Выбрать главу

У той жа час учора і сёньня я станоўча вырашыў матэрыяльныя пытаньні трох пісьменьнікаў – П. Лісіцына, К. Тарасава і Веры Вярбы. Двое першых дастаткова нацярпеліся ад цэнзуры і розных камітэтаў за свае апошнія кнігі. І гэтым яны мне сімпатычныя. Вера Вярба, як кажуць, “асоб стацьця”. Папрасіла, бедалага, аванс пад сваю кнігу, якая яшчэ ў чарнільніцы: нідзе цяпер не працуе, зводзіць канцы з канцамі.

Сказаў Серафіму пра сваё рашэньне Бажковай “справы”. Ён упэўнены, што мяне прымусяць праз Цэка зрабіць так, як хоча Бажко, бо Бажко ім патрэбен, і яны яго заўсёды падтрымліваюць і падтрымаюць.

23 жніўня 1985 году. (23. 8. 39. Пакт “Молатаў-Рыбентроп”)

Нарэшце атрымаў сігнал каталогу на рускай і англійскай мовах “Кнігі беларускіх пісьменьнікаў. 1984-1985”. Гэта асноўны наш рэкламны матэрыял на ММКВК-85 і, здаецца, найлепшы з усіх папярэдніх. Найлепшы, таму што дырэктар на гэты раз быў патрабавальным. Прыемны фармат: 60х100 1/16. Вокладка падвойная, цёмна-сіняя, сфальцаваная. На ўсіх васьмі старонках вокладкі вывараткаю дадзеная найважнейшая інфармацыя пра выдавецтва. Асноўная ж інфармацыя – гэта анатацыі на лепшыя нашыя выданьні. Сярод іх нямала трапляецца анатацыяў нестандартных, у якіх вельмі зацікаўлена і шчыра апавядаецца пра твор і яго аўтара. Перад кожнай анатацыяй зьмешчаная чорна-белая рэпрадукцыя вокладкі яе кнігі, на чатырох з іх – партрэты аўтараў, на дзьвюх – партрэты герояў кнігі. Гэта Янка Купала і Максім Гарэцкі на шматпакутных, жорстка працэнзураваных кнізе Алега Лойкі “Як агонь, як вада” і зборніку Максіма Гарэцкага “Успаміны, артыкулы і дакументы”; Васіль Быкаў, В. Дунін-Марцінкевіч, Ян Скрыган, а таксама М. В. Фрунзе.

Маё даручэньне рэдакцыі было зьмясьціць партрэт ўсіх аўтараў рэкламуемых кніг, апрача таго, даць найбольш цікавыя каляровыя ілюстрацыі да твораў. Замест гэтага рэдакцыя ўсю справу ілюстраваньня каталогу зьвяла толькі да паказу першай старонкі пераплёту (вокладкі).

24 жніўня 1985 году. Атрымана каманда саюзнага ўраду “паўсюдна перайсьці на выпуск малака тлустасьцю 1,5% замест цяперашняй тлустасьці 2,5%”. Беларускі навукова-дасьледчы інстытут санітарыі і гігіены паслаў пратэст, калі так можна назваць тую пакорлівую просьбу, каб “пакінулі як было, бо гэта з пункту гледжаньня медыцыны лепш, чым мяркуецца.

З міністэрства аховы здароўя ўжо маецца і адказ (тэлефонны): “Ніхто вашую просьбу не задаволіць. Хіба што для дзяцей і хворых будуць нейкую колькасьць выпускаць па ранейшых паказчыках”.

Дарэчы, у Маскве і дагэтуль было 3,2%. Быццам бы пакідаюць так і надалей. Вядома, азіраюцца на замежных грамадзянаў, якіх там “поўна”.

25 жніўня 1985 году. (Лозунг: “Не дадзім гарэлку ўключаць у “Чырвоную кнігу”!)

М. М. Сьлюнькоў нядаўна перад падначаленымі яму бонзамі сказаў, маючы на ўвазе “антыалкагольную кампанію”: “Ахвотнікам выпіць трэба ўсюды ствараць максімальныя нязручнасьці і невыгоды, пачынаючы з магазіна.”

Па ўсім відаць, што гэтая дырэктыва шчыра выконваецца, асабліва міліцыяй, яшчэ да Сьлюнькоўскае каманды. А можа, гэта ён паўтарыў толькі каманду маскоўскую?

Так званая “антыалкагольная” кампанія пачыналася і працягваецца як антынародная. Надзвычайную ўладу атрымалі карныя органы, асабліва міліцыя, асабліва падонкі з міліцыі, па якіх, як сказаў мне Алесь К., даўно плача народная вяроўка.

1 верасьня 1985 году. Сёньня зноў узьнікла патрэба ехаць на Камароўскі рынак – купляць цьвікі для дачнае падлогі. Да васьмі гадзінаў раніцы я быў ужо там. Але высьветлілася, што патрэбная мне лаўка адчыняецца толькі а 9-й гадзіне.

Вырашыў пахадзіць па рынку, паглядзець што і па якіх цэнах прадаецца. Адразу кінулася ў вочы, што сёньня тут царства кветак. Яно і зразумела: першы дзень навучальнага году: усе, паводле традыцыі, ідуць у гэты дзень у свае Alma mater з букетамі кветак. Вочы разьбягаюцца, цяжка спыніць іх на чым-небудзь.Усюды хараство надзвычайнае. Мноства сталоў на агромністай плошчы застаўленыя, як правіла, вёдрамі, поўнымі кветак. Кветкі ў букетах, кветкі “уроссып” – бяры, колькі трэба і камбінуй сам букет, а ня ўмееш, скажы і табе дапамогуць зрабіць гэта хутка, прыгожа і бясплатна, заплаці толькі за цэлафан.

Гэта сезон кветак, да першага верасьня расцьвітаюць ужо і пышныя “асеньнія” кветкі, не адышлі яшчэ і “летнія”. Аднак цэны сёньня такія, якія можна апраўдаць толькі глыбокай зімою для кветак, выгадаваных у цяпліцы ці ў хатніх умовах. “Кветкаводы” карыстаюцца момантам, каб як найлепш аказаць “паслугу” сваім бліжнім. У ход пускаюць усё тое, на што ў звычайныя дні сезону ніхто і не глядзіць. А цэны на такое “абы-што” гнуць такія, якія звычайна саромеюцца прызначаць нават на экстралюксусовы тавар.