Выбрать главу

Вядома ж, адно з другім і нельга параўноўваць - пераклады надта штучныя, драўляныя, драцяныя, якія хочаш, толькі гэта не Гарун.

У вершы “Паэту” апусцілі першыя рыфмы:

Што кажаш мне, паэт, а праўдзе тэй, што будзе?

Мне сэрца кроіцца ад крыўды нашых дзён!

Я бачу й добра сам: ідуць да праўды людзі,

Расьцець яе жаўнер, і шырыцца загон.

Марудна, братачка! I покуль сонца ўзыйдзе,

Дык вочы выесьць нам салоная раса,

I покуль першы дзень людзкога шчасьця прыйдзе,

Мільёны сэрц праткне гароты злой каса.

Як бачым, адкінуты, можна лічыць, завершаны твор, сэнс усяго арыгінальнага вершу. Ды які сэнс! Тут такая сімволіка, якая пакуль яшчэ пасуе і да сённяшніх часоў з якога хочаш боку. Хочаш з матэрыяльнага, а хочаш з нацыянальнага. Хочаш у Азіі - Афрыцы, хочаш у Амерыцы - Еўропе. А хочаш, дык дапасуй і да эсэсэсэра з бэсэсэрай.

Хто ж гэта так “падкараціў”? Перакладчык ці публікатар?

Тым не менш, у цэлым я ўзрадаваны фактам. Пазваніў Рагойшу, каб выка- заць сваё захапленне. Міла пагутарыў з сімпатычнай Таццянаю Вячаславаўнаю, паколькі “віноўнік” адсутнічаў.

А 16-ай гадзіне прыйшоў на сход у СП. “Выбралі” дэлегатаў ад пісьменніцкай арганізацыі на ўстаноўчы з’езд Фонду культуры. Трэба было выбраць восем чала­век, столькі ж і “зрабілі”. Кіравала Галіна Васілеўская. У выніку яна запісала (калі не зрабіла гэтага загадзя) наступных дэлегатаў: Янка Брыль, Васіль Быкаў, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Арсен Ліс, Максім Лужанін, Адам Мальдзіс, Леанід Прокша.

Анатоль Вярцінскі хацеў пераблытаць карты Г. Васілеўскай. Ён спахапіўся, што сярод названых кандыдатаў няма Максіма Танка, прапанаваў вылучыць яго абавязкова, “можна замест Вярцінскага”. Пры маўклівай падтрымцы Н. Гілевіча Васілеўская “адбіла” саматужную прапанову, яна сказала, што “у Танка вельмі багата і так усякіх нагрузак”.

Цікава, навошта ўнеслі ў гэты спіс Прокшу? Пісьменнік? Дзеяч культуры?

9 красавіка 1987 году. Сёння Вячаслаў Рагойша пазваніў мне сам. Усё, што я хацеў, сказаў асабіста яму. Пагаварылі даволі доўга. Я паўтарыў яму тое, што казаў учора у СП:

Карыстаючыся “сталічнай падтрымкаю”, трэба дамагацца правесці святка- ванне 100-годдзя Алеся Гаруна хоць і са спазненнем, хоць сціпла. Абавязкова з надрукаванымі мастацка аформленымі запрашэннямі з партрэтам Юбіляра. З аглядным рэфератам-дакладам, з некалькімі выступленнямі, з мастацкім чытаннем. Людзі з задавальненнем прыйдуць.Думаю, калі добра рыхтаваць гэты вечар, дык і не варта спяшацца - усё роўна спазніліся. Цяпер задача - добра падрыхтаваць. А да такога свята можна паспець і выпусціць факсімільна “Матчын дар”. Я дапамог бы наладзіць справу.

Замыкаць гэта ў Мінску - нельга. Юбілей вернутага народу яго песняра трэба правесці хаця б па лініі Таварыства аматараў кнігі - паўсюдна!

20 красавіка 1987 году. Усе пасхальныя дні правёў у Мінску прафесар Макмілін. Побач з Вераю Рыч гэта самы відны беларусазнаўца ў Англіі - літаратуразнаўца, крытык, перакладчык. Яны з Вераю Рыч зрабілі нямала дзеля распаўсюджвання ў Англіі беларускай літаратуры, ведаў пра Беларусь. Здавалася б, што такіх людзей трэба тут на руках насіць, заахвочваць. Але гэта можа быць у нармальных людзей, у нармальных краінах, а не тут.

Не можа быць, каб я не пісаў, як дзякуючы Алесю Бажко афіцыйная Беларусь, праўдзівей БССР, адвярнулася ад абодвух гэтых англічан. Бажко паназываў іх шпіёнамі - ні больш, ні менш.

I вось цяпер Макмілін у Мінску!!! I ад яго шарахаецца мясцовае літаратуразнаў- чае начальства. Зусім не выкарысталі ягоны побыт тут, каб правесці якое-небудзь карыснае мерапрыемства ў Акадэміі ці па-за яе сценамі, каб выказаць адзнакі ўдзячнасці англічаніну за яго службу беларускай літаратуры.

Афіцыйна да Макміліна прыставілі аднаго Леаніда Казыру - і дзеля навукі і дзеля атракцыі. Астатнія альбо не ведалі пра гэты “непажаданы(!)” візіт, аль- бо ўнікалі “шкодных” сустрэчаў. Добра яшчэ, што Л. Казыра з ім. Гэта далёка не найгоршы варыянт. Леанід нават прымаў самастойна некаторыя рашэнні, звязаныя з гэтай часовай сваёй місіяй. Напрыклад, ён арганізаваў у Iнстытуце літаратуры вузкую сустрэчу супрацоўнікаў з Макмілінам, на якой прысутнічала ўсяго толькі чалавек чатыры. Адзін з кіраўнікоў асудзіў гэту незапланаваную сустрэчу. Галя засталася задаволена першым сапраўдным выпрабаваннем сваіх ведаў у англійскай мове. Ёй пашанцавала даволі доўга гаварыць з англічанінам па-англійску! Яна, паводле прапановы Леаніда Казыры, прачытала яму некалькі сваіх перакладаў з Бёрнса.