнымі намаганьнямі ўсіх народаў, пры моцным жаданьні можна дамагчыся.

Урач адмяніў нейкія там нагрузкі, на фізкультуру пайшоў, прыняўшы таблетку нітрагліцэрыну, пасьля яе – таксама... А тут хлопцы дамагаюцца дазволу прыехаць. Дазволіў, куды дзенешся. Тым больш, што яны мне прыемныя.

Прыехалі а палове шостай вечару: Уладзімір Някляеў, Лёня Дранько-Майсюк, Валодзя Мароз. Былі 2 гадзіны – да маёй вячэры. Падарылі прыгожы букет цюльпанаў у бутонах. Валодзя Някляеў, толькі паставіўшы ў вазу, разгледзеў на кожным бутоне непрыкметную чырвоную гумку. Гэта сьведчыць, што букет купляўся на базары. А гумкі-павуцінкі надзяваюць, каб без патрэбы бутон не распусьціўся і не адцьвіў. Гумкі выразаюць з дзіцячых шарыкаў. Валодзя зьняў іх усе і выкінуў, праз балконныя дзьверы, стрэліў, як з рагаткі.

Нямала выказалі яны цёплых, салодкіх і нават прытарна-саладжавых словаў у мой адрас, як, напрыклад: “лідэр беларускай інтэлігенцыі” (Ул. Някляеў), “наша сумленьне” (Лёня), “прыклад грамадзянскай мужнасьці” (Лёня) і г.д. Я ня раз прасіў, каб спынілі такое ўсхваленьне мяне, з такімі эпітэтамі, ад якіх я заўсёды чырванею, а сёньня дык ужо і хапаюся за сэрца, бо нядаўна адчуў яго, і цяпер, мабыць, яно будзе балець і пры неасьцярожных ці няправільных учынках сяброў, і, як бачу, пры праяўленьні завялікай увагі да мяне, асабліва пры славаслоўі.