Выбрать главу

Напрыклад шыкоўныя гладыёлусы ў метр і больш вышынёю павінны б каштаваць цяпер штука рубель-паўтара. А сёньня паўтара-два рублі каштуюць малюпасенькія гладыёлусікі, так званыя “дзеткі”. А тых экстра-люкс сёньня і не дакупішся.

Нейкія маленькія ружачкі, “мерседэс”, як мне сказалі, – два рублі штучка. Хрызантэмы – рубель, паўтара і два. Астры – 15-20-30-40 капеек штука. А калі які палепшаны гатунак, як, скажам, “бальфі” хрызантэмападобны ці яшчэ які, дык і да рубля штука(!)…

Гвазьдзікі – па рублю. Флоксы і тыя па 20 капеек за штуку.

На ўсё гэта дзяржаўныя цэны разоў у пяць ніжэйшыя. Але ж дзе тая дзяржаўная прадукцыя? Яе альбо няма зусім, калі трэба, альбо ёсьць ды такой якасьці, што абмінеш яе пятай дарогаю.

Час у мяне быў, і я пахадзіў крыху паміж харчовымі радамі. Там, дзе прадаюць сала-мяса, я даведаўся, што не сяляне-прадаўцы вызначаюць цану на гэтыя прадукты, а кіраўніцтва рынка. “Во, – кажа мне інтэлігентнага выгляду прыгожы малады селянін, – паглядзіце: гэтыя этыкеткі яны выдалі мне з прастаўленымі ўжо цэнамі”. Гляджу: “Сала кг. 3 р.”; “Сала кг. 3 р. 50 к.”; “Мяса свіное кг. 5 р.” “А вы колькі самі паставілі б?” – пытаю я. “На сала, мабыць, так і паставіў бы, як яны, а мяса давёў бы да шасьці рублёў, – кажа ён, – скажам на так званую “выразку”. Ён нагнуўся, узяў вялікі кавалак мяса, паказаў мне: “Адна справа мяса з касьцямі, а другая – вось такое. Гэта ж нібы сонца”. Пры гэтых словах твар маладога жывёлавода прасьвятлеў. Ды і ўвесь ён неяк нібы засьвяціўся. Гэта перадалося і мне. “Параўнаць плён сваёй цяжкай працы з сонцам можа толькі чалавек добры, разумны і ўлюбёны ў сваю працу”, – усхвалявана падумаў я.

Я папрасіў яго ўзважыць мне два кілаграмы “гэтага сонца”. Ён зрабіў гэта упэўнена, прыгожа і majestatycznie. Спрытна мне загарнуў і паклаў перада мною. Падаю яму 13 рублёў – чырвонец і траяк.

– А нашто траяк? – пытае ён, – гэта ж усё каштуе дзесяць рублёў.

– За сонца, – адказаў я і, хутка вымавіўшы: – “Удалага вам гандлю!”, – пайшоў далей. Мяне імгненна ўкруціла ў чалавечы вір. Але я пасьпеў яшчэ пачуць некаторыя словы “прадаўца сонца”, што адрасаваліся мне:

– Паважаны грамадзянін, вазьміце здачу… Ну, вазьміце здачу: я ж даражэй ня маю права прадаваць…

“Памідоры – рубель – паўтара за кілаграм, – іду я далей. І ўсё-такі дорага, падумаў я: апельсіны прывозяць “з-за мора-акіяну”, а цана на іх увесь час трымаецца адзін рубель сорак капеек кілаграм. А гэта ж сваё, павінна б быць значна таньней.

Побач агуркі. Цана: два рублі. Я зьдзівіўся. Наблізіўся да прылаўка і перапытаў.

– Правільна напісана, – адказалі мне. Першыя і апошнія заўсёды дорага. А гэта апошнія.

У другім месцы я ўбачыў салёныя (а можа і маласольныя?) агуркі. Цана тая самая: два рублі.

Час набліжаўся да дзевяці гадзінаў. Значыць, мне трэба было “закругляцца” з гэтай “дзейнасьцю”. А хацелася яшчэ што-небудзь паглядзець. Сёе-тое пасьпеў.

Морква ад 40 да 80 капеек кілаграм, да васьмі разоў даражэй за “дзяр­жаўную”.

Буракі – сорак капеек, альбо ў чатыры разы даражэй за кілаграм.

Кроп – 15 капеек пучок грамаў на 50. Ніхто ніколі, колькі я памятаю, не спрачаецца за такую фантастычную цану: амаль 2000 адсоткаў ад дзяржаўнай! Колькі трэба гэтага кропу? Мізэр!

Таксама пятрушка – 15 капеек такі ж пучочак. Дзяржаўнай цаны ня ведаю. Думаю, што ня больш, чым за той кроп.

А вось перац і часнок прадаюць штукамі: стручок перцу 20 – 30 капеек, галоўка часнаку – 25 капеек. Колькі, думаю, галовак яго ў кілаграме? Дзяржаўная ж цана рубель дваццаць капеек за кілаграм…

А во нашыя “фрукты-ягады”:

Яблыкі рубель-паўтара кілаграм. Можна купіць і за 50 капеек. Але яны ўжо будуць мець мала адносінаў да цудоўных беларускіх яблыкаў. Дорага! А ў параўнаньні з тымі ж апельсінамі?!

Яшчэ даражэй грушы: добрыя па два з паловаю рублі кілаграм – амаль як два кілаграмы заморскіх апельсінаў!

“Шырока прадстаўлена” на рынку таксама лясная гаспадарка. Ягады прадаюцца шклянкамі, травы лячэбныя – пучкамі, а то і шклянкамі, калі, скажам, плады, ці адны сухія кветкі. Характэрныя гэтыя шклянкі: адкуль гэтыя бабкі, думаеш ня раз, бяруць такія маленькія шкляначкі, якім вельмі далёка да стандартнай, 200-250-грамовай? Гэта таксама спосаб “узьвінчваньня цэнаў”.

Чарніцы прадаваліся на рубель тры шклянкі, брусьніцы – па 60 капеек шклянка.

Мне спадабаліся дзьве бабкі, што прадавалі “траўкі”. Я зьвярнуў увагу на зграбненькі пучочак нейкіх сухіх расьлінак. Мне з гатоўнасьцю расказалі, што гэта “сьлёзкі”, што каштуюць яны рубель, што лечаць імі тое і тое (на жаль, я не запомніў уласьцівасьцяў мноства расьлінаў, якія мне тут паказвалі: занадта многа было гэтай нязвычнай мне інфармацыі.).