Выбрать главу

Ксёндз Рыгор загадзя вывучыў усю “тэхналогію” гэтага злачыннага фашысцкага грабяжу Беларусі. Высьветлілася, што “акуратныя” немцы неахайна рабілі гэтую чорную справу: на склад прымалі абы як, грузілі ў транспарт бяз зьверкі з квітанцыямі. Малады ксёндз пайшоў на рызыку: папрасіў, вядома, бяз сьведкаў у гэтага чыноўніка фіктыўны дакумент аб прыёмцы фактычна ня здадзеных каштоўнасьцяў. Той аказаўся сумленным чалавекам і пасьля некаторага роздуму выдаў патрэбны квіток! Акрылены такой удачаю ксёндз Каласоўскі, з вернымі яму парафіянамі дэмантаваў арган, зьняўшы з яго ўсе трубы, трубкі і трубачкі, зьняў званы са званіцы і ўсё гэта было схавана ў надзейным месцы.

Дакументы аб “здачы” металаў даводзілася час ад часу прад’яўляць розным немцам-кантралёрам. А аднаго разу ксёндз іх не знайшоў. А быў якраз данос, што маёмасьць гэтая ня здадзеная, і немцы дамагаліся дакументаў вельмі настойліва. Далі тэрмін іх прад’яўленьня. Пабег ксёндз у тую управу, вечна поўную народу, з мэтаю атрымаць “законны” дублікат згубленай квітанцыі. Але ж там высьветлілася, што той сумленны рускі чалавек ужо працуе ў іншым месцы, ня выручыць. Што ж рабіць? Патаптаўся там айцец Рыгор і раптам зьвярнуў увагу, што тыя кніжачкі, якія ляжаць недалёка ад яго, гэта квітарусы якраз з бланкамі такія квітанцыяў, якія яму патрэбныя. Рашэньне прыйшло імгненна. Вакол аціраецца народ. Наблізіўся туды і ён. Абапёрся задам аб той стол і нават рукі выцягнуў на яго за сваю сьпіну. Намацаў тую “кніжачку”, вырваў некалькі бланкаў… і ў кішэню. Адсюль да таго рускага. Усё расказаў, і гэты зноў аформіў “дакумент”, які пад ухвальнае “gut!” быў своечасова паказаны таму правяральшчыку.

Калі вярнуліся бальшавікі, яны арыштавалі таго рускага за тое, што працаваў на акупантаў. Апраўдваючыся, ён, бедалага, расказаў і пра свой удзел у выратаваньні каштоўнай касьцёльнай маёмасьці. Выклікалі ў кадэбэ ксяндза. Ён, вядома, пацьвердзіў гэта, чым крыху зьмякчыў лёс няшчаснага суайчыньніка кадэбістаў.

31 ліпеня 1985 году. Нягледзячы на такія сапраўдныя патрыятычныя подзьвігі ксяндза Рыгора Каласоўскага, нельга сказаць, што бальшавікі і розныя бальшавічкі шануюць яго. Некалькі разоў на яго нацкоўвалі раённую газету. А гэтыя органы партыі ў такіх выпадках вельмі разьвязна паклёпнічаюць. Бясконца правяраецца кніга касьцёльных прыбыткаў. Касьцёл абкладаецца непамерна вялікімі падаткамі. Ксёндз вымушаны быў прадаць і сваю машыну, каб пакрыць іх. Ды й ня толькі гэта была прычына адмовы ад легкавой машыны: пачалі калоць яму ў вочы “багацьцем богаслугі”. А як па-грубіянску размаўляюць з ім упаўнаважаныя па справах культаў – і абласны, і рэспубліканскі.

Андрэй Залескі набраўся нахабства і нядаўна націскаў на айца Рыгора, каб ён даў яму інтэрв’ю да апублікаваньня яго ў асноўным за мяжою пра рэлігійную “свабоду” ў Савецкім Саюзе. Каб дамагчыся свайго, гэты высокі чыноўнік нават намякаў, што будзе садзейнічаць, каб ксяндза Каласоўскага “зрабілі” біскупам на ўсю Беларусь. Ксёндз Каласоўскі не паддаўся ні націску, ні угаворам, ні подкупам.

Дарэчы, гісторыя з беларускім біскупам – яскравае сьведчаньне рэлігійнага ўціску католікаў. Многія беларускія ксяндзы лічаць сваім біскупам – біскупа Драгічынскай дэцэзіі, што ў Польшчы (!) з вялікай цяжкасьцю, але ж мусяць падтрымліваць з ім кволыя сувязі. На цэлую “рэспубліку” няма ніводнага біскупа, ніводнай дэцэзіі, а павінна б быць добры дзясятак дэцэзіяў, кожная з адным-двума іерархамі; агульнарэспубліканскі прымас. Мы марым пра свайго кардынала. А адкуль ён будзе, калі няма зусім біскупаў?

Новы праваслаўны мітрапаліт Менскі і Беларускі Філарэт песьціць ужо надзею ўзначаліць і каталіцкую царкву на Беларусі. Так і сказаў ён: “Пошто они требуют своего епископа? Я могу быть и им епископом…” Да гэтага дапусьціць нельга. Гэта задума, ведаючы Філарэта, вельмі далёкая ад прагрэсіўнай ідэі экуменізацыі. Гэта шлях да зьнішчэньня каталіцтва на Беларусі, гэта дапамога ўраду ў спыненьні ўплыву Ватыкану на Беларусь. Я сказаў сваю думку айцу Рыгору! Ён мяне выдатна зразумеў.

Усяго толькі на ўсю Беларусь каля трыццаці пяці ксяндзоў. На добры лад, дык у адным Менску іх магло б быць столькі. Але ж у “сталіцы рэспублікі” толькі ў 1982 годзе дазволілі адчыніць адзіны касьцёл – колішні храм на Кальварыйскіх могілках!

Вельмі дрэннае становішча і з падрыхтоўкай маладых ксяндзоў. У Беларусі зусім няма дзе рыхтаваць іх. У такім каталіцкім цэнтры, як Вільня, падрыхтоўка ксяндзоў вядзецца толькі на літоўскай мове. Канешне, братцы летувісы ў гэтым выпадку паступаюць эгаістычна. Яны нават для патрэбаў Літвы маглі б рыхтаваць нямала ксяндзоў і на беларускай, і на польскай мовах. А крыху больш прыём зрабілі б, хапіла б і нам. Аднак там каталіцкія іерархі палічылі за лепшае аб’яднацца з камуністычным урадам і садзейнічаюць яму хутчэй асіміляваць беларусаў і палякаў. О, рэлігія, можа, наймагутнейшы сродак асіміляцыі!