Выбрать главу

Тут на кардоне запрашэнне: “Запісвайцеся ў чаргу да мікрафону”. І сапраўды, побач, у чародцы прыгожых дзяўчат – Сяргеевых памочніц – нешта ўсё пішуць. Каля іх збіраліся і прамоўцы. А там, на самым лобным месцы, – любімец “нефармальнай” моладзі (і мой таксама), кіраўнік “Талакі”, мілы Сяргей Вітушка. Ён увесь палае. Агонь бачыш у яго вялікіх блакітных вачах, на яго, як мне здалося, запалых шчоках. Ледзь улоўна адчуваеш напружанне ва ўсёй яго стройнай постаці. Але вонкава ён нібыта нават спакойны, хоць, слухаючы яго, асэнсоўваючы тое, што ён кажа, немагчыма ў гэта паверыць. Проста хлопец можа валодаць сабою!

Ён з веданнем справы мілагучна расказаў гісторыю Верхняга горада. Адважна казаў пра метадычнае яго разбурэнне ў савецкі час, заклікаў стварыць масавы рух “Родны горад”.

“Пляц” аддзячыў самаахвярнаму юнаку гучнымі працяглымі воплескамі. Я б не прамяняў гэтага слаўнага юнака на ўсіх насельнікаў пяціпавярховага будынка ЦК ЛКСМБ, уключна з шасцю яго фюрэрчыкамі і мноствам унтэрфюрэрчыкаў. Сяргей – сапраўдны лідэр свядомай беларускай моладзі. Тыя ж – падгалоскі закаранелых бюракратаў, дэспаты аморфнай, нацыянальна бясполай і безаблічнай казарменнай масы.

Сяргей даваў слова кожнаму прамоўцу і сам трымаў ім мікрафон (апошнюю “дзею” камсамольскія бонзы палічылі б для сябе занізкай). Каля трох гадзін доўжыўся гэты цудоўны баль савецкай новай дэмакратыі! Выступіла шмат прамоўцаў вельмі розных паводле свайго ўзросту і поглядаў. Да мікрафона актыўна падыходзілі і веруючыя, запалоханыя перспектывай разбурэння дзеючага тут праваслаўнага храма ў былым касцёле бернардынак.

Упрыгожаннем сходу былі, акрамя самога Сяргея Вітушкі, мужныя змагары за беларушчыну – шматпакутны мастацтвазнаўца і глыбокі знаўца гісторыі свайго народа Зянон Пазьняк і малады звонкі наш паэт Анатоль Сыс. Абедзве гэтыя постаці заслугоўваюць спецыяльнага слова, бо Зянон Пазьняк – адпавядае крытэрыям сапраўднага народнага важака, а Анатоль Сыс – адзін з лепшых прадстаўнікоў беларускай “нефармальнай” моладзі, а зараз то і беларускай нефармальнай паэзіі.

5 красавіка 1988 года. Адбылося чацвёртае пасяджэнне нашай усё яшчэ нелегальнай Камісіі па ахове мовы. Запрашалі на яго некаторых вядомых пісьменнікаў. В.Быкаў паабяцаў прыйсці, але ж затрымаўся ў бальніцы. Прыйшлі Я. Брыль, Я. Скрыган і некаторыя іншыя.

Пасяджэнне вёў Пятро Садоўскі (з кіраўнікоў фонду нікога не было!). Абмяр­коўвалі праект праграмы дзейнасці Камісіі. Вельмі значнае дапаўненне ў яго прапанаваў Вячаслаў Жыбуль. Асноўны змест яго – характарыстыка сучаснага становішча беларускай мовы і супастаўленне гэтага з патрабаваннямі марксізму.

Усе выступленні былі цікавыя, прапановы – важныя. Праўда, мяне здзівіла выступленне Янкі Брыля. Ён узяў слова пасля мяне і спрабаваў аспрэчваць мае асноўныя прапановы. А яны датычыліся вызначэння ў прэамбуле Праграмы становішча беларускай мовы тэрмінам “лінгвацыд” і ўключэння ў яе палажэння аб прызнанні за ўсімі нацменшасцямі Беларусі роўных правоў з беларусамі на развіццё сваёй нацыянальнай культуры.

Пра “лінгвацыд” ён сказаў, што гэты тэрмін можа загубіць усю Праграму. Кіраўнікі рэспублікі, маўляў, не даруюць такога максімалізму ў нашых даку­ментах.

Што ж датычыць нашай падтрымкі культурных патрабаванняў іншых нацыянальнасцей, дык Янка Брыль сказаў, што ён наогул не бачыць на Беларусі нацыянальных меншасцей. Асабліва аспрэчваў наяўнасць у нас палякаў. “Палякі ўсе ў свой час выехалі ў Польшчу. А хто не выехаў – гэта не палякі, а католікі. Католікаў, праўда, у нас шмат. Але ж гэта – беларусы.”

Я падумаў, што недзе адначасна з гэтай нечаканай для мяне Брылёвай прамоваю яго біёграфы з захапленнем апісваюць ягоны “інтэрнацыяналізм”. Дый і сам ён лічыць сябе інтэрнацыяналістам!

З памяшкання “Старажоўская, 5” я выйшаў разам з Брылём і Скрыганом, паміж якімі сядзеў на гэтым сходзе. Па дарозе ў дадатак да ўсяго Янка Брыль сказаў яшчэ, што ён таксама супраць і Жыбулёвай праграмы. “Гэта небяспечнае палітыканства”, – сказаў ён.

12 красавіка 1988 года. У Рэспубліканскім Доме работнікаў мастацтваў Саюза тэатральных дзеячаў БССР (так цяпер называецца ранейшае “Мутнае вока” і яшчэ ранейшае “Архіерэйскае падвор’е”!) сёння адкрылі выставу “Шляхам Бацькаўшчы­ны”. Уласна кажучы, гэта дзве выстаўкі – мастакоў Ягора Батальёнка і Міколы Купавы. Прытым і ў таго, і ў таго – гэта першы шырокі выхад “на публіку”.