Выбрать главу

9 кастрычніка 1987 году. На пасяджэнні секцыі мастацкага перакладу абмяркоўваліся вынікі Першага Міжнароднага семінару перакладчыкаў беларускай літаратуры. Ужо ў дзверы стукаецца ІІІ-е тысячагоддзе, а нашы “патроны” толькі збіліся на першы такі семінар. Дзякуй і за гэта. Ёсць такі настрой праводзіць іх заўсёды праз адзін год. Няхай сабе і так.

Але ж пажадана, каб гэтыя семінары сапраўды былі міжнароднымі. На гэты ж нават і мэту такую не ставілі. Разаслалі запрашэнні толькі ў еўрапейскія сацыялістычныя краіны.

Прысутнічалі літаратары з Балгарыі – 5 чалавек; Венгрыі – 2; ГДР – 2; Польшчы – 6; Чэхаславакіі – двое з Чэхіі і адзін са Славакіі; з Югаславіі – адзін чалавек. Усяго дзевятнаццаць перакладчыкаў. Сярод іх былі і зусім выпадковыя асобы, якія ні радочка беларускага не пераклалі і, мабыць, і не збіраюцца.

Вядома ж, што такіх сяброў беларускага слова, як прафесар Карлава універсітэту Вацлаў Жыдліцкі, цяжка больш назваць. Гэты дасканала ведае нашую пісьменнасць, заахвоціў ёю немалую групу таленавітых маладых літаратараў, стварыў такім чынам цэлую школу пераклыдчыкаў беларускай літаратуры. І перакладзена там нямала! Больш за трыццаць кніг пятнаццаці аўтараў.

А ўсяго за апошнія дзесяць гадоў у сацыялістычных краінах выдадзена больш за 160 кніг нашых пісьменнікаў. За гэты ж самы тэрмін беларускія выдавецтвы выпусцілі больш за 120 кніг аўтараў гэтых краінаў.

Семінар ўсё-такі рэгіянальны, таму і статыстыка гэтая адпавядае яму.

Мабыць, доўга яшчэ будзе фіксавацца галоўны недахоп у гэтай справе – пераклад імі кніг беларускіх аўтараў, як правіла, з рускіх выданняў, значыць, пераклад з перакладу.

Таксама і яны вельмі часта перакладаюцца на беларускую мову з дапамогай рускіх перакладаў. Апрача, канечне, літаратуры польскай, балгарскай, нямецкай, а ў апошнія гады і чэшскай, славацкай. Зусім не асвоілі мы, як след, літаратурныя кантыненты Венгрыі, Румыніі, многіх народаў Югаславіі, не кажучы ўжо аб усёй Азіі і Афрыцы. Вось тут-та “партыя і ўрад” і павінны былі б паставіць гэтую важную праблему на дзяржаўны ўзровень і рашаць яе, а не чакаць, што яна сама сабою вырашыцца. А што такое “чаканне” ёсць, сведчыць тое, што гэтыя органы штогод патрабуюць ад выдавецтваў і Саюзу пісьменнікаў “падрабязных” звестак, з якіх моваў перакладаецца ў БССР літаратура непасрэдна?

А трэба б не проста звесткі браць, а, вывучыўшы іх, зрабіць дзейныя высновы: наладзіць раз і назаўсёды вывучэнне беларусамі моваў, патрэбных для літаратурна-культурных сувязяў. І ў сваіх навучальных установах і пасылаць студэнтаў туды.

Патрабуе дзяржаўнага патранату і справа адваротная – арганізацыя вывучэння беларускай мовы ў іншых краінах. Пачаць з арганізацыі вывучэння яе іншаземцамі ў інстытутах і універсітэтах Беларусі.

Але ж нешта трэба рабіць! Само нічога не зробіцца. Актыў паліглотаў, што ўзнік пры створаных і рэарганізаваных мною пяць год таму назад альманахах “Далягляды” і “Братэрства” – гэта было наша роспачнае саматужніцтва, наш роспачны энтузіязм! Бясплатны! А сюды патрэбны немалыя казённыя асігнаванні, паколькі прыватныя асацыяцыі гэтага профілю ў СССР забаронены.

Дык давай, дзяржаўка, пакажы, на што ты здольная!

11 кастрычніка 1987 году. Напэўна, апошні раз сёлета так расквецілася нашая кватэра. Сёння сюды былі дастаўлены з дачы ледзь не ўсе кветкі, што там яшчэ дагэтуль цешылі адно толькі неба і, можа, зрэдку чыё-небудзь выпадковае вока.

Ва ўсіх пакоях пасля доўгай карпатлівай творчай працы расставілі 12 букетаў і мудрагелістых кампазіцыяў. Можна было б зрабіць з іх яшчэ столькі цудоўных “адзінак”. Але ж вырашылі “не быць скупымі”, хоць і “дзелім” ужо апошнія дары сонца.

Больш за ўсё было астраў. Усё-такі яны ў нас пануюць у такі час. Не ўступаюць свайго месца нікому. Нават хрызантэмам. Ёсць яшчэ і рэшткі ружаў, бо астры цяпер іх ужо “не прызнаюць”, як, зрэшты, і гладыёлусаў. Вось гэтыя дык сапраўды страцілі сваю былую пыхлівую прыгажосць. Сімпатычна выглядае яшчэ мангрэцыя кракасмакветная. У нейкую кампазіцыю добра ўпісаліся і сціплыя аксаміткі. Па-ранейшаму цешыць кожнага серабрыстая кучаравая гіпсафіла мяцельчатая. Яна і сама па сабе не патрабуе ніякай “падстрахоўкі”, мае адмысловы выгляд. А як можна выратаваць, узняць у значэнні што-небудзь зусім непрыкметнае, калі скампанаваць яго з ёю. Мабыць, і лебяда са свірэпаю заганарыліся б у яе аправе, не кажучы ўжо пра бадзяковыя калючкі!

Самы багаты букет атрымаўся з сімпатычных даволі высокіх кветак, якія Галя чамусьці назвала, мабыць, жартам, “чартапалохам”. Вось гэты “чартапалох” ушанаваны быў самай дарагой крышталёвай вазаю і самым цэнтральным месцам. І вось ён красуецца – шырокі, сантыметраў пад шэсцьдзесят вышынёю, яркі фіялетава-жоўта-зялёны. Кожны названы колер – класічны, чысты. Форма кветак – круглая, ў сярэднім шэсць сантыметраў у радыусе. Сама кветка – гэта больш за сотню даўгаватых (~1,5 см) вузенкіх (~1-5 мм) фіялетавых пялёсткаў, размешчаных вакол сваёй сарцавіны “махрова”, у некалькі “паверхаў”. Сярэдзіна – светла-карычневая спачатку, а падчас “красавання” – яна жаўцее за кошт выскачыўшых з гэтай сярэдзіны і драбнюсенька зацвіўшых нібы жоўтай пыльцою тычынак. У гэты час сярэдзіна ўяўляе сабою самастойную прыгажосць – павялічваецца ў памеры да двух і болей сантыметраў, спярша жаўцее па ўсяму краю, а пасля – цалкам. Яе зялёныя лісцікі – таксама вузкія (5-6 мм), прадаўгаватыя (да 4 см). Гэта не травяністая расліна, а паўхмызняк.