Выбрать главу

Сапраўды, паспрабуй зрабі такое!

А што можа быць прыгажэй за натуральную скуру! Вось яна! Калі ласка, пацяшай свае вочы і сэрца. Ты не бачыў скураных завушніц?! Глядзі, які цуд. Каханая жанчына дзякуй скажа – яны ж нічога не важаць. А скураныя бранзалеты! Каралі! Пярсцёнкі! Нягледзячы ўжо на розныя торбачкі…

Недзе непадалёк адгэтуль ёсць яшчэ адзін “кіёск” скураной біжутэрыі. Ён прыцягвае ўвагу ўсіх вялізнымі памерамі сваіх каштоўнасцей. Матылі – заколкі для валос з размахам крылаў 15-17 сантыметраў. Бранзалеты шырынёю ледзь не ў далонь. Пярсцёнкі на паўпальца. А што за кулоны! Цэлая насценная талерка на грудзях!

На лаўцы, што якраз насупраць сталова-бібліятэчнага будынка, размясціўся гаспадар даволі рэдкага тут промыслу – драўлянай біжутэрыі. Ён тут адзін. І сам таксама ўнікальны – афрыканскіх крывей. Малады. Прыгожы. Даволі зграбныя, хоць і надта просценькія, і яго вырабы – кулоны, завушніцы, каралі, пацеркі, заколкі. Асноўны тэхналагіны прынцып іх вырабу – адрэзаны ад пэўнай таўшчыні галінкі аблюбаванага дрэва круглячык паліруецца і паліруецца. Яму прыдаецца неабходная форма, дадаецца патрэбная фурнітура – скажам, шпілька, калі гэта будзе брошка, кручок, калі адрасуецца ў вуха нейкай прыгажуні, адно вушка, калі хоча стаць кулонам, а то і два, з двух супрацьлеглых бакоў, калі будзе паслядоўна нанізвацца з іншымі такімі “кругляшкамі” ў бранзалет ці каралі. Паміж гэтым асноўным матэрыялам часта бачыш у розных маністах нейкія зерняткі, нібы кававыя бабы. Гэта і ёсць зерне нейкіх паўдзённых раслін.

Хіба шкада табе, чалавеча, патраціць усяго толькі пяць рублёў, каб парадаваць сваю маладую жонку, сястру, дачку, нявесту?..

А хто ведае, што такое суралін? Вядома, мала хто. А тут цэлы “промысел” стаіць на ім. Вам растлумачаць, што гэта сінтэтычная гліна, пакажуць дзівоснай формы рознакаляровую біжутэрыю з яе. Таксама “амаль дарма” – рублёў па пяць-восем за кавалачак такога дзявочага шчасця.

Здалёк вабіць кожнага сваёй элегантнасцю “ларок” “Фарфор. Ручная работа”. Тут таксама біжутэрыя. Але як жа яна выканана! За 20-25 рублёў можна набыць даволі прыстойнае ўпрыгожанне, прышпіленае да сувенірнай паштовачкі-этыкеткі – таксама ручной работы.

Нямала тоўпіцца курортнікаў нават перад “карабейнікам”, што распаўсюджвае ў масы пластмасы. Гэтай жа пластмасавай біжутэрыі поўна ва ўсіх гарадах “краіны Саветаў”. Розніца, здаецца, толькі адна – тут гэтая радасць у некалькі разоў даражэйшая…

Не абмінеш і стэнд “Пластык”. Кідаюцца ў вочы буйнафарматныя і шматколерныя пяці-дванаццацірублёвыя экспанаты-тавары. Але ж людзі толькі глядзяць, не купляюць. Хапае, мабыць, натуральнага.

Як правіла, гаспадары гэтага багацця не прысвойваюць сваім калекцыям якіх-небудзь назваў. Усё перад табою, вызнач сам, калі табе гэта патрэбна. Але ж сям-там мільгане і выразна напісаная назва. Напрыклад: “Мініяцюры. Алей”. А ёсць і адзіная ў сваім родзе назва “Выстаўка”. Думай, што хочаш, глядач-пакупнік.

Ёсць тут на гэтым пятачку і сапраўдная “Выстаўка”, хоць яна так і не названа яе стваральнікам. Сюды адусюль людзі цягнуцца не купіць, а паглядзець. Гля­дзяць доўга, бо “выстаўка” вялікая. Глядзяць, усміхаюцца сабе ў вус, але словамі эмоцый не выказваюць – баяцца.

Гэта ўнікальная з’ява не толькі ў тутэйшым жыцці. З’ява, народжаная “перабудовай”. На тоўстым тканінавым планшэце красуюцца вялікія круглыя напаўсамаробныя значкі. Знешні іх выгляд, памер і форма прадыктаваны “дзяржаўнымі” круглымі значкамі з рознымі карцінкамі пад празрыстай пластмасаю. Дык вось, у нашым выпадку замест гэтай карцінкі ўстаўляецца туды іншы твор. А гэтыя новыя творы і робяць сярод курортнікаў незвычайны фурор.

Дзіва што! Да партрэтаў вядомых усім дзеячаў зроблены нячутай і нябачанай дасюль смеласці подпісы. Альбо проста павыпісваны розныя жаргонныя слоўцы і выказванні на фоне якога-небудзь малюначка. Ёсць, вядома, і “сексуальныя” (не парнаграфічныя!) значкі.

Але ж агульнае незвычайнае ўражанне ствараюць усё-такі значкі палітычнай тэматыкі, значкі-паролі Перабудовы. Добрую палову гэтых тэкстаў, калі не больш, мне пашчасціла перапісаць: “Многопартийность – да!”; «Держись» (пад партрэтам Б. Ельцына); “Ищу женщину-миллионершу”; “Как вам спится, стукачи?”; “Мафия бессмертна”; “Слуги народа, и где вы?”; “Помни 1937”; “Былую славу Одессе”; “Я живу при коммунизме. А вы?!”; “Подайте на бедность”; “Ещё опасен” (на партрэце Сталіна); “Опасно: СПИД”; “Бессмысленные запреты мешают жить” і шмат іншага...