Выбрать главу

12 мая 1985 г. Толькі што разьвітаўся са сваімі супрацоўніцамі. Прыехалі а дванаццатай гадзіне на выдавецкай машыне: Жана Сьцяпанаўна, Паліна Сяргееўна, Ніна Яфімаўна, Вірынея Пятроўна. У такім парадку яны і сядзелі каля мяне. Малайцы! Усе яны мне заўсёды сімпатычныя. Сьпецыялісты бездакорныя. Яны патрэбныя выдавецтву і выдавецтва іх цэніць.

Цяпер больш грунтоўна пазнаёміўся са справамі ў калектыве. Там ужо новы загадчык рэдакцыі прозы – Мікола Сяргеевіч Кусянкоў. Кажуць, што прывыкае да калектыву, а той – да яго. Нічога. Спадзяюся, што ўсё будзе добра. Ён быццам бы прыстойны чалавек. Ведае літаратуру, сам валодае добрым стылем і, што яшчэ важнейшае на гэтай пасадзе, густам. Невядома толькі, наколькі моцна ён трапіў пад уплыў І. Пташнікава і Б. Сачанкі. Каб толькі не глядзеў на літаратуру іх вачамі. Тады будзе баяцца ўсяго новага, усяго сьмелага. Карацей, будзе традыцыйнікам, будзе трымаць у плане толькі такія “спакойныя” творы. Ну, паглядзім…

Сёньня толькі па-сапраўднаму пазнаёміўся з прывезенаю Васілём Жуковічам газетаю “Літаратура і мастацтва”. Газета выйшла ня ў свой дзень, ня ў пятніцу, а ў чацьвер. Затое “якраз” у Дзень Перамогі, 9 мая. Гэта і паклала свой адбітак на нумар, хоць яны даўно ўжо “жывуць” толькі гэтаю Перамогаю. Перш за ўсё мне кінулася ў вочы зноў абвінавачваньне “англа-амерыканцаў” за “жахлівую бамбардзіроўку Дрэздэна”. Я гэтае абвінавачаньне ўжо з месяц назад занатаваў у бальніцы, прачытаўшы нейкі матэрыял, здаецца, у “Правде”. Цяпер вось і ў беларускай літаратурнай газеце падхапілі гэта. І больш таго, тут ужо такое самае абвінавачаньне высунулі і за Патсдам.

Добры паэт Анатоль Вярцінскі зьмясьціў тут урывак са сваёй новай паэмы “9 мая ў Патсдаме”. У ёй верш перасыпаны вельмі эмацыйнымі, хоць і празаічнымі, адступленьнямі-каментарамі. Дык вось ён і паведамляе ў адным з іх, непамерна доўгім, як для вершаванага твору, наступнае: “Супрацоўніца акружнога аддзелу культуры “ўсхвалявана” дзякавала СССР, што ён падарыў “добры лёс яе народу”, расказала, як савецкія салдаты пад кіраўніцтвам ст. лейтэнанта Яўгена Фёдаравіча Лічувейта, мастацтвазнаўцы па прафесіі, выратавалі, рызыкуючы жыцьцём… “парк Сан-Сусі і яго палацы”…

А вось роля ЗША і Англіі. Расказваючы пра Дрэздэн, Маргош Густ кажа: “…Нешта падобнае перажылі і мы, патсдамцы, у ноч з 14 на 15 красавіка. На працягу 30 хвілінаў брытанскія бамбардзіроўшчыкі скінулі на горад каля 1800 тон сьмертаноснага грузу і спапялілі многае з таго, што будавалася стагоддзямі, у тым ліку і шмат значных скарбаў культуры.” Якраз пасьля гэтых словаў і даецца параўнаньне: “А вашы салдаты…” і г. д.

Шкада мне, што Анатоль спакусіўся на такую танную (хоць зьнешне быццам бы выйгрышную) прапаганду.

Вайна дык вайна! І я “ваюю”. На гэтай самай 11-й старонцы зьмешчаны нейкі велікаваты матэрыял “Фарбы аддаваць мастаку…”. Пад ім подпіс: “Юры Папоў. Масква”. Мастак расказвае аўтару артыкулу: “Пад Пышна фашысты зьнішчылі вёску Слабодка, яна прымыкала да нашай зоны. Карнікі вырашылі такім чынам адпомсьціць партызанам за выбухі на чыгунцы і рэйды… Паехалі ў Слабодку. Там убачылі хлеў, а ў ім… Спачатку здранцьвеў, жудасна было глядзець на абезгалоўленыя целы старых, дзяцей… Дзевяноста сем чалавек гітлераўскія вандалы, расстраляўшы, абезгаловілі, склалі ў хляве і падпалілі, але полымя патухла…”

Сапраўды жахліва. Сапраўды вандалы. Гісторыя не забудзе гэтага ніколі! Але ж мы ўбачылі тут і прычыну нямецкіх зьверстваў – партызанскія дыверсіі. Каб не яны, сотні тысячаў беларусаў уцалелі б, не было б такой дзікай расправы над мірным насельніцтвам...

20 мая 1985 г. Апошнія дзянёчкі тут, у Аксакаўшчыне. Да дванаццаці гадзінаў працэдуры ўсе прынятыя, хоць іх засталося дый было наогул ня так багата. Аднак атрымаўся адзін “збой”: прыём у доктара быў прызначаны на дзесяць гадзінаў дваццаць хвілінаў. Цяпер 12.30, а яго ў кабінеце няма. Кажуць, што сьпярша хадзіў прымаць ці правяраць нейкую новую апаратуру – ён жа загадчык аддзяленьня. Пасьля пачаў бегаць, высьвятляць, чаму “сарваўся” сёньня заезд у санаторый яго пацыентаў. Чакаўся заезд аж сямнаццаці чалавек, а заехала толькі чатыры. Вось так адразу і склалася невыкананьне “ложкамесцаў”. Ну, як-небудзь за дзень прайду праз яго кабінет, хоць не хацелася б быць прывязаным да яго цэлы дзень.

Раніцаю, у час сьнеданьня, абвясьцілі, што замест “вялікіх танцаў” будзе паказаны італьянскі фільм “Цана перамогі”. Гэта той самы фільм, які загадчык аддзелу культуры Менскага абкаму партыі А. Стрыжэвіч хацеў не пусьціць на экран вобласьці. Прычына: “занадта многа бойкі”. Далажыў першаму (тады быў яшчэ Мікуліч). Гэты не пайшоў “правяраць”, паслаў другога (Князюка), а той скеміў захапіць з сабою “гасьцяваўшага” ў іх інструктара ЦК КПСС. Паглядзелі разам з І. Дарашкевічам, які ўсё гэта і расказваў, вырашылі – пусьціць на экраны. Прызналі, што “бойкі” там вядуць прагрэсіўныя элементы супраць рэакцыйных.