Выбрать главу

Гледзячы на гэты фасад, ніхто ўжо не ўгадае, што стаіць перад старажытным цудоўным храмам, перад колішняй трохнефавай базілікай. Не дарэмна той архітэктар, што перапланіроўваў касьцёл усярэдзіне і перабудоўваў яго фасад, названы ў БелСЭ – Драздоў яго прозьвішча. Ён прыбраў з фасаду ўсе асаблівасьці культавага збудаваньня. Аднак тры астатнія вонкавыя сьцяны, якія можна ўбачыць толькі адтуль, куды я прыйшоў, не пацярпелі ад руплівасьці М. Драздова. Уласна кажучы, гэта і ня тры сьцяны, а цэлы комплекс сьценаў, з дзьвюма капліцамі пад купалападобнымі дахамі.

Я пераканаўся, што рэстаўраваць гэты старажытны будынак можна. Падумалася яшчэ і шырэй пра магчымы лёс нашых былых сьвятыняў. Як вядома, большасьць іх зьнішчана дашчэнту, прытым ня войнамі, а бальшавікамі. Нават пасьля самых жорсткіх войнаў (а лагодных над нашай зямлёй не было) заставаліся хоць сьце­ны. Бальшавікі, калі зьнішчалі, дык ужо дашчэнту. Некаторыя, разграбіўшы, разграміўшы, ператварылі ў архівы ды склады. Крыху выратавалася, выстаяла і дагэтуль зьяўляюцца пакуль храмамі дзеючымі. Праўда, нярэдка былыя каталіцкія сьвятыні дайшлі да нас ужо як праваслаўныя. У тым ліку і Менскі барочны касьцёл бернардзінак пасьля акупацыі ў 1793 годзе рускімі Кацярына ІІ аддала праваслаўным. Цяпер гэта галоўны праваслаўны храм на Беларусі. Калі Беларусь будзе Беларусьсю, такія храмы ні ў якім разе ня будуць вяртацца першапачатковым гаспадарам. Гэтыя выдадуць дароўную грамату цяперашнім гаспадарам аб перадачы на вечныя часы ўсіх атрыманых у свой час чужых храмаў. Кожная рэлігія будзе мець дастатковую колькасьць сьвятыняў.

28 чэрвеня 1985 г. Учора разам з братам Станіславам займаліся помнікам нашай незабыўнай, сьветлай памяці, маці. Ні мармур, ні граніт заказаць нельга: усё ідзе на Менскае метро. Засталіся так званыя мазаічныя. Думаю, што гэта цэмент, пасыпаны зьверху мармуровай крошкаю. Сьпецкамбінат робіць некалькі варыянтаў іх.

Усе яны складаюцца з дзьвюх асноўных частак – пастаменту і стэлы. Пастамент амаль аднолькавы ва ўсіх. Стэлы – розныя: прамавугольныя (шырокія і вузейшыя); з закруглёным верхам (“барока”); са скошаным верхам (так званы “парус”); з сілуэтам “смуткуючай жанчыны”; зусім нізенькія, сантыметраў 45, невядома чаму пастаўленыя на пастаменце па дыяганалі.

Нам нічога не заставалася, як выбраць з таго, што ёсьць. Спыніліся на стэле з авальным верхам. Пад нумарам сем значыцца ён у іх (“тип 7”). Як і ўсе пералічаныя “тыпы”, ён зусім не дарагі. Разам з кветачніцай-аблямоўкай магілы, з фотамедальёнам, з надпісам – дзевяноста рублёў. Каля сарака-пяцідзесяці рублёў будзе каштаваць устаноўка помніка на магіле.

Я сказаў брату, што мне няёмка такі помнік заказваць сваёй маці. Ён супакоіў мяне тым, што будзем лічыць яго часовым. Вальней стане з добрымі матэрыяламі – закажам, які захочам. Праўда, не “які захочам”, а толькі лепшы за гэты.

“Які захочам” помнік камбінат ня будзе выконваць. Можна зрабіць прыватным чынам, але такія забаронена (!!!) ставіць з ідэалагічных і ідэйна-палітычных меркаваньняў. А то хто-небудзь уздумае і помнік-крыж змайстраваць, ці, скажам, “Пагоню”. А я якраз і марыў пра вялізны, масіўны, мармуровы чорны крыж. Гэтага, як высьвятляецца, нельга, крый Божа (!). Маленькі часовы крыж некаторым удаецца паставіць. А крыж-помнік – ні ў якім разе!

Вельмі зьдзіўленая была немаладая сімпатычная прыёмшчыца, калі паглядзела на пададзены мною ў яе акенца тэкст на помнік. “По-бе-ло-русски?” – працягнула яна ледзь не на каломенскую вярсту гэтае слова. “Так, па-беларуску”, – спакойна адказаў я. “Ну, как знаете” – ціха ва ўнісон мне кінула яна і пачала афармляць – салідна, без мітусьні, з тактоўнымі час ад часу пытаньнямі да нас.

Усё гэта я ўспомніў і сёньня, праходзячы па вуліцы Карла Маркса паўз вядомы ўсім мінчанам дом, што насупраць аэракасаў. У гэтым доме жылі шмат хто з відных партыйных дзеячаў. Некаторых з іх “увекавечылі” тут жа, на сьцяне, мемарыяльнымі дошкамі.

Кідаюцца ў вочы перш за ўсё тры мемарыяльныя дошкі – Аляксандру Чарвякову, Петрусю Броўку, Феліксу Дзяржынскаму. Усе яны разьмешчаныя на галоўным фасадзе дома, на адным узроўні, па-мастацку выкананыя бронзавыя партрэты з адпавенымі надпісамі. Толькі пад Броўкавай дошкаю прымацаваны металічны “кошык” ці палічка для кветак. У гэтыя дні адзначаецца 80-годдзе з дня яго нараджэньня, таму букет кветак стаіць. Цікава толькі, ці многа разоў будуць пакладзены сюды кветкі ў гэты дзень. Упэўнены, што зусім ня многа.

На гэтым доме ёсьць і яшчэ дзьве (пакуль што) “дошкі” – акадэмікам Мікалаю Нікольскаму і Міхаілу Мацапуру. І яны таксама выклікаюць пэўныя эмоцыі адносна іх часу і іхняй персанальнай ролі ў ім. Але ж гэта, як бы сказаць, разрозьненыя “экземпляры” – кожны сам па сабе, кожны незалежна адзін ад аднаго рабілі б сваю справу нават і тады, калі б яны жылі ў адзін час! А тыя трое – не! Тыя складаюць незалежны ансамбль, у якім кожны з іх – незаменны. Тыя трое ўвасабляюць сабою цэлы СССР, увесь савецкі рэжым і асабліва яго рэпрэсіўную сістэму, якая б не змагла б існаваць без любога з іх. Гэта ж іх вялікасьць Ахвяра, Даносчык і Жандарм-кат.