Выбрать главу

11. Пры наяўнасці гучных лозунгаў пра “няспынныя клопаты аб чалавеку”, чалавек стаіць у краіне на апошнім месцы сярод яе асноўных і неасноўных клопатаў. Скажам, адзін урач даецца ў жывёлагадоўлі на 700-800 галоў, а ў грамадстве нашым – на 3 тысячы чалавек. Усе 70 гадоў СССР развіваўся за кошт бессаромнай эксплуатацыі сялянаў. У гарадах – метро, а 90% вёсак – непралазныя, непраходныя. Ёсць дзесяткі тысячаў прыкладаў жахлівай сацыяльнай няроўнасці ў савецкім грамадстве.

12. Краіну раз’еў бюракратызм. Трэба ўсякі партыйны, дзяржаўны, кіраўнічы апарат скараціць на 90%. Райкамы, абкамы і г.д. не маюць права ўмешвацца ў справы першых кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацыяў, установаў. Няхай займаюцца іх партарганізацыямі.

На працягу гэтай цікавай сустрэчы зала некалькі разоў выбухала гучнымі і працяглымі воплескамі. С. Шарэцкаму ўручылі на ўспамін новае выданне Янкі Брыля. Ён, дзякуючы за прэзент, сказаў, што любіць гэтага пісьменніка, свайго земляка. Варта было б паднесці такому дакладчыку і кветкі. Але ці не здагадаліся арганізатары, ці паленаваліся. А ў мяне кватэра тоне ў кветках, свежых, маглі б, каб ведалі, прыбегчы да мяне, тут усяго некалькі крокаў. Ёсць і цяпер арыгінальныя экземпляры, скажам, ружа “Хамелеон”: на адной сцябліне, ці кусце, і белыя, і ружовыя, і аранжавыя, і чырвоныя, дый кожная кветачка час ад часу мяняе колер – ад белага – да карычневага.

Былі і т. зв. спрэчкі – для пратаколу, для райкаму, паколькі мерапрыемства афармляецца як партсход. Цікавым было выступленне Барыса Сачанкі. Ён днямі прыехаў з Польшчы. Параўнаў сельскую гаспадарку СССР і тых краінаў, дзе ён быў. Пра Польшчу: мы ў гэтых адносінах і ад яе адсталі, сказаў ён, таму дэманстратыўна замоўчваем яе поспехі. Сказаў, што ў ПНР нераўнамерна развіваюцца розныя рэгіёны. Напрыклад, Лодзінскі рэгіён моцна адстае ад Поз­нанскага. А ўмовы быццам бы і аднолькавыя. У чым справа? – задумваліся палякі. Адказ знайшоўся: да рэвалюцыі ці да канца першай сусветнай вайны Лодзіншчына была пад Расіяй, а Познаншчына – пад Германіяй. А што тычыцца, скажам, Галандыі, – заключае Барыс, – дык нам яе наогул не дагнаць…

11 ліпеня 1987 году. Прымалі мы ў гасцях на дачы сімпатычную нам маладую пару К-аў – Ніну і Валодзю (Кухарэнкаў – рэд.).

Па дарозе на аўтавакзал на мяне ледзь не наляцеў Вячаслаў Дашкевіч. Ён хацеў з’ездзіць у Рыгу, але ўжо не было на гэты дзень білетаў. Замест Рыгі, кажа, паеду ў Заслаўль. Там у піку стыхійна праведзенаму нядаўна ў Строчыцах Купаллю будзе цяпер Купалле афіцыйнае, з цэнзураваным, вядома, сцэнарыем. Пагаварылі і пра заўтрашняе свята ў Вязынцы і наогул пра нашыя беларускія справы. Вячаслаў сказаў, што ім шкодзяць некаторыя “нашыя” экстрэмісты, як, напрыклад, той самы Сыс. “Часам ствараецца ўражанне, што гэта ён падасланы да нас. Так ці інакш яго дзейнасць карысна перш за ўсё дзяржымордам”.

Я не буду такім катэгарычным, але часам, аналізуючы Сысавы ўчынкі, я застаюся зусім не ў захапленні імі. Ён сапраўды правакуе тых самых дзяржымордаў на пагромныя дзеянні.

Вярнуўшыся з дачы дамоў, застаў на журнальным століку запіску ад Яна Скрыгана. Кліча заўтра да сябе на абед. Піша, што, паколькі паміж намі сапсавалася тэлефонная сувязь, дык ён прыехаў да мяне сам і запіску напісаў на гэтым жа журнальным століку.

Вядома, трэба ехаць. Я перадаў ужо сваю згоду і падзяку. Паважаю гэтага Чалавека – шматгадовага вязня самых бесчалавечных у свеце савецкіх турмаў, катаржаніна на самых жорсткіх у свеце савецкіх катаргах, ссыльнага надакучлівых, звышпадкантрольных, самых суровых на свеце савецкіх сібірскіх ссылак.

12 ліпеня 1987 году. Вярнуліся ад Скрыганоў позна вечарам. Было ў іх і ўтульна, і весела, і слёзна. Слаўная энергічная Ганна Міхайлаўна – верная і самаадданая спадарожніца пакутніка Яна Аляксеевіча. Хутка ўжо 40 гадоў, як яна з ім. Пасля другога яго арышту і высылкі ў Сібір яна паехала туды і адбыла гэтае пакаранне разам з ім.