Выбрать главу

Адчуваю сябе сапраўды лепш – лекі ўсё-такі падзейнічалі. Ціск зьбілі – 130/80, як вызначыла дзяжурны ўрач (наша пасьля начнога дзяжурства адпачывае, мабыць, будзе заўтра).

Вось ужо прынесьлі перадабедзенныя “сьпецыі” – карвалол і па таблетцы нітрасарбіда, карынфара і каўфеліна. Значыць, дадзены сігнал на абед. Пайду.

Пасьля паабедзенага адпачынку былі Марыя і Эдуард (Скобелеў – рэд.). Цяпер маю поўна фруктаў і добры напітак – журавінавы сок, аж два слоікі. А якія астры! Вось калі я ўбачыў апраўданьне іх назвы – “зорка”. Варта хоць адзін толькі раз па-сапраўднаму паглядзець на гэтыя бальфі, унікум-усьмешкі, дзюшэсы, горльдштрасы, прынцэсы і вы назаўсёды палюбіце гэтыя кветкі. Палюбіце і не паверыце, што яны сьціплыя, бедныя. Яны шыкоўныя! І мне іх так багата прынесьлі, што атрымаўся яшчэ вялікі прыгажэнны букет Валянціне Фамінічне Курбатавай – сімпатычнай інтэлігентнай жанчыне, з якою мы зноў сустрэліся тут.

9 верасьня 1985 году. Мінулы дзень быў – не стандартны, бо выхадны. А вось сёньня панядзелак, пачатак рабочага тыдня. Узяліся за мяне вельмі актыўна. З самай раніцы ўколы – гіпарын і трайчатку (кактэйль); ЭКГ; кропельніца; двойчы бралі кроў на аналізы – адзін раз перад кропельніцай – іголку пакінулі ў руцэ і “падвялі” да яе кропельніцу, другі раз “самастойна”, з пальца; ранішні ўрачэбны абход (ціск: 140/80), пульс нармальны, тэмпература – таксама. Наведала мяне нават Ірына Аляксандраўна – загадчыца нашага аддзяленьня. Таксама паслухала, памерала, параіла…

Па-свойму “лечыць” няня. Ёй, напрыклад, сказалі раніцай: “Вазьміце, калі ласка, у туалеце слоік для аналізу”. Гэта яе прамы абавязак. Яна нярвова пачала распытваць, колькі ён там стаіць, а якой гадзіне дакладна быў пастаўлены і г.д. Ёй вымушаныя былі адказваць. “Я не хочу за кого-то работать. Это должна была моя предшественница сделать.” Праз некаторы час мы ёй кажам, што там, у тым самым туалеце няма паперы. “Много слишком рвете”, – адразу вырашыла нашую праблему цётка. Яна адчыняе нашыя дзьверы і заходзіць у палату няспынна. Часта нічога так і ня скажа, часам паглядзіць у які-небудзь кут, адчыніць шафу, ці што-небудзь палічыць (скажам, па колькі ў кожнага з нас прасьцінаў ці коўдраў). А часта – проста так адчыніць дзьверы, зойдзе ў палату на крок-другі і вяртаецца некуды назад.

У палаце, апрача мяне, яшчэ двое мужчынаў. Адін гадоў на пяць маладзейшы за мяне, Віктар Андрэевіч Сьляпцоў. Ён з дзяржплану БССР, займаецца, як ён сказаў “новай тэхнікай”. Я яму сказаў, што я думаю пра “новую тэхніку” ў паліграфіі. Сказаў, што нельга яе прымусова насаджаць у нас тады, калі нічога не забясьпечана для яе бесперабойнай працы. Заўсёды чаго-небудзь не хапае, скажам для фотапалімернага спосабу заўсёды няма нейкіх пласьцінаў, для іншага спосабу – нечага яшчэ. Выпуск гэтым спосабам нам вельмі дорага каштуе. І вельмі доўга! Ёсьць у нас кнігі, што знаходзіліся ў вытворчасьці некалькі гадоў – не было тых пласьцінаў ці нечага яшчэ. “Таварыш” у дыскусію не ўступіў.

Другі мой сусед – гадоў на пятнаццаць старэйшы за мяне. Жонка яго – доктар педагагічных навук, прафесар. Сам ён у 1963 годзе зьняў вайсковую форму, быў афіцэрам, але не страявым, а “ідэалагічным” – выкладаў у вайсковых вучылішчах гісторыю КПСС і палітэканомію. Цяпер выкладае ў Менскім дзяржпедінстытуце імя Горкага палітэканомію, зваць Пётр Іванавіч. З ім была нават дыскусія.

– Такое дрэннае надвор’е, – кажа Віктар. – І як гэта тым студэнтам у калгасах?

– А наогул няправільная практыка ганяць студэнтаў у калгасы, – падаю голас я.

– Чаму няправільная, скажыце, можа, вы ведаеце спосаб не пасылаць? – адазваўся Пётр Іванавіч.

– Ну, такое пытаньне не палітэканому ставіць, – адказваю. – Хіба вы хутчэй за каго маглі б і павінны ўбачыць, што эканоміка “нашая”, у дадзеным выпадку сельская гаспадарка, жыве на ўколах, што сістэма зусім не працуе, альбо “працуе” з вялікімі перабоямі.