Выбрать главу

Такія пуцёўкі мне выдзелілі. І вось я ўжо сямнаццаты дзень у Нясьвіжы. Асабліва тут няма чаго аглядаць… Мачыха-гісторыя мала што тут пашкадавала. Але затое, што зьбераглося, можна агледзець, як кажуць, з усіх бакоў. Так і раблю.

Трымаюся ўвесь час, аднак, бліжэй да касьцёлу. Я даўно ўжо ведаю гэтае цудоўнае тварэньне Яна Марыі Бернардоні – можна сказаць, унука па мастацтву вялікага Мікеланджэла, бо вучня ягонага вучня. Неўзабаве храму споўніцца 400 гадоў. Каб не панаваў у нас рэжым “свабоднага савецкага друку”, дык да гэтае даты (1993 год) яшчэ пасьпелі б і не адзін альбом падрыхтаваць і выдаць, і манаграфію, і камплект-другі паштовак з рэпрадукцыямі, і серыю паштовых марак і гэтак далей. Аднак нічога гэтага не дазволяць! Прынамсі, мала чаго. Будзем старацца. А раптам пашанцуе…

Нясьвіжскі фарны касьцёл мяне заўсёды вабіць яшчэ і тым, што ён і выдатны помнік і ў той жа час дзеючы храм. Тут фраза “пайшоў у касьцёл” нікога не шакіруе – бо нельга не хадзіць туды. Пад выглядам наведаньня помніка архітэктуры, можна, такім, як я, наведваць функцыянуючую бажніцу. Менавіта ў яе пабег я 14 ліпеня, не пасьпеўшы яшчэ, як сьлед, уладкавацца ў санаторыі. Гэта ж была нядзеля. А набажэнства правіцца тут паводле жорсткай савецкае каманды толькі ў асноўным у нядзелі, – “каб не адцягваць працоўных ад грамадска-карыснай працы”.

Пачынаючы з таго першага санаторнага дня, я кожны дзень падыходжу да гэтай дарагой сьвятыні. Часьцей за ўсё схіляю галаву ў прытворы, гледзячы праз рашотчатыя дзьверы (яны ўстаўлены, каб шматлікія наведвальнікі-турысты маглі праз іх аглядаць іх інтэр’ер нават тады, калі афіцыйна храм зачынены, адначасова яны спрыяюць вентыляцыі будынку) на вечны агеньчык перад sanctorum sancta. Часам з якое-небудзь прычыны храм адчынены і ўдаецца зайсьці ў сярэдзіну, часам раніцаю трапляю на штодзённую малітву ксяндза.

21 і 28 ліпеня прымаў чынны ўдзел у нядзельнай месе, нават займаў месца на лаўцы, тады як усе турысты і санаторцы тапталіся ў праходах; унёс належны ўклад у касьцёльную скарбонку. У першую з гэтых нядзелю сустрэўся з пробашчам ксяндзом дэканам Рыгорам Каласоўскім. Гэта ня першая нашая сустрэча. Я паважаю гэтага шаноўнага чалавека. Каб ня ён, невядома, што было б з гэтым храмам. Ён жа служыць у ім недзе з 1938 ці 39 году. Нязьменна! І пры фашыстах і пры бальшавіках!!! А каб пачалі мяняцца тут настаяцелі, дык “таварышы залескія” аднаго разу маглі б не дазволіць прыезд новага, забралі б храм нібыта пад нейкую “важную” і “вельмі патрэбную” ўстанову і нібыта з прычыны таго, што тут ужо няма ксяндза. Шэдэўр заняпаў бы. І не было б такога магутнага асяродку веры і хараства! Мяне аж у дрыжыкі кідае пры адной толькі думцы пра такую магчымасьць. Колькі ўжо і так зруйнавалі, зьнішчылі нашых сьвятыняў, нашых выдатных помнікаў.

Абмяркоўвалі пастаўленую мною тэму – “400-годдзе касьцёлу”. Назвалі шмат мерапрыемстваў рэлігійнага і культурна-грамадскага характару, якія трэба рыхтаваць. Сярод гэтага віднае месца заняла думка пра вялікі шматкаляровы альбом, надрукаваны на замежнай паліграфбазе. Са свайго боку я абавязваўся падключыць мастацкую гра­мадскасьць, выдаўцоў і, калі ўдасца, Таварыства па ахове помнікаў культуры. Кажуць, што А. Залескі, упаўнаважаны па справах культаў пры беларускім урадзе, хутка пойдзе на пенсію. Можа, разумнейшы за яго стане на гэтае месца? А, можа, хто са знаёмых? Падтрымка такая зусім ня лішняя была б.

Учора мы сустрэліся зноў, цяпер ужо ў прыватных умовах – на плебаніі. Я яшчэ раз перагледзеў фотадакументы пра касьцёл – як ён гарэў, які выйшаў з пажару, як аднаўляўся пад кіраўніцтвам і намаганьнямі Рыгора Каласоўскага. Адзін з “залескіх” некалі, ведаю, нават сказаў, што, каб Каласоўскі быў ня ксёндз, а “нармальны савецкі грамадзянін”, дык атрымаў бы за гэта дзяржаўны ордэн. Што ж, тым большая узнагарода, скажам мы, чакае яго на Небе. Дачакаліся! У сваім краі ад чужынцаў чуем пра сваіх сьвятароў такую абразу!

Я некалі чуў, як ксёндз Каласоўскі выратаваў ад немцаў арган і званы, якія патрэбна было здаць для адпраўкі ў Дойчлянд, як каляровыя металы, што зьбі­раліся акупантамі. Цяпер я атрымаў, як кажуць, з першых рук інфармацыю пра гэты вялікі патрыятычны подзьвіг. Дапамог тады ажыцьцявіць гэтую гераічную акцыю адзін чыноўнік з управы, рускі па нацыянальнасьці, які выдаваў здатчыкам квітанцыі на здадзеныя імі металы.