Ну, раз пра кветкі, дык не зашкодзіць яшчэ раз прыгадаць мае “юбілейныя” гваздзікі. Нядаўна яны пусцілі новыя пупышкі. Тры з іх вось-вось растуляцца і парадуюць нас вялікімі махровымі кветкамі! Гэта ж з сакавіка ўсё цвітуць! У якасці падзякі ім я ўмацаваў іх тэлевізійнай антэнай.
14 кастрычніка 1987 году. Адбыўся т. зв. арганізацыйны пленум ЦК КП Беларусі. Яго склікалі тэрмінова, каб выбраць другога сакратара Цэка.
Генадзь Барташэвіч, які займаў гэтую пасаду, адкліканы ў Маскву і будзе прызначаны Надзвычайным і паўнамоцным паслом СССР у КНДР. Пакуль будзе апублікаваны ўказ пра гэту яго ганаровую ссылку, яго там некаторы час сяму-таму павучаць. У прыватнасці таму, як палачкамі есці рыс і як кланяцца “Светламу Сонцу Нацыі, Мудраму Бацьку, Цярпліваму Настаўніку, Самаму Паважанаму і Любімаму Правадыру Кім Ір Сену”.
З Барташэвічам сыгралі нядобры жарт. Яму прапаноўвалі такую пасаду ў Фінляндыі, а ён кінуўся ў амбіцыю, мабыць, хацеў у Крэмль. Тут яму і падкінулі гэты канцлагер, праўда, сацыялістычны і нават называецца “народна-дэмакратычны”.
У нечым, нават ува многім, лёс папярэднікаў Г. Барташэвіча нагадвае ягоны лёс: Аляксандр Аксёнаў з другога сакратара ЦК КПБ трапіў спярша прэм’ер-міністрам БССР, а адтуль – у такую ж ссылку, толькі ў Польшчу. Шлях апошняга дакладна паўтарыў Уладзімір Бровікаў, якога Барташэвіч мяняў у ЦК КПБ. Цяпер можам сказаць, што “ранг” пасла ў Польшчы прыбраў вагі: Бровікава там будзе мяняць зноў беларус, але ж ужо не “Прэм’ер”, а… “Прэзідэнт”, пяцідзесяцігадовы Георгій Таразевіч, дарэчы, самы таленавіты з цяперашніх беларускіх кіраўнікоў.За гэта і дамогся яму Яфрэм Сакалоў ссылкі.
Добра жывецца беларускім намеснікам: як толькі хто з найбліжэйшага яго акружэння перастане зазіраць яму ў рот, на ляту ловячы кожнае яго слова, тут такому “смеламу” і засвяціла Польшча.
Перад усімі названымі тут пасламі паняволі там пабываў будучы самазабойца Станіслаў Пілатовіч. Праўда, яго турнуў туды П. Машэраў з пасады свайго ідэалагічнага сакратара.
О колькі і цяпер з таго дома і з параднённых з ім дамоў такіх “дыпламатаў” таксама ў іншых краінах.
Аднак я моцна адхіліўся ад галоўнага. А галоўнае тут палягае якраз не ў тым, каго Паўночная Карэя ці Польшча атрымае ад СССР паслом, а ў тым, каго Беларусь атрымае, скажам, тым жа самым другім сакратаром. Дагэтуль, з нейкага часу заўсёды быў ім беларус. Цяпер жа, пры Гарбачоўскіх рэформах, спатрэбіўся… рускі. Ім стаў Николай Стефанович Игрунов – намеснік загадчыка аддзелу аргпартработы ЦК КПСС (!).
Робячы такія непажаданыя нацыянальныя змены ў галоўным органе “рэспублікі”, Гарбачоў нават вырашыў нікога ад сябе не пасылаць, каб тут растлумачыць свой “ход”, дый прадставіць сваю кадру.
Значыць, цяпер з пяці сакратароў ЦК КПБ ужо непасрэдна рускіх двое – гэты і “прамыславік” Ляпёшкін. Цяпер возьмем першага, Сакалова: ён, магчыма, пішацца беларус, аднак гэта рускі з зацятай стараверскай закваскаю. Астатнія двое – русіфіцыраваныя “беларусы”.
Такога ахаўскага становішча бадай што больш у ніводнай “рэспубліцы” няма.
15 кастрычніка 1987 году. Тэлемост “Крэмль – Капітолій”, з савецкага боку В. Загладзін, І. Лапцеў. З амерыканскага – Д. Мойнікен, С. Хойер.
Цяжка даводзіцца вучыцца дэмакратыі! Столькі “накладак”, столькі няўпэўненасці ў сабе, а таму і злосці. Але ж нічога, “таварышы”, вучыцеся весці палеміку адкрыта!
10 лістапада 1987 году. Антырэлігійная прапаганда апошнім часам узмацнілася. Займацца ёю партыйныя органы прымушаюць не толькі розныя грамадскія ўстановы. Зноў, як у самыя цемрашальна-рэпрэсіўныя гады, за гэтую справу ўзяліся ўсякія дзяржаўныя інстытуты. Вось адзін з іх – Усесаюзны навукова-даследчы інстытут медыцынскіх праблем фармавання здаровага ладу жыцця насельніцтва.