Выбрать главу

27 мая 1985 г. 85-годдзе з дня нараджэньня Уладзіміра Жылкі. Беларуская прэса слаба адзначыла гэтую падзею. У часопісе “Беларусь” №5 і ў апошнім “Ліме” невялічкія артыкулы з адным і тым самым партрэтам юбіляра. “Беларусь” дае слова сапраўднаму жылказнаўцу Уладзіміру Калесьніку. “ЛіМ” надрукаваў зацемку ўчарашняга асьпіранта Язэпа Янушкевіча. Абодва матэрыялы складзены так, што малады нявопытны чытач і не даведаецца праўды пра гэтага выдатнага нашага творцу.

Вось мэтр Ул. Калесьнік: “Паэт захварэў тады (пасьля 1917 году – М.Д.) на вельмі небясьпечную хваробу – туберкулёз лёгкіх, якая абмежавала яго дзейнасьць і ўвогуле зямны шлях трыццацьцю трыма гадамі”. І больш пра апошнія гады паэта – ні слова! Памёр, маўляў, на сваёй радзіме ад небясьпечнай хваробы. Але ж да апошніх сваіх дзён “паэт быў верны сацыялістычным ідэалам і горача ўхваляў, хоць і сьціплыя яшчэ ў тую пару, здабыткі рэальнага сацыялізму”.

Большага зьдзеку над ахвярай гэтага “рэальнага сацыялізму” і нельга нават уявіць сабе.

А як малады навуковец, ад якога можна яшчэ чакаць максімалізму, апісвае апошні перыяд жыцьця Ул. Жылкі? Паслухаем Язэпа: “З 1920 г. Жылка цяжка хварэе на сухоты”. Далей аўтар нанізвае адзін на адзін гады замежнай вучобы, выданьня паэмы “Уяўленьне”, зборніка “На ростані” і іншых падзей у жыцьці паэта. Асаблівы акцэнт Язэп робіць на пераезд Жылкі ў СССР: “Паэт не застаўся на ростанях, а абраў для сябе, бадай, адзіна правільны шлях: у 1926 г. пераехаў у Савецкую Беларусь і актыўна… ўключыўся ў культурнае будаўніцтва рэспублікі” Далей наіўнаму чытачу паведамляецца пра выпуск у 1927 г. апошняга зборніка “З палёў Заходняй Беларусі”, аўтар якога быў “перакананы: сацыялістычная ява стане рэчаіснасьцю і на захад ад Мінска” і пра тое, што “паэт памёр ва ўзросьце 33 год…”

Толькі вось не сказана, дзе памёр. А ў Янушкевіча была зручная нагода сказаць пра гэта. За некалькі радкоў да свайго подпісу ён згадвае, што Ул. Жылка працаваў настаўнікам беларускай літаратуры ў Менскім музычным тэхнікуме. А што калі б гэты сказ дапісаць “…настаўнікам рускай літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме гораду Уржума Кіраўскай вобласьці РСФСР”.

Думаю, што цэнзар альбо не заўважыў бы гэтай прынцыпова важнай прыпіскі, альбо не прыдраўся б да яе. Затое чытач быў бы з’арыентаваны, што Уржум – гэта месца прымусовай ссылкі беларускага паэта. Наш чытач прывык ужо да такой “дынамікі” ў кар’еры выдатных асобаў. Праўда цяпер ужо цэнзураю ўзяты курс на поўнае замоўчваньне фактаў масавай бальшавіцкай рэпрэсіўнай палітыкі супраць заняволеных народаў...

А за што ж, Юзічак дарагі, арыштавалі і замучылі Жылку? А ці не за тое, даражэнькі, што ўбачылі ў яго асобе сапраўднага свайго класавага ворага. Дарэчы, як і ў асобе кожнага рэпрэсаванага тады беларускага дзеяча – а іх вялікія тысячы мы цяпер налічваем, як і ў асобе кожнага сасланага ў Сібір заможнага селяніна, гараджаніна, інтэлігента, якіх мы цяпер лічым мільёны!

Трэба б яшчэ пагартаць астатнія выданьні гэтага перыяду – што яны пішуць пра Ул. Жылку. У такім салідным выданьні, як “Полымя” – няма нічога. Не памятаю 5-га нумару “Маладосьці” – можа, што і ёсьць. А як “рэспубліканскія” газеты? У “Звяздзе”, напрыклад, ён жа нават працаваў пасьля Прагі.

Усе друкаваныя даведкі пра гэтага сьветлага Чалавека – няпоўныя і недакладныя, у тым ліку, і ў БелСЭ. А вось у Кароткай энцыклапедыі БССР, у яе 5-ым томе, які выйшаў у сьвет на дзесяць гадоў пасьля “жылкаўскага” тому БелСЭ, ёсьць хоць згадка, што з 1931 году ён працаваў у Кіраўскай вобласьці. Але ж гэта выданьне лічыцца крамольным. У ім шмат якія ацэнкі (у т. л. на А.Гаруна) “лібералізаваныя”, што было заўважана нават у ЦК КПСС. Скажу, што на контртытуле гэтай энцыклапедыі ў складзе Рэдакцыйнай калегіі стаіць і прозьвішча “М.Ф. Дубянецкі”, ня без удзелу якога сёе-тое ўдавалася ратаваць ад поўнай крэцінізацыі…

26 чэрвеня 1985 г. Праходзячы паўз Дом фізкультуры таварыства “Спартак”, я вырашыў яшчэ раз агледзець яго з усіх бакоў. Гэта ж колішні кафедральны Марыінскі касьцёл! Помнік барока 17 стагоддзя. Мала хто пра гэта ведае, бо будынак гэты заціснуты з абодвух бакоў іншымі сьценамі і з вуліцы можна бачыць толькі яго галоўны фасад.