Выбрать главу

31 жніўня 1988 года. Наведалі музей Макса Валошына. Дагэтуль я збольшага быў абазнаны ў яго творчасці. Чытаў ягоныя вершы, пераклады. Бачыў крыху кніжных рэпрадукцый з яго карцін. А тут пазнаёміўся і з арыгіналамі, і з яго жыццём.

Асаблівага ўражання на мяне гэты чалавек не зрабіў – ні раней, ні цяпер, пасля цудоўнай лекцыі Барыса Антонавіча, глыбокага знаўцы Валошына.

Адну з экскурсантак вельмі здзівіла тактоўнасць немцаў, якія зусім не пашкодзілі і не абрабавалі дом Валошына ў час акупацыі. Б. А. вельмі няшчыра адказаў:

– Гэта не немцы былі тактоўныя, а Марыя Сцяпанаўна, удава Валошына, была надзвычай смелая і непрымірымая. Яна ніколі нічога не дазваляла ім кранаць з месца, калі што, дык крычала на ўсю ваколіцу.

Паспрабавала б яна бараніць нешта, каб яе нябожчык Макс не быў прызнаны немцамі выдатным folkstime. Яго ж маці была чыстакроўная немка. У доме яны, напэўна, засталі мноства сведчанняў нямецкага ўплыву і на яго самога. Уплыву, што перадаецца не толькі па крыві і з малаком маці, але ж і выхаваннем і адпаведным саманастройваннем сябе на патрэбную хвалю.

Макс Валошын якраз з тых людзей, што ўмеюць ладзіць з усімі рэжымамі. Ён быў сваім і цару, і Керэнскаму, і нейкім пераходным уладам, і Леніну, і Сталіну, і Гітлеру. Можа, гэта і правільна. Галоўнае, не быць калабарантам. А дарэмна лезці пад чужыя кулі ці нагайкі – гэта не мужнасць. Толькі Сталін патрабаваў ад сваіх рабоў – т. зв. савецкіх людзей – вузкалобай “непрымірымасці” да ворага. Марыя Сцяпанаўна была, відаць, разумная жанчына, што, каб захаваць усё-такі каштоўную спадчыну Валошына, падаткнула немцам яго folkstim-насць. А яны і клюнулі на гэтую прынаду.

Упэўнены, што нямецкі друк таго часу быў поўны апавяданняў, рэпартажаў, фотаматэрыялаў пра Валошына…

А можа нават і проста…

Цікава, што сказаў бы на такое пытанне грунтоўны Барыс Антонавіч?

2 верасня 1988 года. Я не надта шукаю на курортах старых ці новых знаёмых. Але ж такая асаблівасць усякіх курортаў, што без знаёмых і знаёмстваў тут не пражывеш. Ды яшчэ, калі яны навокал цябе.

З першых жа дзён майго побыту тут мы сустрэлі Шчасных-Красікавых Нэлу Іванаўну і Сяргея Паўлавіча, Веру Сямёнаўну Адамовіч з дзецьмі, Віктара Каваленку, Аляксея Аляксеевіча Слесарэнку, Уладзіміра Скарынкіна з Валянцінай і дзецьмі.

Ніхто з іх мне не непрыемны. Усіх адносна добра ведаю і паважаю даўно. З боку іх таксама сустракаю заўсёды шчырыя адносіны. Трое (С.Н., У.С., А.С) ужо ў першы дзень цёпла прыгадвалі мне нейкую маю дапамогу ім, хоць я рабіў толькі тое, што мусіў рабіць на сваёй пасадзе.

Мілая Вера Сямёнаўна! Якой шырокай душы чалавек. Яна заўсёды павінна пра некага клапаціцца, некаму дапамагаць. Некалі яна дастала мне гаючага мёду, калі мне было цяжка. Цяпер прынесла ўжо шклянку казінага малака. “Яно вельмі карыснае – кажа яна. – Мяне прывучыла да яго Ліда Вакулоўская. І мяне, і Юру Чарнічэнку з жонкаю…”. Я з удзячнасцю выпіў з гэтых добрых рук экзатычны для мяне напой. Сапраўды я ў маленстве сваім бачыў коз хіба што дзе-небудзь у гарадскім падворку – цераз пінскія і пнеўскія штыкетнікі. Пасля, будучы ў Расіі падчас службы ў войску, чуў, што там хто-ніхто, адзін-два на вёску, трымае казу, дзе яе называлі “сталінскай каровай”.

10 верасня 1988 года. Дзень духоўна напоўнены! Кінафільм “Ідзі і глядзі” з папярэднім глыбокім і вострым выступленнем Алеся Адамовіча. Цудоўны канцэрт аўтарскай песні “Верлібр”. Двое выканаўцаў ігралі на гітарах і спявалі свае песні на словы такіх аўтараў, як Іван Бунін, Мікалай Гумілёў, Георгій Іванаў, Міхаіл Кузмін, Уладзімір Маякоўскі, Восіп Мандэльштам, Мікеланджэла, Уладзімір Набокаў, Барыс Пастэрнак, Цыпрыян Орлік, Ігар Севяранін, Уладзіслаў Тарасевіч, Уладзіслаў Хадасевіч, Марына Цвятаева.

Кожны аўтар, як правіла, прадстаўляўся чатырма-пяццю творамі. Выключэнні былі ў большы бок: было і па дзесяць-дванаццаць песень аднаго аўтара.

Багата прагучала духоўных тэкстаў, малітваў. На нас найбольшае ўражанне зрабілі песні на словы польскага паэта, шляхціча-жабрака Цыпрыяна Орліка (“По тем просторам, где мать Христова, тоскую, Боже…”).

Добра быў прадстаўлены Ул. Тарасевіч (“…по паркету парижских луж”; “ни птичьим крылом, ни сердцем подневольным, не продовать плеву толстую, не вырваться в небо синее…”). Творы яго выконваліся адразу пасля твораў Ул. Набокава, з якіх пачаўся канцэрт, а пасля імі “перасыпаўся” ўвесь канцэрт.