Выбрать главу

Паднялі сярод іншых цікавую тэму. Я сьпецыяльна яе паставіў: “Гуманізм салдата і гуманізм медыцынскага работніка на вайне”. Перадаў сваю ацэнку эпізоду, расказанага Мяжэвічам: учынку медсястры-ката з фільму Сьвятланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”; пазіцыі таго маладога салдата з апавяданьня Ул. Карпава, які адмовіўся страляць у нямецкіх салдатаў, у якіх вельмі абмежаваныя былі мажлівасьці весьці бой.

Перад тым я сказаў: “Добра, што Гарбачоў зьмяніў адрахлелых фізічна і разумова брэжневачарненкаў. Але ж сам ён яшчэ выхаваны сфармаваны пакаленьнем сваіх папярэднікаў. З гэтае моцы Гарбачоў, калі ён ня рэдкае шчасьлівае выключэньне ў сваім пакаленьні, зьяўляецца таленавітым вучнем і пасьлядоўнікам сваіх бацькоў-папярэднікаў. Таму той Сьвятланін медык-кат, думаю, яго не абурыць. Упэўнены, што ён ухваліць учынак і той дурніцы медсястры, што, пакінуўшы сваіх параненых, распачала бой з падразьдзяленьнем (?!!) немцаў. Затое, напэўна, асудзіць такія прыклады, як апісаў Ул. Карпаў у сваім апавяданьні…

Я быў зьдзіўлены, калі Валодзя Някляеў, і не падумаўшы, адразу, сказаў:

– Дык нават яшчэ я ўсе гэтыя вашыя прыклады ўспрымаю так, як Гарбачоў.

– Значыць, Валодзя, і тваё пакаленьне мала чаго дасьць краіне новага, трапіўшы ў Крэмль.

Я зьбіраўся пачаць “ускладаньне надзеяў” на Лёніна пакаленьне, як ён загаварыў сам:

– Міхал Фёдаравіч, вы ж з пакаленьня Гарбачова, а чаму вы ўсё тое ўспрымаеце ня так, як ён з Някляевым, а так, як я, лічыце, ваш сын?

– Думаю, Лёня, таму, што ў нас з Гарбачовым (Валодзю не бяру пад увагу тут) былі вельмі розныя ўмовы выхаваньня. Мы выхоўваліся ў краінах з розным сацыяльна-эканамічным ладам. Ён нарадзіўся і рос у “краіне перамогшага сацыялізму”, якою абвясьціў Сталін Савецкі Саюз у 1937 годзе, перабіўшы перад гэтым мільёны ні ў чым не вінаватых людзей. Я па волі лёсу меў шчасьце нарадзіцца на той тэрыторыі былой Расійскай імперыі, што пасьля першай сусьветнай вайны перайшла пад толькі што дамогшуюся сваёй выпакутаванай незалежнасьці Польшчу. Гэтую краіну СССР адразу назваў фашысцкаю і працягвае так называць яе тагачасную цяпер.

Што мы бачылі вакол сябе, як жылі?

Міша Гарбачоў часта чуў ад бацькоў, што то аднаго суседа схапіў “чорны воран”, то другога (была, мабыць, падрыхтаваная торба сухароў і ў Мішавага бацькі Сяргея, каб узяць з сабою ў турму ці ў сібірскую ссылку, у выпадку, калі цёмнай ноччу схопяць і яго). А пасьля Міша быў сьведкам, як некаторых яго сябрукоў хлопцы пачыналі абзываць страшнымі словамі “сын ворага народу” і адганяць ад сябе. Так Міша страціў багата сяброў, нават стаў баяцца сустрэчы з імі, пакуль і іх ня вывезьлі з вёскі.

Пра гэта амаль не размаўлялі паміж сабою. Пасьля прызвычаіліся, што гэта і сапраўды ў сацыялізму вакол ворагі, паверылі, што імі сталі і тыя арыштаваныя іх суседзі. “Дарма, – казалі ўсюды, – нікога ня возьмуць. Дыму без агню не бывае”, А яшчэ акцябронак Міша Гарбачоў памагаў піянерам і камсамольцам ламаць і паліць крыжы, іконы, абражаць брыдкімі словамі царкву, папоў і тых, хто верыць, перашкаджаць іх малітвам, псаваць іх сьвяты. Міша пераканаўся, што савецкая ўлада – здольная ашчасьлівіць народ, што ёй трэба дапамагаць змагацца супраць кулакоў, сабатажнікаў, супраць рэлігіі.

У такім самым узросьце мяне вучылі хрысьціянскім запаведзям, вучылі малітвам, нават у школе выкладалі прадмет “закон Божы”. Мне яго называлі проста “рэлігія”. Дарэчы, ён і ў раскладах урокаў так па-польску і называўся. Дык у гэтых сьвятых запаведзях і законах было сказана, што ўсе людзі – браты, што трэба маліцца нават за свайго ворага і дараваць яму яго правіннасьці.

З маёй вёскі, дарэчы, пакуль яна ня трапіла пад савецкую ўладу, нікога палякі нікуды не вывозілі, нікога не садзілі ў турмы, хоць вёска была вялікая, разьбітая на мноства вуліцаў і плошчаў, з прыхадскою царквою пасярэдзіне, у якую хадзілі і з суседніх вёсак.

Вось так і выхоўваліся дзеці там і там! Там, у СССР, вучылі, што ў іх дзяржавы, а значыць і ў іх асабіста, ёсьць зацятыя ворагі, якіх трэба зьнішчаць. І дзеці прывыклі да перыядычных “адстрэлаў шкодных людзей” вакол сябе, да “прарэджваньня” насельніцтва. І Міша Гарбачоў быў цалкам падрыхтаваны да ўспрыняцьця сэрцам практыкі “ваеннага часу”, як і тая Сьвятланіна ідыётка з чырвоным крыжам на сумцы.

Гэтымі днямі ў адным са сваіх выступленьняў М. Гарбачоў у пазітыўным плане ўжыў Сьвятланіну абракадабру “У вайны не жаночы твар”. Значыцца, чытаў, глядзеў, успрыняў, як сваё, без такіх глыбокіх пратэстаў, якія бушуюць ува мне. Апрача ўмоваў выхаваньня, чалавек нешта ж атрымаў, нейкія задаткі ад бацькоў. Гены – вельмі моцны фактар. І, нарэшце, сам чалавек.: адзін фармуе свае перакананьні паводле нейкіх прынцыпаў, другі, схаваўшы, а пасьля і забыўшы тыя прынцыпы, рабіў і з цягам часу нават пачаў думаць так, як выгодна, скажам, уладам. Пасьля такія людзі ўжо цьвёрда верылі ў правільнасьць сваіх перакананьняў, у карыснасьць іх для грамадства. Яны якраз і прасоўваюцца на найвышэйшыя ступені ўлады..