Выбрать главу

Стомленыя і задаволеныя мы вярнуліся ў свой “нумар”. Абед заслужылі. У думках за сталом бачу вакол сябе удзячных шматлікіх прадстаўнікоў вялікага некалі, магутнага і выдатнага Роду, што залатымі літарамі ўпісаў сябе ў гісторыю майго народу і яго суседзяў, і не суседзяў.

Дзьве гадзіны мы сёньня прысьвяцілі яшчэ азнаямленьню з паркавым возерам. Узялі гэты раз ня ўвесь вадаём, а яго левую частку. Прайшлі ад дамбы і да самага канца. Гэта каля 2 тысячаў крокаў. Назад прайшлі гэтым самым шляхам (супрацьлеглы бок мы абсьледавалі ўжо раней). Возера трэба ратаваць тэрмінова! Яно імгненна зарастае…

4 жніўня 1985 году. Машын юбілей. Дзень рэкордаў, посьпехаў і іншых добрых справаў у яе гонар.

На крокамеры 19400! Роўна двое сутак таму (зараз таксама 22 гадзіны 20 хвілінаў) я напісаў, што дасягнуты тады рэкорд 16140 крокаў ня хутка будзе перакрыты. Але ж рэкорд той, дзякаваць Богу, аказаўся нядоўгавечным. Яшчэ да 8 гадзін раніцы на табло майго лічыльніка было 3500 крокаў: пакуль Маша спала я зьбегаў на рынак, каб купіць кветак. Купіў за пяць рублёў цудоўны букет гладыёлусаў, “аздобленых” “елачкаю-павуцінкаю”. Такіх раскошных букетаў было ўсяго толькі два! Аднаму некаму яшчэ пашанцуе. Мая рупівасьць разам з адпаведнымі словамі выклікала і адэкватнае ўражаньне. Абодва мы былі шчасьлівыя. Дзень пачаўся з пазітыўных эмоцыяў.

Пра нашае сьвята ў санаторыі ніхто ня ведаў. Звычайна ў такіх выпадках нейкая “афіцыйная” асоба пад “шквал апладысментаў” апавяшчае за сьняданкам на ўсю сталоўку пра такую падзею, нават пра радавы дзень нараджэньня. Прама тут у столь ляцеў корак з бутэлькі “Савецкага шампанскага”. Цяпер такія салюты ў СССР забароненыя. Мая юбілярка любіць якраз “Савецкае шампанскае”, я таксама ня супраць яго, і тым ня меньш мы ім не салютавалі ні ў сталоўцы, ні ў сваім пакоі – гэта было б кваліфікавана “адпаведнымі органамі” як нашае крымінальнае злачынства (!).

На сыходзе сёньняшняга дня я кажу Гарбачову і Ко шчыры дзякуй за такі новы парадак. Хоць мы з Машаю і не вялікія ахвотнікі да тых самотаў, але ж гадзіну-другую прыемна пасядзелі б у сваім “нумары” за прыгожа накрытым сталом з бутэлькай “Савецкага шампанскага”. Дзякуючы н’ю-крамлёўскім атэістычным эпігонам “маралі”, мы гэты час правялі ў касьцёле (Ведалі б яны і пра такі нечаканы эфект кампаніі!..)!

Прыняць удзел у гэты дзень у ранішняй Імшы мы зьбіраліся даўно. Але ж сёньня мы пайшлі ў касьцёл і другі раз, на дзённую Імшу. Пайшлі ўсёй сям’ёю: павіншаваць маму прыехалі дзеці, і паводле маёй прапановы быў прыняты менавіта такі план сьвяткаваньня.

Другая Імша завяршылася працэсіяй. Уражаньне ў дзяцей ад яе засталося выдатнае. Яна і сапраўды са скідкаю на падсавецкія ўмовы прайшла добра. Забароненыя ж ня толькі вулічныя рэлігійныя працэсіі, але і працэсіі на касьцёльным ці царкоўным дзядзінцы. Дазваляюцца працэсіі толькі ў сярэдзіне храму(!). У Нясьвіжскай і шмат якіх цэрквах і касьцёлах такіх магчымасьцяў зусім няма. Адпадае неабходнасьць у вялікай наменклатуры традыцыйнага “інвентару”!!!

Прыгожае, няветхае аблачэньне ў ксяндза і адзеньне ў міністрантаў і шматлікіх (да дваццаці чалавек!) памочнікаў. З годнасьцю адпавядаюць свайму ганароваму прызначэньню ўсе неабходныя прыстасаваньні да працэсіі – балдахін, харугвы, ліхтары і многае іншае. Цудоўна глядзяцца харугвы з выяваю Маці Боскай Вострабрамскай, Маці Боскай Частахоўскай, Сэрца Ісуса, сьвятога Казіміра. Вельмі прыстойны балдахін. А яшчэ ўчора (дый у папярэднія дні) за балдахін я лічыў чахол ад яго, які кожны раз, наведваючы касьцёл, бачу справа, паміж алтарамі любага мне св. Андрэя Баболі і св. Францішка Асізкага. Не далей, як учора, я падумваў ахвяраваць гэтаму касьцёлу багаты балдахін. Як я яго зрабіў бы, цяжка сказаць, але нейкае выйсьце шукаў бы. А цяпер убачыў, што трывога мая была дарэмная. Абмежаваўся сёньня грашоваю ахвяраю ў дваццаць пяць рублёў. Яна была зробленая ў інтэнцыі Юбіляркі і “дзякуючы” Ёй.

Яшчэ з часу нашай сумеснай паездкі ў Баку (а можа, і значна раней, у Тбілісі (1959 год) Марыя пераканалася, што я не шкадую грошы на храмы. Прытым на храмы ўсіх рэлігіяў, з якімі мы маем дачыненьні. Тады ў Азербайджане я адносна вялікую ахвяру ўнёс на галоўную мусульманскую мячэць у СССР. Праз некаторы час я прызвычаіўся да таго, што гэтую місію, калі мы разам, выконвае Марыя – звычайна ж у яе “сямейная каса”. Днямі пасьля маёй прапановы ўнесьці ахвяры ў Нясьвіжскія храмы, я даведаўся, што “ўжо ўнесены “срэбрам” у скарбонкі і касьцёлу і царквы”. (Серабром мы называем “белую” разьменную манету.) Я ня мог абмежавацца тымі “klejnotami”.

Выходзячы з касьцёлу, я сустрэўся з паннаю Рэгінаю, гаспадыняй айца Рыгора. Яна шчыра запрашала прыйсьці на абед у плебанію. На жаль, мне заставалася толькі ветліва падзякаваць і бегчы да сваіх дзяцей, бо праз якіх-небудзь пару гадзінаў мы мусім іх адпраўляць назад у Менск. За гэты час мы з большага паказалі ім замак і парк. Дочкі нашыя пакінулі нас задаволенымі сваім днём. Мы таксама ім задаволеныя!