Выбрать главу

Пра “нефармальныя” аб’яднанні. Відавочна бачна палітызацыя гэтых сама­дзей­­ных арганізацый на базе далёкага ад сацыялізму плюралізму. Нярэдка лідэры іх кажуць пра “раздзяленне ўлады” на аснове “парламенцкага рэжыму”, “свабодных прафсаюзаў”, “аўтаномных выдавецтваў” і г.д. Значыць, галоўным пытаннем цяперашніх дыскусій у краіне з’яўляецца пытанне – ці прызнаваць кіруючую ролю партыі, рабочага класу ў сацыялістычным будаўніцтве, а значыць, і ў перабудове.

Вытворным ад гэтай ключавой праблемы сацыяльна-гістарычнага светапогляду з’яўляецца пытанне пра ролю сацыялістычнай ідэалогіі ў духоўным развіцці савецкага грамадства.

Ленін і яго саратнікі паслядоўна абаранялі “камандныя вышыні” навукова-пралетарскай ідэалогіі.

Прыгадаем. Ленін наконт пісаніны папулярнага тады сацыёлага Піцірыма Сарокіна і прафесара Вінера (яны, кажа Н.А., у параўнанні з тымі, што цяпер друкуюцца ў нас, выглядалі зусім “нявінна”): іх публікацыі з’явіліся толькі дзякуючы нявопытнасці работнікаў сродкаў масавай інфармацыі; “Рабочы клас хоць і змог заваяваць уладу, але карыстацца ёю яшчэ не навучыўся. Інакш, казаў Ленін, гэтых прафесараў і пісьменнікаў рэвалюцыйны пралетарыят “ветліва выправадзіў бы” з краіны. Дарэчы, хваліць Леніна і ленінцаў Н. А., “са 164 высланых у 1922 годзе згодна са спісамі УЦВК многія пасля вярнуліся назад і сумленна служылі свайму народу, у т.л. і прафесар Вінер”. Сёння пытанне пра ролю і месца сацыялістычнай ідэалогіі прыняла вельмі вострую форму.

Аўтары кан’юктурных вырабаў (“поделок”) пад эгідаю маральнага і духоўнага “ачышчэння” (двукоссе Н. А. (!)) размываюць грані і крытэрыі навуковай ідэалогіі, насаджаюць несацыялістычны плюралізм. Гэта аб’ектыўна накіравана супраць перабудовы ў грамадскай свядомасці. Хітрая Н. А. (ці ёй падказалі) завяршае свой антыгарбачоўскі маніфест словамі Гарбачова: мы павінны і ў духоўнай сферы кіравацца нашымі марксісцка-ленінскімі прынцыпамі. “Прынцыпамі, таварышы, мы не павінны паступацца ні з якіх прычын. На гэтым стаім і будзем стаяць, – закругляе Н. А. – Прынцыпы не падораны нам, а выпакутаваны намі на крутых паваротах гісторыі Айчыны.

20 сакавіка 1988 года. Хлопцы і дзяўчаты з “Талакі” склікалі, як яны правільна кажуць, на пляцы Волі веча ў інтэнцыі ў абарону Верхняга горада. Абараняць яго сапраўды трэба ад бюракратаў і метрабудаўцаў.

На пляц сышлося да тысячы чалавек – у асноўным моладзь. Былі і “дарослыя”, былі, вядома, і назіральнікі ад афіцыйных і кампетэнтных органаў. Бясконца пстрыкалі фотаапараты, паважна рухаліся перад натоўпам кінакамеры. Добра напоўняцца фота- кінатэкі журналістаў, аматараў і кадэбістаў!

Усё тут было незвычайна, як на савецкую краіну, і ўсё было здорава. Пачынаючы з (як кажуць любыя арганізатары) лёзунгаў і плякатаў. А яны паўсюдна калыхаліся над натоўпам. “Нас ашукалі!”; “Злачынцаў – да адказнасці!”, “Спыніць пракладку метро пад Верхнім горадам!”, “Верхні горад – экзамен перабудовы”, “Повернуть метро вспять!”, “Ратуйма!”…

Веча было далёка не ананімнае. На відным месцы пасярэдзіне плошчы стаяла вялікая шыльда “Арганізацыйны камітэт”. Непадалёку – плакат “Талака” з яе адрасам і рэжымам функцыянавання. Тут утыркнуты ў снег чырванеў таксама і “дзяржаўны флаг БССР” – каб не абвінавацілі бюракраты ў антысавецкім накірунку веча. Праўда, “флаг” жалю варты – папяровы, маленькі, з тых, што прасавецкія бацькі даюць у рукі сваім немаўлятам, калі бяруць іх з сабою на першамайскі мітынг. Але ўсё-такі ён, галоўны савецкі “сымбаль”, быў! Не будзе ж незаможная “Талака” траціцца на вялізны ядвабны флаг! Гэтыя рублі яна лепш унясе на рахунак-702 Фонду культуры на рэстаўрацыю аднаго з аб’ектаў Верхняга горада…