Выбрать главу

…Закаханы я сэрцам

У сьцежкі над Бугам і Сожам.

А чаму ж мне і ў сьне

Чуцён шум падмаскоўных бароў,

Гулкі рокат Нявы

І дыханьне прастораў Паволжа?

Маладзейшы за К. Кірэенку паэт Юрась Сьвірка “ва ўнісон” цытаванаму вышэй Янку Купалу сьпявае:

Колькі помніць мой край,

Бласлаўлялі Маскву.

А жывём з ёй у дружбе

Стагодзьдзяў нямала.

Прад табою, Масква,

Я хілю галаву:

Ты ніколі ў бядзе

Мой народ не кідала.

О, як гэтыя радкі “пераклікаюцца” з Купалаўскімі! “А жывём з ёй у дружбе // Стагодзьдзяў нямала” – кажа пра Маскву Ю. Сьвірка. “Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай, // Запрог цябе ў няволю, ў батракі”, – “закругляе” Юрасеву думку Янка Купала. Можна пазайздросьціць цэнзару АТ 01119! Дагадуе ён спакойна і бестурботна сваіх дзяцей з такімі аўтарамі, з такімі укла­дальнікамі-штукарамі.

Яшчэ “Выбраныя творы” – Янкі Лучыны. Іх падрыхтаваў і выдаў Сьцяпан Майхровіч у 1953 годзе. Аб’ём невялічкі – 2,12 ул.-выд. арк. Многія, нават “дзеячы беларускай культуры” думалі, што гэта ўвесь Лучына. А цяпер мы выпускаем яго аб’ёмам каля 15 аркушаў і бачым, што і гэта яшчэ ня ўвесь Лучына. Як слаба пастаўлена і як марудна разгортваецца і сталее беларускае літаратуразнаўства! І зноў-такі прычыны вымушанага ягонага русафільства. Гэтая хвароба лезе ва ўсе нашыя поры, хутка задушыць канчаткова наш культурна-грамадскі арганізм. Вось і гэтая самая кніжачка якраз напалову складаецца з твораў, напісаных аўтарам па-польску. Аднак у прадмове да яе чытаем, што “Янка Лучына выхаваўся пад жыватворным уплывам перадавой рускай культуры”. І ні слова пра ўплыў на яго польскай культуры! Такая “навуковая аб’ектыўнасьць”, лёгка кажучы, нам ужо моцна абрыдла!

Выданьне мае, вядома, і свайго цэнзара. Гэта АТ 03569!

У выходных зьвестках кнігі двойчы названы Сталін. Першы раз там, дзе прыведзена друкарня, што надрукавала кнігу – “друкарня імя Сталіна”. Другі раз у адрасе друкарні – “Менск, прасьпект імя Сталіна, 105”. Во, як цікава нам жылося ды й жывецца!

Затое тыраж кнігі такі, які трымаўся аж дагэтуль на тым узроўні для аналагічных выданьняў – 8 тыс. экз. Цяпер ужо нам даюць у некалькі разоў меншыя заказы – безумоўна “пад жыватворным уплывам рускай культуры”, якая зьела ўжо беларускую, у прыватнасьці, новае выданьне Янкі Лучыны мы ўжо самі планавалі ня восем, а шэсьць тысячаў экземпляраў. Тыражная камісія дала яшчэ менш! Мы ўсё яшчэ ваюем. Ваюем за кожнае выданьне. Ваюем аж да інфарктаў…

На форзацы кнігі Янкі Лучыны маецца надпіс Валодзі Ракашэвіча. 5 мая 1962 г. ён другі раз падарыў мне яе. Першы раз – “много лет тому назад”, як ён піша. А гэты, другі раз – “В день печати”. Мабыць, гэта мне, як журналісту, маладому выдаўцу.

А гэта вось вершы Міколы Ганчарова на рускай мове “Земля в цвету”. Выданьне нашае з 1983 году, з партрэтам аўтара, яго аўтографам і, вядома, з цэн-зарам: АТ 21149.

Аўтар яўна выкарыстаў сваё службовае становішча начальніка аддзелу Дзяржкамвыду. Папера – найлепшая. Неабавязковы для такога паэта партрэт – тут ёсьць. Павінна была быць мяккая вокладка, а тут, бачу, цьвёрдая, цэлафанавая. На 64 старонкі выданьня аж 10 старонак не пад тэкстам. Каб гэта была кніга звычайнага аўтара, ужо напэўна, былі б жорсткія санкцыі з боку Камітэту.

На адвароце тытульнай старонкі стаіць наборам: “Рэцэнзент – Кастусь Цьвірка”. Раней ставілі гэта толькі ў навуковай літаратуры, цяпер ужо і на мастацкай. Гэта так хочуць заканапаціць усе шчыліны, каб ніякая “контра” не пралезла. Гэта дадатковы цэнзар. Раз надрукавалі яго прозьвішча, значыць, будзе чытаць пільна. Перш за ўсё, вядома, “з пункту гледжаньня ідэйна-палітычнага”. Вось і нара­джаюцца цэлымі касякамі такія кнігі, як гэтая “палітыка-паэтычная”. Эпіграф да ўсяе кнігі – палітычнага зьместу. У кожным з трох разьдзелаў мноства палітыкі, палітычнай кан’юнктуры. У самым першым вершыку “небо, небо полыхает от кумача…” Другі верш называецца “Коммунисты”. Аўтар у ім дэкларуе: “Мы, коммунисты, мы судьбы пророки, Мы нынче звёзд касаемся плечом”.

Ня будзем больш займаць свой час на прагляд усяго зборніка. Ён надзвычай “роўны”…

“Сяргей Грахоўскі. Кніга надзеі. Кніга новых вершаў 1982-1984”. Рэцэнзент С. Гаўрусёў. Цэнзар АТ 05761.

Ёсьць і аўтограф: “Дарагому МФД з даўняю шчыраю павагаю і самымі шчодрымі пажаданьнямі дабра. С. Г. 8 ІІ -85”.

Дзьве кнігі лірыкі Васіля Жуковіча з ягонымі аўтографамі: “Суседства” (1982) і “Цана цішыні” (1985). Цэнзары АТ 07678 і АТ 06648. Ня ведаю, чаму гэтыя сьціплыя кніжачкі сімпатычнага Васіля апынуліся не на сваім месцы, а недзе былі прыткнутыя, нібы часова. “Цану цішыні” я мог бы, праўда, адкласьці з-за аднаго верша – “Мая мама верыла ў бога”. Маладзец, Васіль! Апеўшы матчыну навуку, ён сьмела прызнаўся, што “з гэтым кодэксам рос я, вырас… не расстаўся й да гэтай пары” і перадаў яго свайму сыну: