Выбрать главу

І Коля ўсё-такі прыбег, хоць быў і ўчора, і заўчора. Прынёс “ЛіМ”, што мне нямала. Але ж само яго зьяўленьне – даражэй за ўсе тыя лекі…

Быў Барыс Сачанка. Дзякуй яму. Ён убачыў, што я не размоватабельны і паабяцаў зайсьці іншым разам. А цяпер яму, як сакратару СП, ёсьць каго праведаць. Тут Фёдар Куляшоў, тут Леў Салавей, тут, кажуць, і Лёня Яўменаў нібыта з інсультам вока. Можа, яшчэ хто.

Барыс толькі “пацікавіўся”, на якой мове мы з Міколам размаўляем паміж сабою. Ён ведае, што Мікола вывеў ужо ледзь не ў эпагей пытаньне з пашырэньнем выкарыстаньня заходне-палесскай (яцьвяжскай) гаворкі. І ведае, што я яго горача падтрымліваю на ўсіх этапах. І не сакрэт нікому, што абодва мы, як ні круці, а ўсё-такі носьбіты якраз гэтай “мікрамовы”, як сьціпла пагаджаемся мы зваць пакуль яе.

29 верасьня 1985 году. Нядзеля. Крыху лепш, чым учора. З сям’і нікога ня будзе цэлы дзень. Вельмі цяжка жыць і чакаць. А як там Галька, любая, маленькая? Як яна без чужой дапамогі? Цэлы ж месяц! А заўтра я яшчэ, можа, і ня ўбачу яе – панядзелак. Ірынку даўно ўжо ня бачыў. Я быў у курсе ўсіх Галіных практык, кожнага яе ўроку, цешыўся, як яна старанна рыхтавалася, бачыў плён гэтае падрыхтоўкі – бліскучы плён.

Тут жа ўсё праходзіць паўз мяне. Спытаеш – “не патрапіш”, пакрыўдзіш, расхвалюеш?! У чым справа? Толькі чую скаргі – скаргі на клас, скаргі на класную, скаргі на настаўніцу, скаргі на расклад заняткаў у школе і заняткаў на факультэце, скарга (гі, гі, гі!!!) на літаральна немагчымасьць вырашыць пытаньне з тэмаю дыпломнай працы. Увесь час я пад такім напружаньнем! І тады, калі яшчэ быў дома, дый цяпер. А гэта мне зусім не карысна.

Усё-такі Марыя наведала. Я думаў, што выедзе позна і да мяне ня трапіць. Дзякаваць Богу, пасьпела.

30 верасьня 1985 году. Канец дня. Алены Сяргееўны няма – у нейкім адгуле. Абход рабіла сама Ірына Аляксандраўна. Сказала шчыра, што мне “радавацца няма чым”: нейкі ўчастак сэрца, як яна выказалася: “скажу папулярна”, хоча адмерці канчаткова. Ёсьць сілы там, што не дазваляюць (ці не спрыяюць) яму гэта “зрабіць”.

Я кажу, а як лепш з ім ці без яго? Яна кажа: “Думаю, без яго павінна быць лепш”.

Хто яго ведае! Я так ня думаю! А што рабіць? Слухацца Галоўліту і Дзяркамвыду? Ніколі гэтага ня будзе. А Ірыну Аляксандраўну паслухаю – не ўставаць пакуль без патрэбы.

Перагаварыў ужо з маёй слаўненькай Галькай. Прыехала! Малайчынка! Кажа, што ўсё спадабалася, паспрабавала жыць без апекі. Заўтра прыбяжыць да мяне. Я хацеў бы, каб і Ірынка была. Яе ж даўно я таксама ня бачыў, гаротніцу маю!

Сёньня быў панядзелак, дык нікога, як вядома, не пускалі. А “перадачы” дзьве ўзялі: Нэля Тулупава прыслала вялізны букет прыгожых астраў – 25 вялізных кветак! Давялося ўсё перайначваць у кветкавай гаспадарцы палаты. Апрача гэтага ў “пасылцы” былі цудоўныя яблыкі і сімпатычны слоік мёду. “Дарагі Міхась Фёдаравіч! – піша Нэля, – Прыміце мой дабрыдзень і пажаданьне хутчэйшага выздараўленьня. Чакаем вас, любім. Нэля Тулупава”.

Расказаў я жонцы па тэлефоне пра гэту пасылку, як перада мною адчыняецца ліфт і на наш паверх зноў выйшла “разносчыца”. Я неяк і не зьвярнуў больш пільнай, чым трэба, увагі на гэта. Але прыйшоў у палату – жахнуўся: і гэтая перадача была мне. У ёй кілаграмаў з чатыры цудоўных антонавак – ад Валодзі Паўлава.

У запісцы Валодзя піша: “Дарагі Міхал Фёдаравіч! Рады, што табе лепш і ўжо выпускаюць за дзьверы палаты. Перамажы ў сабе сябе самога, папраў здароўе на радасьць нам усім. Упэўнена спадзяюся. Твой Уладзімір Паўлаў.”

Мае “аднакашнікі ледзь” не ў адзін голас, бачачы маю роспач, заявілі: “Дык у вас жа гэта адладжана спраўна: адны прыносяць, другія ядуць, а то і адразу ўсе частуецеся. Зайздросна прыгожа ў вас гэтая цырымонія наладжана”, – заключыў свой маналог сімпатычны Лазар Давыдавіч.

1 кастрычніка 1985 году. Аўторак. Пасьля дваццаці гадзінаў. А пятай гадзіне мяне разбудзілі рэзкія болі ў сэрцы – “за грудзінаю”. Прыняў паводле методы Віктара Дзьмітрыевіча адразу тры таблеткі нітрагліцэрыну. Тры таму, што я адчуў незвычайнасьць гэтага болю. Хоць і тры таблеткі, а боль зьняўся не хутчэй, чым “звычайны” боль, што адной таблеткай здымаецца. І дрэнна тое, што і інтэрвал паміж чарговымі прыступамі ад трох таблетак не патроіўся, а таксама заставаўся “звычайны”.

Страшэнныя болі! Ніколі яшчэ, здаецца, такіх не было. Ад майго стогну прачнуліся і астатнія хворыя ў палаце. Адзін з іх – Віктар Дзьмітрыевіч – пасігналіў на сястрынскі пост. Прыбеглі імгненна. Даведаўшыся, у чым справа, сястра пабегла па ўрача. Урача не было даўгавата.