Выбрать главу

Ну што ж, будзем “раіць” і мы! ЦК ж пусціў вялікую справу на самацёк. Ні разу не правяралася выкананне і гэтага жалю вартага мізеру. У нас гатовы грунтоўны праект праграмы ўшанавання свайго вялікага гуманіста.

19 красавіка 1988 года. Сустрэча з начальнікам Галоўліту БССР, з обер-цэнзарам Беларусі Аляксандрам Маркевічам. Дамоўленасць пра гэтае спатканне была ў нас яшчэ ў пачатку красавіка. Мэта “акцыі” – ад імя грамадскасці (Гісторыка-мемарыяльная камісія Беларускага Фонду Культуры) паставіць пытанне аб тэрміновай адмене забароны на творы беларускай літаратуры, накладзенай савецкай цэнзураю.

Мы сядзелі ў вялікім няўтульным яго кабінеце, у якім, відаць, ніколі нічога не мянялася, апрача самога гаспадара. Адлік гэтага “ніколі” трэба весці недзе з 1940-х гадоў, ад моманту засялення цэнзарамі гэтага будынка на вуліцы В.Валадарскага (чытай: Чэкісцкай1).

Старая грувасткая мэбля, і той няшмат, голыя сцены – толькі з Леніным над галавою адзінага туташняга насельніка. Акрамя начальніцкага стала-гары ў вочы кідаецца яшчэ “букет” – адзінае ўпрыгожанне кабінета (партрэт правадыра не цягне на гэта). Ён стаіць у высокай керамічнай вазе на высокім танканогім квадратным століку і ўяўляе сабой некалькі доўгіх кляновых галін з мноствам жоўтых вялікіх лістоў на іх. Мажны гаспадар, відаць, толькі і прызнае ўсё прыкметнае, усё вялікае.

Ён доўга адцягваў мяне ад маёй місіі мноствам пытанняў пра маё здароўе (добра ведаючы, што сам з’яўляецца першапрычынай яго), парадамі, як лячыцца, расказамі пра колішні свой інфаркт (гэта, мабыць, каб аслабіць сваю віну перада мною).

За дзве гадзіны ў кабінет ніхто не зайшоў – напэўна, сакратарка атрымала загад не пушчаць.

Мне мала што пашэнціла выцягнуць з гэтага “мяккага”, “тактоўнага” чалавека. Вядома, я і не разлічваў на тое, што ён мне выкрые свае сакрэты, на якіх трымаецца гэтая служба, свае метады і “плён”. Ён і перад Цэка не раскрыецца! Хіба што перад “органамі”!

Мне важна было звярнуць яго ўвагу на тое, што шырокая грамадскасць заклапочана наяўнасцю забароненых твораў і, карыстаючыся дараванымі ёй “дэмакратыяй” і “галоснасцю”, хацела б скончыць з гэтай ненармальнай з’яваю. Думаю, што гэта мне ўдалося. А. Маркевіч мне сказаў, што па яго лініі забаронена 281 кніга. Усе яны захоўваюцца ў 4-х спецфондах – у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя В. І. Леніна, у бібліятэках АН БССР, Белдзяржуніверсітэта, Міністэрства замежных спраў. Далей, паводле каманды з Масквы ў іх была таксама, як і ў Маскве, створана камісія па зняццю накладзенай некалі забароны на асобныя кнігі. У камісію ўваходзілі прадстаўнікі Дзяржвыда, Акадэміі Навук, Галоўліта і... у выніку 163 кнігі з 281 перададзены ўжо ў адкрытыя бібліятэчныя фонды. Эмігранцкай літаратурай займаюцца ў Маскве. Тут нават не ведаюць, хто такая Н. Арсеньнева.

Паўстае мноства пытанняў. Іх мусова трэба падняць і высветліць “галосна”, праз друк.

29 красавіка 1988 года. Актывістка дамкаму прынесла талоны на цукар. На май і чэрвень. Сказала, што будуць “выдаваць” па 1,5 кг на спажыўца. Незабыўныя дакументы гэтыя “талоны”. Надрукаваны на кепскай мяккай паперы. Каб не было, мабыць, падробкі іх (!?), зроблены “звышразумныя” захады: на кожны месяц друкавалася асобным колерам і штэмплявалася асобным штэмпелем. Май, як і павінен быць у камуністычнай прапагандзе – чырвоны, чэрвень – жаўтаваты. Майскі штэмпель – эліпс з тэкстам: “Управление торговли г. Минск. Центральный райпищеторг”. Чэрвеньскі выглядае прасцейшым – прамавугольнік. І “тэксту” на ім менш: “Центральный райпищеторг г. Минск”. “Центральный райпищеторг” на абодвух “серыях” набраны вялікімі літарамі. Усё астатняе – малымі. Памер гэтых “асігнацый” – 70 мм х 50 мм; рамка для “тэксту” – 55 мм х 40 мм.

Апісанне гэтых дакументаў стагоддзя будзе няпоўным, калі не сказаць пра сарамлівую дэзінфармацыю, закладзеную ў іх. І ў гэтых талонах і красавіцкіх таксама (здаецца, былі надрукаваны зялёным) не сказана, што гэта такое. Не напісана, што гэта карткі на цукар, як і не напісана, па колькі яго дадуць. Напісана толькі на вонкавым баку назва месяца і вялікімі літарамі праз увесь талон выведзена слова “Приглашение”.

Гэта называецца, схавалі свае “временные трудности” і ад “класавага ворага” і ад будучых пакаленняў!

Вядома, што нормы на цукар уведзены ў сувязі з тым, што пасля рэзкага абмежавання Гарбачовым выпуску і продажу гарэлкі яе сталі больш вырабляць самагонна. На самагонку пайшлі ледзь не ўсе дзяржаўныя запасы цукру! Талонамі ратуюць дзяржаву ад магчымых цукровых бунтаў.

Між тым учора мне паведамілі, што выпрабаваная выратавальніца савецкага дзяржаўнага бюджэту – гарэлка – з першых дзён гэтага мая паўсюдна вяртаецца зноў на сваё ганаровае месца. І ў ранейшых аб’ёмах!