Выбрать главу

Вось цана сацыялістычнага “гаспадарання”, таварыш Гарбачоў! Няўжо ты яшчэ верыш у эфектыўнасць гэтага эканамічнага гвалту?

8 мая 1988 года, пярэдадзень Дня Перамогі, перамогі над гітлераўскім фашызмам у 1945 годзе. Вельмі шкада, што адначасна тады ж не быў пакараны і сталінскі фашызм. Яны адзін аднаго вартыя. Нават гэты другі чалавецтву, асабліва той яго частцы, якой накінута назва CССР, прынёс гора больш чым першы, заходні варыянт людаедства. Дзякуючы М. С. Гарбачову, змаганне з гэтай страшэннай з’яваю мы перанеслі цяпер у сродкі масавай інфармацыі. І не толькі аплакваем свае ахвяры, але ж даем па зубах адкрытым сталіністам, а галоўнае – выкарчоўваем гэту плынь. У выніку мы амаль цалкам павярнулі грамадскую думку ў натуральнае рэчышча. Лепш сказаць не павярнулі, а ўзгадавалі, нарадзілі грамадскую думку. Яе ж дагэтуль зусім не было: можна было думаць толькі “па-партыйнаму”. А ўсё, што не стасавалася з гэтым крэтынізмам, публічна асуджалася і знішчалася.

Вядома, інакш таталітарызм не быў бы таталітарызмам. Нам таксама не падабаюцца контратакі рэаніматараў сталінізму накшталт таго самага “Майн кампф’а” Ніны Андрэевай. Аднак мы не падхопім іх прыклад забароны іншадумства. Хай сабе выказваюцца, пакуль не пачнуць гучна прапагандаваць і зноў прымяняць на практыцы гвалт. Мы ж таксама толькі выказваемся. Выказваемся і забараняем тэрор. Нават у адносінах да тых, хто тэрарызаваў нас усе папярэднія гады.

Сёння, напрыклад, я прачытаў апублікаваны ў сёлетнім красавіцкім “Огоньку” фрагмент успамінаў Георгія Жжонава пра яго лагернае жыццё. Гэта яскравы дакумент…

3 чэрвеня 1988 года. Трэці дзень знаходжуся ў бальніцы. У той самай, т.зв. рэспубліканскай. І паверх той самы, і нават палата тая – 406. Праўда, насельнікі новыя – застаў двойчы Героя Савецкага Саюза Кузняцова Мікалая Аляксеевіча, палкоўніка ў адстаўцы і поўнага кавалера ордэна Славы – Красючэнку Фёдара Паўлавіча. Гэты, значыць, не палкоўнік, але таксама вайсковы пенсіянер. Абодва пенсіянеры “саюзнага значэння”. Гэта з-за ўзнагарод. Атрымліваюць, як яны пахваліліся, “добра” – першы 300, другі 250 рублёў у месяц. Праз хвілін якіх-небудзь дзесяць “палкоўнік” паскардзіўся, што мог бы быць і генералам. Але ж не дагадзіў генерал-палкоўніку Іллюшэнку, і той ануляваў прадстаўленне.

Я пацікавіўся наконт прычыны і пачуў наступнае.

– Гарэў Кіеў. Прыбягае да мяне Іллюшэнка і: “Маць-перамаць, ты чаму сядзіш і любуешся пажарам?!”

– А я таксама матам “выказаўся”, сказаў: “Чакаю вашае каманды. Як жа я без каманды буду прымаць рашэнне?” Вось з тых пор ён мяне і неўзлюбіў.

Вось які перада мной “палкоўнік”! Малайчына Іллюшэнка! Прынамсі, тады…

Гэты “палкоўнік” учора выпісаўся. Прыйшоў на яго месца другі хворы – Герой Савецкага Саюза, палкоўнік у адстаўцы (ці ў запасе) Зотаў В. А.

Да яго хутка прыйшла жонка. “А дзе “Звязда”, – пытае ён у жонкі. Я падумаў, што ў іх там газета “Звязда”. Сёння яе не чытаў і таму спытаў: “Гэта ў вас “Красная звезда” ці “Звязда”? Ён: “Якая яшчэ “Звязда”?” Я: “Як, вы і не ведаеце, што ў нас ёсць газета “Звязда”?” Ён: “Ведаю. Нават ведаю, што яна друкуецца па-беларуску. Але ж мы тут пра залатую, геройскую “звязду”.

“Рэспубліканская” ператварылася ў філіял вайсковага шпіталя.

Сёння зрэзаўся з “кавалерам”. Сказаў у злосці, што даложыць на мяне ў Цэка, дазнаецца, што я за такі, з такімі настроямі.

Абураўся і маімі захапленнямі польскай літаратурай, іх газетамі, сказаў, што “Энгельс не лічыў палякаў за людзей, а вы іх настроі пераносіце. Я дазнаюся праўду пра тую Катынь, пра якую вы тут расказваеце небыліцы”.

4 чэрвеня 1988 года. Сёння мяне ў бальніцы наведалі Стась (брат Міхала Дубянецкага – рэд.) і Алег Бембель. Алег прынёс апошні “ЛіМ”. Яшчэ ніколі не было ў гэтай газеце жахлівейшага матэрыялу. Усё лічылася, што самыя страшныя матэрыялы – гэта пра крывавыя справы фашыстаў на нашай зямлі. Але ж цяпер дайшла чарга і да крывавых спраў бальшавікоў.

На 14-й і 15-й старонках з уступам Васіля Быкава змешчана сведчанне Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва пра бальшавіцкі генацыд на Беларусі. “Курапаты – дарога смерці” – так называецца гэты крык аб помсце.

Побач з загалоўкам здымак, зроблены пры эксгумацыі магіл расстраляных ахвяр (эксгумацыю рабілі аўтары з дапамогай навакольных жыхароў). Стралялі, як правіла, у патыліцу. На некаторых чарапах па дзве кулявыя дзіркі – дабівалі.

Трэба выкрыць усіх гэтых сталінскіх забойцаў!

Мабыць, давядзецца мне сваю гісторыка-мемарыяльную камісію зарыентаваць на шырокамаштабны росшук ахвяр савецкага рэжыму 1920 – 1950-х гадоў… Аднавіць былую народную назву “Дарога смерці” – той дарогі, па якой энкавэдзісты вазілі беларусаў на смерць. На тых 10 – 15 гектарах таго сталінскага лагера імгненнай смерці пабудаваць мемарыяльны лагер. Упісаць яго ў памяць усіх народаў свету!