Выбрать главу

Гэта той Чалавек, які стаяў ля вытокаў незалежнай Беларусі. То мы Яго бачым на румынскім фроньце, гуртуючым вакол сябе беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі дзеля фарміраваньня Узброеных сілаў Беларусі. То Ён арганізоўвае і ўзначальвае Беларускую Цэнтральную вайсковую Раду. А колькі энергіі каштаваў Яму ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні Першага Усебеларускага Кангрэсу, які 25 сакавіка 1918 году абвясьціў Беларусь.

Апынуўшыся ў той частцы Беларусі, што была выгадна куплена Пілсудскім у Леніна, Ён рыхтуе беларускі народ да самастойнага дзяржаўнага жыцьця: піша статут нашай велічнай масавай палітычнай партыі “Грамада”, зьяўляецца адным з яе найталенавіцейшых правадыроў. Прадчуваючы магчымы разгон палякамі гэтай грознай сілы, Ён разам з Вялікім Тарашкевічам арганізоўвае “другую лінію акопаў” – ажыўляе ледзь жывое Таварыства беларускай школы. І мы бачым Яго ў кіруючай экіпе ТБШ.

А яго дзейнасьць у якасьці дэпутата Сейма! А яго публіцыстыка! Ён жа яшчэ і вучоны, і кампазітар!

Сакрат Яновіч называе Яго “дэміургам практычнасьці”. Безумоўна, геніяльны чалавек, феномен. І вось гэты “дэміург”, гэты “феномен” паверыў… бальшавікам. Ён убачыў у БССР тое ядро, вакол якога павінны зьбірацца ўсе беларускія землі, “убачыў” і апынуўся ўсё-такі тут. Апынуўся, каб хутка разьвітацца з такім дарагім для ўсяго чалавецтва сваім жыцьцём…

“Ніва” адзначыла гэтыя славутыя ўгодкі так, як не дазволілі адзначыць у беларускім савецкім друку.

Ня можа нікога з сапраўдных (неабальшавічаных) беларусаў не закрануць за жывое пастаянная калонка, якую вядзе вядомы беларускі паэт Беласточчыны Алесь Барскі. Калонка называецца “На мяжы”. Думаю, што маецца на ўвазе граніца. Алесь Барскі, насуперак злосным прасавецкім выпадам літаратара ад кадэбэ Аляксандра Бажко, кшталтуецца, як там на Беласточчыне кажуць, у выдатнага дзеяча сучаснага беларускага руху ня толькі свайго рэгіёну. Яго думкі, назіраньні, аргументы, выкладзеныя не мудрагеліста, а даступнаю ўсім моваю, будуць, напэўна, мець пажаданы эфект. І ўжо маюць! Я ніколі не бываю абыякавым да іх. Гэта разважаньні, а часта і балючы лямант беларуса-патрыёта, гэта набат. Ён заклікае і просіць беларусаў быць беларусамі. Перш за ўсё, гэта ад нас залежыць, сьцьвярджае ён; калі самі не паддамося, асімілятары не адолеюць нас. Вось яго тэзіс. І ён у даступнай форме папулярнымі прыкладамі ілюструе нашую беларускасьць і яе паступовае занядбаньне некаторымі беларусамі.

Гэты свой драматычны тэзіс-заклік Алесь Барскі часта ілюструе адпаведнымі гістарычнымі прыкладамі. “Дзякаваць Богу прыкладаў у нас хапае! Уся нашая гісторыя – суцэльны прыклад упартай барацьбы беларускага народа за сваё самавызначэньне, за сваю незалежнасьць, за захаваньне сваёй самабытнасьці, супраць паланізацыі і русіфікацыі. (Перад гэтым тэрмінам у мяне машынальна ўпісалася слова “асабліва”, аднак я яго адразу і выкрэсьліў. Хоць русіфікацыя беларускаму народу прынесла непамерна больш бяды, чым паланізацыя, і дагэтуль яшчэ зьяўляецца нашым ворагам №1, але любому іншаму народу для найвялікшай яго трагедыі хапіла б і такой паланізацыі, якую перажыў і яшчэ церпіць беларускі народ).

Я бачу, што мне ня выбрацца з гэтага 15 нумару “Нівы”. Кінуўся ў вочы невялічкі, радкоў на 120, артыкул з актуальнай майму настрою назвай на польскай мове: “Klopaty z mniejszosciami” (“Клопат з нацменшасьцямі” – М. Д.). Аўтар зьлёгку прыхаваны пад крыптанімам “С. Я.”. Аніякага няма сумненьня, што гэта Сакрат Яновіч – найвыдатнейшы празаік сярод нашых беластаччанаў, чалавек з вельмі абвостранай нацыянальнай самасьвядомасьцю. Апрача гэтых зайздросных якасьцяў, Сакрат адрозьніваецца яшчэ і надзвычайнай сьмеласьцю. Будучы з нейкае прычыны ў стане афекту, ён кінуў у твар сваім тамашнім калегам вельмі неасьцярожны папрок. Соль папроку ў тым, што ў кіраўніцтве БГКТ і яшчэ сям-там – “усе кадэбісты – ці польскія ці савецкія”.

Гэта, мабыць, стала вядома названаму ўжо Бажку, і ён адразу данёс “па інстанцыі”, што Яновіч – агент імперыялістычнай разьведкі. Пачалі пільна вывучаць яго паездкі ў Менск, ці не нашкодзіў ён тут.

Усё гэта чыстая праўда, бо асабіста мне Бажко даводзіў, што “Яновіч усё ў нас выведвае і перадае за мяжу” і г. д. Шкада, што, як я бачу, Яновіч і Барскі ня мірацца. Ад Яновіча я ня чуў пра Барскага нічога дрэннага (і добрага нічога), а Барскі занадта шырока тут, у Менску, б’е свайго калегу па справе. Чаму? Трэба разабрацца! Трэба рэабілітаваць (палітычна) Сакрата. Ён галоўны там тэарэтык. А мне і ваяўнічасьць яго імпануе!

Ну, дык гэты самаы “С.Я.” узяў для свайго артыкулу той польскі загаловак не адвольна. Так называўся ў тыднёвіку “Палітыка” за 16 сакавіка г.г. артыкул прафесара Ежы Тамашэўскага. Я, на жаль, ня ведаю гэтага вучонага. Цяпер бачу, што гэта перадавых поглядаў чалавек.