Выбрать главу

А сёння, паведаміла фынка, недзе ў нейкай афіцыйнай камсамольскай уста- нове будуць аналізаваць і ацэньваць гэтае свята, зыходзячы са сваіх крытэрыяў. Гэтаму “разбору” папярэднічала “прафіліраванне” асобных настальгічных беларусаў у “кампетэнтным” органе. “Прафілявалі” іх з падпіскай “трымаць язык за зубамі”.

Пад “прафілактыку” трапілі тыя, хто падпісваў лісты М. Гарбачову аб ра- таванні беларускасці на Беларусі, хто патрабуе ратаваць Палессе, ратаваць Дзвіну і Падзвінне.

1 ліпеня 1987 году. Такая ўжо наша газета “Вячэрні Мінск”: мы яе атрымліваем не вечарам таго дня, за які яна выходзіць, а пасля дванаццатае гадзіны наступнага дня. І ўсё-такі мы яе выпісваем і чытаем. Хоць са спазненнем, а нейкая ўсе-такі “гарадская” інфармацыя ў ёй ёсць. І часам нават праўдзівая!

Вось у мяне ў руках “свежая”, учарашняя “Вячорка” (АТО 3295). “Калі будзе гарачая вада?” – пытаецца яна “вуснамі” свайго ўсяведнага Антона Вячоркіна. Аднак з двухсот радкоў тэксту, што прычэплены да гэтага пытання-загалоўка, адказу ніхто не знойдзе ні на пытанні пра тую ваду, што цячэ з кранаў, ні пра тую, што цячэ ў кватэры праз дзіравы дах і столі.

Наконт гэтай апошняй, дажджавой, вады жыхарам дому №160, што на вуліцы Убарэвіча, у ЖЭС №35 Заводскага раёну заўсёды адказваюць: “У нашым ЖЭС такіх дамоў 25. І ўсе адразу адрамантаваць мы не можам”.

Затое ў ЖЭС №58 Ленінскага раёну заўсёды абяцаюць: “Зробім у бліжэйшы час”. Абяцанкі ўсё даюцца, а тазікі вадою ўсё напаўняюцца і напаўняюцца…

Найгорш справы з уключэннем і адключэннем гарачае вады. З масы паве­дам­лен­няў-скаргаў на конт гэтага мне “імпануе” вось такое, якое з’яўляецца тыповым і для майго прыстанку: “19 мая ў нас вывесілі аб’яву аб адключэнні гарачай вады з 2 па 29 чэрвеня. Аднак без усякага папярэджання адключылі ваду ўжо 21 мая. І мы ўпэўнены, што гарачае вады не будзе ўсё лета, як гэта было апошнія 4 гады запар”.

Характэрная рыса гэтага сацыялізму: як толькі нешта сапсавалася, дык гэта ўжо на доўгія гады. А псуецца тут амаль усё і амаль бясконца.

2 ліпеня 1987 году. Вярнуўся Лёня (Леанід Дранько-Майсюк – рэд.) з Польшчы. Вечар правёў у нашай сям’і. Усім нам надзвычай было прыемна з гэтым разумным, сімпатычным, мілым маладым інтэлігентам. Адчуваю, што ён таксама пайшоў ад нас задаволены.

Натую, каб не страціць такую немалаважную звестку, якая прыгадалася мне ця­пер.

У канцы мая “ідэолагі” з ЦК КП Беларусі сфабрыкавалі запіску “наверх” пад прыкладнаю назваю “Аб неадкладных мерах па паляпшэнні кіраўніцтва маладзёжнымі аматарскімі аб’яднаннямі ў рэспубліцы”. Дакумент шматслоўны, каля 8-мі старонак машынапіснага, вядома ж, рускамоўнага тэксту.

Якіх толькі папрокаў у адрас моладзі не кідаюць гэтыя чужыя ёй дзядзькі! І што яна настварала падазроных экстрэмісцкіх груп тыпу “рокеры”, “волнисты”, “металісты”, “панкі”, “фанаты”. Асабліва гэта палохае сваімі маштабамі ў такіх гарадах, як Гомель, Гродна, Магілёў, Мінск, Орша.

Некаторыя ж з гэтых гарадоў дапусцілі яшчэ больш небяспечныя маладзёжныя аб’яднанні – палітычнага характару. Тут маецца на ўвазе “нацыянальны” ці нават страшны “нацыяналістычны” ухіл. Маланкі “дзядзькаў” шпурляюцца ў Мінскую “Талаку” і яе гомельскую цёзку, у гродзенскую “Паходню”. Аўтары гэтага афіцыйнага даносу вельмі незадаволены праведзеным гэтымі арганізацыямі водным ралі па Дзвіне 29 красавіка г.г. Гэта была, як мне вядома, выдатная патрыятычная акцыя, накіраваная на тое, каб узняць беларускае і латышскае насельніцтва супраць затаплення вялікіх плошчаў пад вадасховішчам праектуемай ГЭС.

Аўтары ж гэтага дакументу скуголяць, што натхніцелі ралі мелі на мэ­це распаліць нацыяналістычныя настроі сярод моладзі. Ёсць у запісцы вельмі непрыемны “партыі і ўраду” факт. Яго назвалі, каб, сказіўшы, апраўдацца: 7 красавіка прадстаўнікі савецкай улады забілі 26-гадовага гімнаста з Гродненскага фізічна-аздараўленчага камбіната – А. І. Каржылава. Заднім чыслом цяпер на яго навешваюць нейкія злачынствы. Матыў забойства – “попытка к бегству” (!!!). Далей нават паведамляецца, што магілёўскія “металісты” 24.IV і гомельскія “металісты” 15.V (дзень нараджэння забітага) правялі “Дзень помсты за бязвінна загінуўшага героя”. Прадугледжваецца ў сувязі з усім гэтым шэраг падкупальных, драконаўскіх, лазутна-шпіёнскіх і нават штрэйкбрэхераўскіх мер. Усё згадзіцца дзеля выратавання “марксісцка-ленінскай ідэалогіі”.

5 ліпеня 1987 году. Доўга шукаў прычыны свайго нечаканага ўзбуджэння, хвалявання. Аж нарэшце разабраўся, у чым справа. Гэта з радыёдынаміка няспынна даносяцца да маіх вушэй нейкія грубыя выкрыкі. Прыслухаўся і чую – нейкі дэбіл лае рэлігію, веру ў Бога, асабліва не шкадуе сліны на каталіцкую царкву і яе іерархаў. Падыходжу бліжэй. Якраз гэты чырвоны гебельс накінуўся на Яго Святасць Яна Паўла ІІ, пасля на польскае духавенства. Пропаведзі многіх названых ім ксяндзоў параўнаў з гебельсавай прапагандай.