Выбрать главу

Лёня едзе з нейкай скамплектаванай у Маскве пісьменніцкай групаю. На чале яе - Юрый Сураўцаў. З беларусаў уключылі яшчэ і Святлану Алексіевіч.

Праз “Trybune ludu” я даведаўся пра эмісію ў Польшчы знакаў паштовай аплаты, прысвечаных візіту Яна Паўла II. Папрасіў Лёню прывезці мне што- небудзь з гэтай “papieskiej emisji”. Паабяцаў. Шкада толькі, што ён не філатэліст, а значыць, і цяжка яму будзе разабрацца ў філатэлістычных тонкасцях.

Аднак найвялікшае шкадаванне варта выказаць з прычыны таго, што сам я ў гэты светлы папскі час не там. Дый не толькі ў гэты! Дый не толькі там!

20 чэрвеня 1987 году. Два дні таму ў газеце “Советская культура” з’явіўся ар- тыкул Андрэя Чаркізава (А. Черкизов) пад назваю “Пра сапраўдныя каштоўнасці і ўяўных ворагаў” (О подлинных ценностях и мнимых врагах”). Гэта зноў пра так званыя гісторыка-патрыятычныя аб’яднанні накшталт “Память” - у Маскве і Навасібірску, “Отечество” - у Свярдлоўску, “Спасение” - у Ленінградзе.

Думаю, што цяпер ужо няма сумнення ў чарнасоценным характары дзейнасці і намераў гэтых ультра-патрыятычных руска-шавінісцкіх арганізацыяў. Малойчыкі з гэтых арганізацыяў празмерна заклапочаныя нібыта наяўнасцю ў СССР нейкай “сіянісцка-масонскай змовы”.

Цікава, што гасцямі і ўлюбёнымі лектарамі гэтых экстрэмісцкіх арганізацыяў, прынамсі навасібірскай і маскоўскай “Памяці”, з’яўляюцца такія таксама “арыгінальныя” людзі, як Е. Яўсееў, У. Бягун і А. Раманенка. Гэта аўтары публікацыяў - “канцэпцыяў” таго “загавару”, што палохаюць, дэзарыентуюць і раз’юшваюць блізкіх сабе па духу чытачоў і слухачоў.

Газета паведамляе, што, напрыклад, кнігу нашага земляка Уладзіміра Бягуна “Паўзучая контррэвалюцыя” ў 1975 годзе практычна цалкам перадрукаваў у сваім афіцыйным выданні лонданскі інстытут яўрэйскіх праблемаў Сусветнага яўрэйскага кангрэсу. “Атрымліваецца, - кажа А. Чаркізаў, - што такая праца стала выгаднай Захаду?”

Дакаціўся Бягун! А колькі разоў я шчыра казаў яму пра маё адмоўнае стаўленне да яго пісаніны, да яго лектарскай дзейнасці. Я не раз кідаў яму ў твар абвінавачанні, што ён ставіць знак роўнасці паміж яўрэйствам, іудаізмам і сіянізмам. Крыўдаваў, спрачаўся нават тады, калі я яму давёў гэта на той самай ягонай “кнізе”.

Трэба даведацца ў М. Гроднева, як пачувае сябе гэты “герой” дня.

21 чэрвеня 1987 году. Два гады “бушуе” па СССР дух пераменаў. Гэтыя словы не бяру ў іранічнае двухкоссе, бо сапраўды гэты дух адчуваю. Перш за ўсё ў пасмялелым друку. I бадай што больш нідзе.

Сёння выбары ў “мясцовыя Саветы народных дэпутатаў і народных суддзяў раённых (гарадскіх) народных судоў БССР”. Так менавіта белай “вывараткаю” па чырвонаму тлу і напісана ў паштоўцы-напамінку з лозунгам “Усе на выбары”.

У сваю кватэру мы атрымалі чатыры такія “запрашэнні” - на кожнага з нас. Мне добра запомніліся такія яшчэ з 1939 году. Розніца паміж тымі і гэтымі ўсё- такі ёсць: тады яны друкаваліся на шчыльнай тоўстай паперы, а можна сказаць і на тонкім кардоне, як добрыя савецкія паштоўкі, я цяпер - на тонкай паперы. Відаць, краіна ў гэтых адносінах яшчэ бяднейшая стала!

I вось цяпер, у самы разгул савецкай дэмакратыі, “выбары” амаль паўсюдна адбываюцца як і тады - з адным кандыдатам на адно дэпутацкае месца. Які сорам! Ніхто цяпер і не лічыць гэты спектакль за выбары. На іх можна ўжо і не хадзіць, але ж твой “голас” абавязкова павінен быць там. Як гэта робіцца? А вельмі проста: ідзе і галасуе за ўсіх сваіх нехта адзін з сям’і, ці адзін з камуналкі, пад’езду, дома і да т. п. Пакуль мы спалі М. М. схадзіла і за ўсіх (!) “прагала- савала” (?). Кажа, што, як і заўсёды, як і ўсім энтузіястам-“выбаршчыкам”, ёй з задавальненнем выдалі на ўсіх бюлетэні, якія яна оптам і апусціла ў урну, не паглядзеўшы, за каго і куды “галасуе”.

Вось якой якасці нашы галасы аддаюцца за савецкую ўладу! Актыўны пасіў!..

Як і заўсёды раней, на выбарчым участку “давалі” дэфіцыты. М. М. бачыла там зялёныя кубінскія апельсіны і раман Віктара Астаф’ева “Цар-рыба”...

22 чэрвеня 1987 году. Вось чаму Галя ледзь не цэлы тыдзень была з павы- шанаю тэмпературай, абыякаваю да ўсяго і да ўсіх! А, можа, і не бачыла, і не заўважала нічога і нікога вакол сябе? Яна, як цяпер я зразумеў, “даношвала” ў сабе чарговы паэтычны твор. “Нарадзіла” - і адразу вярнулася ў жыццё.

Твор - самы большы з усіх яе ранейшых, недзе каля сарака пераважна ча- тырохрадковых строф. Шэсць невялічкіх раздзельчыкаў і ўступ. Спачатку уступ меў нават сваю самастойную назву - “Паэтычная хвароба”. Вельмі характэрна! Відаць, спярша аўтарцы думалася, што складаецца твор, як і ранейшыя. Але ўжо дадзеная яму назва сведчыць, што “роды” былі незвычайнымі. I праўда! Афармленне белавіка не прынесла супакаення. Стваральная “паэтычная хвароба” шугала яшчэ некалькі дзён.