Выбрать главу

“Патэлефаную і падзякую Рыгору Васільевічу, – падумаў я. – Усё-такі прыемна час ад часу адчуць, што людзі памятаюць тыя мае легальныя і нелегальныя намаганні дамагчыся немагчымага”.

Нярэдка ж дамагаўся!

14 красавіка 1988 года. Выдаўся “тэлефанічны” дзень. Раніцай патэлефанаваў Янка Брыль. Дамовіліся з ім сустрэцца а палове 15-й гадзіны. Праз нейкую гадзіну ініцыятар гэтай сустрэчы адмяніў яе. Сказаў, што пераацаніў свае сілы, што яму пасля бальніцы будзе яшчэ цяжка ісці. Новая дамоўленасць: заўтра ён будзе ў Доме літаратара на спектаклі Надзеі Прымы “Маці урагану” (па п’есе Ул.Караткевіча); на жаль, я не буду там: праект праграмы моўнай камісіі, якую я даваў яму на азнаямленне, ён перадасць мне праз Галю і Ірынку.

Апоўдні пазваніў Рыгору Васільевічу. Падзякаваў за добрае слова. Ён быў усцешаны гэтай падзякай. Не менш, чым я ягоным словам пра мяне ў друку. Сказаў, што яму ўжо патэлефанавалі з гэтае нагоды В. Быкаў і Я. Брыль.

18 красавіка 1988 года. Вось як шыкоўна разгарнулася ЦК Кампартыі Беларусі да 500-гадовага юбілею найвялікшага сына Беларусі Францішка Скарыны:

“Постановление Бюро ЦК КПБ от 25 мая 1984 года “О 500-летии со дня рождения Франциска Скорины”.

Согласиться с предложениями, изложенными в записке отделов науки и учебных заведений, пропаганды и агитации, культуры ЦК КПБ по этому вопросу (прилагаются).

Секретарь ЦК КП Белоруссии Н. Слюньков”.

А што ж “изложено в записке отделов”?

Перш за ўсё прапануецца прыняць пастанову (мабыць, сапраўдную? так і паверым!) “в год, предшествующий юбилею”. Цікава, ці многа чаго можна паспець за год?! Хіба што абысціся без манументальнага ўвекавечвання!

“Але ўжо цяпер, – шчодра вяшчае тое Бюро, – неабходна даць канкрэтныя даручэнні адпаведным міністэрствам і ведамствам рэспублікі”.

Вось гэтыя “даручэнні”:

“1. В течение 1985 – 1987 гг. провести дополнительный поиск материалов и документов о Скорине в архивах и библиотеках СССР, ГДР, Польши, Чехословакии и других стран.

2. Госкомиздату БССР обеспечить переиздание оригинальных работ Ф. Скорины, а также лучших научных и научно-популярных трудов о его деятельности и творческом наследии. В 1985 – 1990 гг. издать альбом, буклет, посвященные Франциску Скорине.

3. Провести в 1988 – 1990 гг. республиканский конкурс на лучшее воплощение образа Франциска Скорины средствами искусства.

4. Белгоскино выпустить короткометражный фильм об истории белорусского книгопечатания, начатого Франциском Скориной.

5. Министерству местной промышленности БССР к 1990 году изготовить юбилейную медаль и другие памятные сувениры, а Министерству связи – издать в 1987 – 1990 гг. почтовые открытки, марки, конверты, подготовить юбилейный календарный штемпель.

6. Министерству культуры БССР до 1985 г. рассмотреть вопрос о создании в республике музея книги”.

І што ж у выніку гэтага “мудрого руководства и неустанной заботы” мы атрымалі?

Кнігу прадмоў і пасляслоўяў Юбіляра.

Некалькі выданняў пра Яго дзейнасць.

Адзін альбом і адзін буклет (!!!).

Адзін кароткаметражны фільмік-панегірык пра росквіт у БССР выдавецкай справы (!).

Адзін памятны медаль (!!!), некалькі безназоўных сувеніраў – мабыць, накшталт кніжных закладак.

Адну паштоўку (!!!).

Адну марку (!!!).

Адзін (!!!) канверт.

Вось і “непасрэдны” ўклад “партии и правительства” ва ўшанаванне генія Скарыны! А другая такая ж зручная магчымасць будзе толькі праз… 500 гадоў!

Пра конкурс я не забыў. Але ж мастакі будуць “увасабляць вобраз Ф.С. сродкамі мастацтва” незалежна ад якой бы там ні было пастановы. Нават, калі б забаранялі “ўвасабляць”! А забараняць яны ой як спрытна ўмеюць! Нават у гэтай пастанове-“запісцы” яны чорным па белым забаранілі, лічы, самае галоўнае. Яны не пасаромеліся гэты свой дакумент завяршыць вялізным абзацам-табу наступнага сэнсу:

“Отделы ЦК КПБ считали бы целесообразным воздержаться от:

– учреждения Государственной премии БССР имени Франциска Скорины в области истории и культуры, поскольку существующая в республике система Госпремий дает полный простор для поощрения достижений в этой области;

– присвоения имени Ф. Скорины улицам, школам, высшим и средним специальным учебным заведениям и др.”.

Здаецца, аддзелы раяць Бюро ЦК “устрымацца” і ад узвядзення помнікаў Юбіляру, паколькі ўжо адзін ёсць. Аддзелы “раяць”, Бюро прымае гэтую “параду” і ператварае яе ў загад.