Выбрать главу

Усе працэдуры, якія я ў выніку прыняў, – паўтарылі маю жахлівую суботу. І ўсё-такі сёньня значна цяжэй мне. У галаву палезьлі ўсякія змрочныя думкі. І галоўная – як доўга яшчэ да сустрэчы з любімымі мне людзьмі, з сям’ёю, з сябрамі! Да сустрэчы, можа, барані Бог, апошняй…

Сьлёзы паліліся з вачэй: не сябе шкада, зусім не. Дзеці яшчэ на раздарожжы, Машы надоўга ня хопіць. Шкада незавершанай справы – нацыянальна-палітычнай, літаратурнай. Няма яшчэ запавету. А бачу, што ён мусіць быць. Хутчэй трэба рабіць і тую агульную Дэкларацыю – часу ж зусім застаецца нічога! Трэба ўзяць на сябе ініцыятыву збору. Я адчуваю, што менавіта ад мяне гэта чакаецца…

Цяпер ужо зусім зразумела: калі б я не памёр – сёньня ці заўтра, праз тыдзень ці месяц, праз год ці… ццаць гадоў, – мяне забіў “рэальны разьвіты сацыялізм”, гэта значыць, ка-му-нізм. Мяне задушыла лютая драконаўская драпежная камуністычная цэнзура!

Гэту вось апошнюю думку я ўжо напісаў пасьля значнага перапынку для кропельніцы. Зноў рэаполіглюкін, 400 мл, амаль дзьве гадзіны.

У гэты ж час прывезьлі абед (цяпер ужо мне не існуе сталоўкі) убачылі, у якім я стане, і адвезьлі назад. Цяпер толькі нарэшце паабедаў.

Была Рая (жонка брата Станіслава – рэд.). Яна кажа, што мне зноў у дакументах пастаўлены “інфаркт міакарда”. Вот табе маеш! А тут ніколі поўнага камплекту лекаў няма. То аднаго зусім няма, то другога яшчэ няма, трэцяга не пасьпелі выпісаць, чацвёртага, трэба перапазычыць у суседнім аддзеле, а з пятым горш: яно паступае нерэгулярна.

Сустак наогул эканомяць. Мне адразу, з першага дня, падсунулі малаэфектыўны эрзац-нітрасарбіт. Затым, убачыўшы мой стан і пасьля маёй настойлівай просьбы, прыпісалі сустак. Але ж які сустак? Мітэ! Даюць, праўда, замест адной таблеткі фортэ дзьве таблеткі Мітэ. А гэта няроўназначна! І пачалося сустачнае галаданьне.

Я паўгода жыў на сваім сустаку-фортэ, трэба вярнуцца да гэтай “сістэмы” за свае ж грошы, – калі ласка, выпішуць сустак ды яшчэ фортэ. А тут, бачыш, “савецкая бясплатная сістэма аховы здароўя” буксуе. Менш, можа, грошай паплыло ад гарэлкі, дык цяпер будуць пацягваць з “бясплатнага” лячэньня, з “бясплатнай” адукацыі, з кватэрнага будаўніцтва і г. д.

…Былі. Усе родныя, дарагія. Аднак Марыя сапсавала мне настрой да такой ступені, што мне было горш, чым раніцай. Я ўсіх падоўгу ня бачыў, да кожнага было ў мяне добрае слова. Сама яна, затым Галечка, Ірынка, Мікола, Лена і Міша1. Абвінавацілі мяне, што кепска сябе паводжу, што быццам бы пытаньне ставіцца пра перавод мяне ў рэанімацыю. У чым жа “кепскасьць”? А, як высьвятляецца, у тым, што ўчора я некалькі разоў званіў па тэлефоне, замест таго, каб ляжаць у пасьцелі.

Ніхто не хацеў мяне зразумець, што ўчора ж дзень быў асаблівы: я чакаў дачку з Крыму!

Падчас гэтага гармідару Ірына Аляксандраўна прывяла да мяне ўжо другога прафесара-кансультанта.

Зьнешне ўражаньне зрабіў ён на мяне ня горшае, чым сам Бардзін. А мог бы і лепшае, бо маладзейшы і нямала. Але ж нешта ў ім ёсьць такое, ну, ня ведаю што…

Ня ведаю, які ён кардыёлаг. Затое я адразу вызначыў, што ён урач-палітыкан.

– Як вы ставіцеся наогул да яды, – пытае ён.

– Вельмі станоўча, – адказваю.

– Яно і відаць. А, дарэчы, вам бы трэба кілаграмаў 6-7 вагі скінуць, – раіць прафесар. – Бяз гэтага лячыць вас немагчыма будзе, астатняе ў вас ў парадку.

– Вагу я, прафесар, магу спусьціць, – адказваю, – але ж калі застанецца характар мой цяперашнім, і ў сістэме Галоўліту нічога ня зьменіцца, ад інфарктаў я ня буду гарантаваны. Скажу і вам тое, што я ў сакавіку сказаў Кузьміну: інфаркт мой носіць характар палітычны, яго мне падсунула цэнзура. Вы чыталі ў “Правде” за дзявятае верасьня верш Яўтушэнкі “Кабычегоневышлисты”?

– О, чытаў, гэта цікава!

– Мабыць, заўважылі там сьцьвярджэньне, што з-за гэтых самых “кабычагоневышлістаў”, мы ўсе “Майстра і Маргарыту” Міхаіла Булгакава прачыталі на 20 гадоў пазьней, чым павінны былі гэта зрабіць?

– Так-так, там такое ёсьць…

– Дык я, прафесар, зарабляю свае інфаркты тым, што вырываю ў цэнзуры такія вось каштоўныя творы і публікую, каб народ іх чытаў як мага раней. Я гэта рабіў раней, раблю цяпер і буду рабіць і наперад. Я ў гэтым не зьмянюся. Думаю, што цэнзура савецкая – таксама стабільная рэч. Значыць інфаркты міякарда – мой трагічны лёс.

– А, можа, сёе-тое можа і паляжаць неапублікаваным і ня трэба рызыкаваць, – кажа прафесар. – Можа якраз у тым і сэнс цяпер, у цяперашнім сьвеце? А вы ведаеце, што, каб не было ў нас нашых магутных ракет, нас бы яны ўжо даўно праглынулі? Ведаю я іх. Быў я і ў сапраўдных Еўропах.

На гэтым прафесар спыніў палітычную дыскусію і ўзяўся за справу. Карацей, ён “еўрапеец”, пабаяўся давесьці да канца дыскусію аб правах чалавека, аб праве друкавацца, свабодна выказвацца.