Выбрать главу

Як зусім блізенька прайшоў ён каля ісціны, што сацыяльным праклёнам з’яўляюцца не чэргі, а нешта іншае! Як часта праходзяць паўз гэтае “іншае” многія разумныя даследчыкі, але ж назваць яго па імені баяцца. Хочуць дастаяць сваё ў абрыдлых чэргах.

Што датычыцца “Звязды”, дык яе ў наш кіёск даюць лічаныя адзінкі. І калі ў ёй “нічога няма”, дык і гэтыя застаюцца нераспрададзенымі. Цяпер жа друкуецца кніга Роя Мязведзева “Хрушчоў”, вось таму і хаджу ў кіёск.

20 жніўня 1988 года. Дзень нараджэння старэйшай дачкі. Сама яна недзе цяпер на Браслаўскіх азёрах. Разам з малодшай сваёй сястрою. На лоне прыроды цэлы дзень сёння – “у брусніцах” – і іх маці. Толькі я сяджу дома са “сваёй” прэсай.

Неяк трэба сапраўды ратавацца ад яе – забірае ўвесь вольны і нявольны час. Добра было да “перабудовы” – не было чаго ў ёй чытаць, дык часу заставалася і на нешта іншае. А гэтае “нешта” якраз і павінна складаць аснову маіх заняткаў.

Вось не далей як сёння, Б. Сачанка “настойліва цікавіўся” маімі перакладамі В. Жукроўскага. Запланаваў жа выданне іх на 1990 год. Здаць рукапіс неабходна хаця б у першым квартале наступнага года, праз 6-7 месяцаў.

Дарэчы, Барыс. Ён цяпер, як рэдка хто, настойліва і метадычна ліквідуе “белыя плямы” ў гісторыі нашай літаратуры. Дзякуючы сваёй унікальнай бібліятэцы, ён мае магчымасць рыхтаваць і ажыццяўляць цяпер публікацыю некалі забароненых твораў. Але ж тут аднае бібліятэкі было б мала – патрэбна яшчэ добра арыентавацца як у гэтай бібліятэцы, так і ў тых “белых плямах”. А ён арыентуецца ў гэтым не горш дыпламаванага гісторыка літаратуры.

Улічваючы блізкасць Барысаву да ЦК КПБ і інш., можа, яму ўдасца прыстойна паказаць беларускаму чытачу творчасць Наталлі Арсенневай? Яна ж вядомая толькі жменьцы нашай інтэлігенцыі.

Гэтае пытанне я паставіў і перад руплівым публікатарам. Ён сказаў, што твораў трыццаць Арсеннеўскіх уключае ў зборнік заходнебеларускай паэзіі.

Няхай пакуль хоць будзе і так, хоць тая заходнебеларуская Арсеннева – толькі пачатковец у паэзіі. Трэба імкнуцца паказаць сапраўднага гэтага мастака. Вядома, з аб’ектыўнай характарыстыкай жыццёвага і творчага шляху. Інакш не дазволяць і пры “перабудове”. Дый наогул інакш нельга.

22 жніўня 1988 года. Трашчыць, бунтуе камуністычны свет. Уся Чэхаславакія адзначыла 20-ю гадавіну задушэння савецкімі войскамі Пражскай вясны. Найбольшая дэманстрацыя адбылася ўчора ля помніка святому Вацлаву ў Празе. Больш 10-ці тысяч удзельнікаў скандавалі “Дубчык! Дубчык!”, “Рускія – дахаты!”

Па ўсёй Польшчы больш за тыдзень коцяцца забастоўкі гарнякоў. Цяпер да іх далучаюцца іншыя катэгорыі працоўных, у тым ліку рабочыя Гданьскай суднаверфі. Іх патрабаванні – “павысіць зарплату”, “узаконіць “Салідарнасць”. Такога размаху працоўныя баі з камунізмам у гэтай гераічнай краіне не мелі з тых грозных часоў. Цікава, што ўсе афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі ў краінах савецкага блоку называюць гэтыя падзеі не інакш, як “незаконнымі забастоўкамі”. Я яшчэ не памятаю, каб хоць адну забастоўку хоць у адной капіталістычнай краіне яны назвалі незаконнай. Там ўсё ідзе пад рубрыкай “Баі з капіталізмам”.

Бурліць, віруе Венгрыя.

Уцякаюць грамадзяне ГДР у Заходнюю Нямеччыну. Уцякаюць усякімі спосабамі – і пешшу, і па вадзе, і іншымі шляхамі. Учора пабег быў здзейснены групаю смельчакоў якраз водным шляхам.

Эстонская рэспубліканская газета апублікавала славуты закрыты пратакол да дагавору “Молатаў – Рыбентроп” ад 23 жніўня 1939 г.! Цяпер уся Прыбалтыка бурна абмяркоўвае гэты пісьмовы дазвол Гітлера на акупацыю Сталіным Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Масква абараняецца: правяла прэс-канферэнцыю ў Міністэрстве замежных спраў, штосьці ляпеча наконт гэтага ў друку, па тэлебачанні і радыё. Не разумею, навошта Гарбачову абараняць гэты сталінскі адкрыты разбой? Прызнаў бы чорнае чорным. Дык не! Баіцца пакрыўдзіць сваіх зацятых шавіністаў. Але ж яна, гэтая Масква, умее і наступаць. Асабліва на “свой” народ. Учора, напрыклад, паводле загаду з МГК КПСС, які ўзначальвае член Палітбюро Зайкоў, міліцыя прымяніла сілу супраць дэманстрантаў на Пушкінскай плошчы. Там сабраліся члены нядаўна створанага нелегальна Дэмакратычнага Саюза і яго прыхільнікі, каб выказаць свае адносіны да Чэхаславацкай рэвалюцыі 1968 года. Дэманстрантаў пабілі, многіх пахапалі ў “чорныя вораны” і пакідалі ў турму.