Выбрать главу

Пераначую дома і паеду назад у Нясьвіж. Гэта ж я ў самавольнай “адлучцы” з санаторыя. Уцёк сюды ўчора і вярнуся толькі заўтра. Гэта лічыцца парушэньнем рэжыму. Тут так заведзена: узяў пуцёўку – сядзі ўвесь тэрмін, незалежна ад таго, падабаецца тут табе ці не, карысна твайму здароўю ці не. Ад’ехаць куды-небудзь на адзін дзень – нельга. У выключна выключным выпадку – з пісьмовай згоды галоўнага ўрача па тваёй пісьмовай моцна абгрунтаванай заяве. Інакш пойдзе грозная адносіна на тваю працу: “Ставім вас да ведама, што ваш “х” парушаў наш рэжым так і так. Просім прыняць да яго адпаведныя меры і паведаміць нам. Інакш у ваш калектыў выдзяляцца пуцёўкі больш ня будуць, мы прымем да гэтага неабходныя меры праз вышэйшыя інстанцыі”.

Усё і ўсюды ў СССР трымаецца на прымусе, які называецца прынцыпам добраахвотнасьці, дэмакратычным цэнтралізмам, сацыялістычным парадкам, сьвядомай дысцыплінай і г. д.

27 ліпеня 1985 году. “Агафёненка з Ганцэвіч” – у такім вымаўленьні была некалі радыёперадача па “Голасе Амерыкі”. Пра гэта я сёньня даведаўся. А справа вось у чым.

Нейкага “ветэрана” Агафонава занесьлі нейкія вятры ў знаёмыя мне Ганцавічы Брэсцкай вобласьці. Аднекуль, мабыць, з галоднае матухны Расеі, як можна меркаваць па ягоным прозьвішчы. Ветэран памёр, засталася ўдава з трыма сынамі. Ішоў час. Хлопцы расьлі. Расьлі даволі буйна – усюды толькі і можна было чуць: “Агафонавы! Агафонавы! Агафонавы!”. З рэзка негатыўнымі эмоцыямі, вядома.

Хлопцы вырасьлі. Па ўскоснай віне старэйшага загінула дзяўчына. Сярэдні скончыў, здаецца нейкі інстытут і яшчэ сябе, дзякаваць Богу, нічым ня выявіў. А вось малодшы быў прычынаю той заакіянскай перадачы.

Паколькі сын ветэрана ды яшчэ Агафонаў, а не які-небудзь наш Агацкі, ці Агатовіч, дык яго адбываць вайсковую тэрміновую службу паслалі не куды-небудзь, а ў Байканур. Хлопец меў нават доступ да касманаўтаў і нават замежных! Ну, гітлер’югенд дый годзе! Такі давер!..

Гэты давер да сябе малады Агафонаў выкарыстаў даволі арыгінальна – украў у індыйскага касманаўта, калі той круціўся ў космасе, яго спартыўны касьцюм. Украў і хуценька пераслаў поштаю ў свае “родныя” Ганцавічы. Хлопец зух, але і кадэбісты ня промах. Не пасьпела яшчэ пасылка прыйсьці, як у Ганцавічы назьязджалася нейкіх падазроных тыпаў. Пайшлі ў сям’ю “унтэркасманаўта”, пачалі распытваць у таго-сяго пра гэтага юнака, схадзілі на пошту. Сюды быў якраз дастаўлены ліст для маці Агафонава ад сына. Ліст ускрылі. Прачыталі “анонс” пра пасылку і просьбу не ўскрываць яе да яго вяртаньня з войска (а вярнуцца ён павінен быў праз некалькі месяцаў). Прычына нібыта ў тым, што гэтая пасылка ня цалкам яго, частку яе ён павінен аддаць. Па Ганцавічах папаўзьлі чуткі, што малады Агафонаў украў касьмічны скафандр, і цяпер вось кадэбэ СССР з ног зьбілася, шукаючы яго. Праз колькі дзён прыйшла тая пасылка. Яе ўскрывала “прадстаўнічая камісія”. Апрача “скафандра” было і яшчэ сёе-тое…

Хлопца судзілі ваенным трыбуналам. Прыпаялі аж восем гадоў турмы. Мож­на ўявіць, што гэта такое, ведаючы жахлівыя савецкія турмы! Кажуць, што асудзілі і таго другога Агафонавага хаўрусьніка…

29 ліпеня 1985 году. Так нечакана ўсплыла перада мною ганцавіцкая тэма і ўсё яшчэ цягнецца. Прытым цягнецца сваім “міжнародным” бокам. Як тыя Нью Васюкі праславіліся Ганцавічы – Ганцэвічы. І зноў праславіў іх “Голас Амерыкі”.

Недзе гадоў два таму гэтая радыёстанцыя перадавала, што ў “Ганцэвічах” Брэсцкай вобласьці быццам бы будуецца нейкая вялікая супрацьпаветраная абаронная сістэма і што накіраваная яна будзе супраць амерыканскіх “крылатых” ракетаў. Як вельмі часта бывае, пачуўшы такую “інфармацыю” ганцавіцкія ўсёведаючыя насельнікі выгунулі: “Ну вось і чарговая амерыканская “вутка” ганебна прагарэла: у нас нічога не будуецца!”

Аж не – будуецца. Нядаўна пачалі будуваць менавіта вайскоўцы. “Крылытае” ці “хвастатае” там нешта будзе – невядома. Але ж будзе. Ужо ёсьць і салдаты, а ў іх – афіцэры, а ў гэтых – генерал. Ужо нават генералава жонка пасьпела палюбіць гэты ціхі маленечкі гарадок з яго дзесяцьцю тысячамі насельніцтва.

Вельмі сур’ёзныя справы адбываюцца ў Ганцавічах. Першы сакратар райкаму партыі, здаецца, Вайцешын, ужо паплаціўся сваёю пасадаю за тое, што пайшоў насуперак ваенных… Шкада Ганцавічаў і такой іх персьпектывы – горада-могільніка…

30 ліпеня 1985 году. Мае менскія ўрачы раілі мне правесьці першы постінфарктны адпачынак у Аксакаўшчыне. Там няблага сапраўды. Тым ня менш я папрасіў пуцёўкі сабе і Марыі ў Нясьвіж. Нясьвіж мне раднейшы. І як колішні значны асяродак беларускае культуры і навукі, і сваім замкам, і асабліва сваім касьцёлам.