Выбрать главу

Мне здаецца, што гэтая сустрэча мала чаго дала мне. Магчыма, рашуся на перыядычныя “галадоўкі”, каб скінуць непажаданую мне вагу. Тады гэта будзе выдатны эфект. Але ж мне гэта раілі сьпецыялісты і раней. А ў сакавіку гэтага году сімпатычны малады ўрач Валер Іванавіч перанумараваў так усіх ворагаў чалавека: вораг №1 – пераяданьне; вораг №2 – курэньне; вораг №3 – усе перабольшаньні. Ня будзем больш зьвязваць палітыку з гэтым прафесарам. Дарэчы, трэба неяк дазнацца хоць яго прозьвішча: Ірына Аляксандраўна забыла назваць яго. Вось, маю: Яўген Пятровіч Іваноў, медпрактыку ці давучваньне прайшоў у Кембрыджы.

Адправіў дамоў усе нават фрукты, якія ў мяне былі – каб “галадаць”. Разьвітваючыся, Коля сказаў, што сёньня быў прэзідыум Саюзу пісьменьнікаў, прымалі ў члены… Савелія Паўлава!!!

Усё-такі цікава, як там гэта адбывалася. Далей Коля намякнуў, што шмат чаго робіцца там патрэбнага, патрыятычнага, з улікам мяне – чакаюць мяне.

Па радыё якраз перадаюць інтэрв’ю М. С. Гарбачова французскай тэлекампаніі TF-1 у сувязі з яго хуткай паездкаю ў Францыю.

Бадай што, найбольш непрыемна было адказваць М. Гарбачову на групу пытаньняў, зьвязаных з правамі чалавека ў СССР (пра А. Сахарава, пра выезд яўрэяў з СССР за мяжу і пра колькасьць палітзьняволенных у СССР). Зусім нічога не сказаў пра акадэміка Сахарава, хоць у тэксьце пытаньня пра гэта было; назваў абсурдам лічбу 4 мільёны палітычных зьняволенных у СССР; наконт яўрэяў сказаў, што ў СССР яны маюць больш правоў, чым дзе б там ні было. Шыранскага назваў злачынцам.

Пра такія правы, як свабода слова, друку ніхто пакуль яго не пытае. А спытаюць, думаю, інфарктам міякарда не адкажа, а адкажа адным прыгожым, “абкатаным” ужо словам: “абсурд”. Ха-ха-ха-ха-ха!..

3 кастрычніка 1985 году. Чацьвер. Усёй “цяжкай артылерыі”, усіх “блакадных” сродкаў хапіла толькі на ўчарашнюю ноч. А сёньня – усё вярнулася “на кругі свае”. Прачнуўся да пяці гадзінаў раніцы, – вядома ж, ад сардэчнага болю, пацягнуўся за “нітрагліцэрынкай”, праз хвілінаў 20-30 – зноў, неўзабаве – зноў.

Сёньня ў “легколах” абмяркоўвалася пытаньне аб пераводзе мяне ў рэанімацыю. Пра гэта мне сказала лечурач. Ведаючы цяперашні кантынгент хворых у рэанімацыі, я сказаў, што ня бачу ў гэтым патрэбы. Алена Сяргееўна зусім не настойвала на сваім, і нават, як я адчуў, ёй мая падстава прыйшлася да густу. Між тым і мае аднапалатнікі, і Марыя кажуць, што я дапускаю памылку: цяпер я, можна сказаць, прадастаўлены сам сабе, а там, у рэанімацыі, кожны хворы кожную хвіліну пад меднаглядам.

Хіба там у мяне будуць такія ажыўленыя кантакты з сябрамі? Ня пусьцяць нават жонку. А тут – я “ў сьвеце”.

Вось учора: Жонка, Галька з цудоўнымі белымі кветкамі, Мікола, Віктар (Супрунчук – рэд.) – праінфармараваў пра Прэзідыум СП, на якім яго прынялі ў члены гэтай пісьменьніцкай арганізацыі. (Прынялі таксама, апрача Паўлікавай, яшчэ і Савелія Паўлава!) Стась – пакінуў сваіх масквічоў і прыбег да мяне. Зусім вечарам прыйшоў Эдзік (Скобелеў – рэд.) – перад сваім ад’ездам на нейкі пісьменьніцкі форум у Ленінград, дзе ён павінен нават выступіць.

Коля зрабіў агляд “законавы”. Галя расказала, як там у іхнім інстытуце крытыкуюць свайго шэфа1 (цяпер ён недзе ў ФРГ) за празьмерна вялікую і зацікаўленую ягоную апеку Сьвятланы Алексіевіч.

Сёньня было на аднаго-двух менш наведвальнікаў.

Значыць, я тут жыву ў эпіцэнтры ўсіх падзеяў, якія мяне абыходзяць…

4 кастрычніка 1985 году. Пятніца. У выдавецтве сёньня павінен быць справаздачна-выбарны партыйны сход. Рыхтуюць яго аж занадта сур’ёзна – не ў выдавецтве, а там, зьверху. Як заведзена, справаздачны даклад рыхтуе сакратар з дапамогаю членаў партыйных і іншых актывістаў. Пасьля ён разглядаецца і зацьвярджаецца на сьпецыяльным пасяджэньні партбюро (сакратар чытае, члены бюро робяць заўвагі, прымаецца афіцыйная пастанова).

А тут даклад І. Канановіча запатрабаваў “для азнаямленьня” Дзялец! Ну, што сказаць на такую “архідэмакратычную” практыку? На такую “прастору” для свабоднага выказваньня думкі?

Доктар гістарычных навук Іван Ігнатавіч Крамко (сектар гісторыі беларускай мовы Інстытута мовы АН БССР) на зьдзіўленьне неамбітны вучоны. Ён яшчэ ў 1968 годзе знайшоў у Вільні цікавейшы і надзвычай важны для навукі і культуры дакумент і дагэтуль ня хоча зьвязваць сваё сьціплае імя з гэтым эпахальным помнікам. Знаходка мае дачыненьне да Колінай тэмы. І вось дырэктар Інстытута прафесар Жураўскі, пераканаўшыся ў Колевай апантанасьці адносна паляшуцка-яцьвяжскай праблемы, бескарысьліва навёў Колю на старую Крамкоўскую знаходку.