Выбрать главу

У прафтэхвучылішчы ён палюбіў урокі маляваньня, заахвоціўся да графікі. Гэта дзякуючы выдатнаму педагогу, які змог выхаваць некалькі выдатных мастакоў ва ўмовах няпрофільнай навучальнай установы. Сярод яго выхаванцаў… вядомы архітэктар Заборскі.

Гэтаму педагогу Наркомасьвет даручыў аформіць яго павільён на Усебеларускай выстаўцы. Натуральна, адбіраюцца і памочнікі – Заборскі, Каляда і інш.

Яшчэ задоўга перад вайною В. Каляда зьбірае графічныя матэрыялы, якія датычыліся гісторыі Менска. Пасьля вайны калекцыя пачала папаўняцца жудаснымі ілюстрацыямі разбуранага гораду. Трапляліся фотаздымкі адных і тых самых аб’ектаў, зробленыя перад рэвалюцыяй, перад вайною і пасьля яе: на двух першых былі дамы, на апошнім – каркасы знаёмых дамоў, альбо кучы друзу, руіны. Аўтары часам здымалі цені, што падаюць на вуліцу ад цікавых аб’ектаў. Выпадкова знайшліся здымкі тых аб’ектаў з іншымі ценямі – ценямі руінаў. Вельмі цікава супастаўляць здымкі, зробленыя з адной кропкі толькі ў розны гістарычны час.

Да вайны, расказвае Васіль Іванавіч, Менск лічыўся пагранічным горадам. Таму фатографам не дазвалялася нічога ў горадзе здымаць. Дазвалялася гэта рабіць выключна фотажурналістам і кінааператарам. Мелася на ўвазе, што іх здымкі будуць выходзіць у сьвет толькі праз рукі цэнзара.

Пасьля вайны, працягвае прафесар, у мяне быў участак каля Чэрвеньскага рынку. Неяк я зайшоў па выкліку ў адну кватэру, аказаў дапамогу жанчыне і, зьбіраючыся адыходзіць, убачыў яе дзіця. Малы сядзеў на падлозе і шматаваў нажніцамі нейкае вялікафарматнае, багата ілюстраванае выданьне. Яно было прысьвечанае Менску і прымеркавана да зьезду Саветаў БССР, выдадзенае недзе ў 1929-м ці 1930-м годзе.

Гэтае выданьне В. І. Каляда ўжо ня выпусьціў са сваіх рук. Яно яшчэ больш распаліла ў ім “менскаманства”.

На сваім экслібрысе ён таксама выгравіраваў атрыбуты любімага гораду, сярод іх – старажытны дзьвюхвежавы замак (рэстаўрацыя). А з якім замілаваньнем расказвае ён пра свой горад, з якім болем успамінае загінуўшыя помнікі, называе тых “дзеячаў”, якія вінаватыя ў гібелі нашых шэдэўраў у савецкі час. “І дагэтуль яшчэ не перавяліся гэтыя варвары”, – кажа прафесар.

Цікава, што такі вялікі патрыёт і знаўца Расіі, як Уладзімер Салаухін, жадаючы бліжэй пазнаёміцца з Менскам, у адзін са сваіх прыездаў сюды, наведаў кватэру прафесара Каляды, слухаў яго расказ, аглядаў яго калекцыю. “Нашу боль па страчаных помніках гісторыі і нашай культуры, кажа вучоны-патрыёт, Салаухін успрыняў з абурэньнем як свой боль, з абурэньнем, як гэта толькі ён умее, ганьбаваў менскіх кіраўнікоў. Перапала і творчай інтэлігенцыі, асабліва архітэктарам. Гэтыя апошнія – вядома, ня ўсе, а кан’юктуршчыкі, – пляскалі ў ладкі з прычыны кожнай чарговай праграмы вынішчэньня гісторыі беларускага народу, нярэдка самі падсоўвалі свае разбуральныя прапановы.

Я даведаўся яшчэ, што Васіль Іванавіч Каляда пачынаў як чыгуначнік. Набыў афіцыйна гэтую прафесію, некалькі гадоў езьдзіў у якасьці памочніка машыніста паравозу, нават некаторы час быў машыністам, пасьля перавялі яго ва ўпраўленьне – патрэбен быў чалавек, які ўмее чытаць і ствараць чарцяжы.

Дзіўны чалавек. Яшчэ можна дадаць, што ён сват вядомага генерала Трацьцяка.

У 17 гадзінаў з хвілінамі выклікалі ў ардынатарскую на ўрачэбна-працоўную камісію. Запрасілі сесьці ў чырвонае глыбокае, як міска, крэсла. Я вымушаны быў пераступаць яго, каб не сядзець задам да аднаго, верагодна, з членаў камісіі. У кабінеце, апроч мяне, чацьвёра – 2 жанчыны і 2 мужчыны. Мне вядома толькі Алена Канстанцінаўна Кузьняцова – намесьніца галоўнага ўрача другой паліклінікі, старшыня ўрачэбнай кантрольнай камісіі. Другая, невядомая мне жанчына сказала: “Мы вас, Міхаіл Фёдаравіч, запрасілі на УПК. Я – старшыня камісіі, Тамара Аляксандраўна, а гэта, паказвае на мужчынаў – члены камісіі, аднак не назвала іх. Мы вывучылі вашую “гісторыю” і вельмі заклапочаныя вашым станам і лёсам”.

Папрасіла мяне прылегчы на канапу, паслухала, прапальпіравала. Пасьля яе месца заняў член камісіі неўрапатолаг, што я вызначыў па малаточку ў яго руках. У агульнай нялёгкай бяседзе мяне пераконвалі кінуць на год працу (!) “А пасьля мы можам зноў дапусьціць вас да работы. Цяпер вам мы вымушаныя вызначыць другую, непрацоўную групу. А там, магчыма, і здымем яе, альбо трэцюю дамо”.

Але ж тады, крыху пазьней, я ўжо дасягаю пенсійнага ўзросту і так. І ня возьмуць мяне ўжо на выдавецкую працу. Магчыма і групу гэтую даюць па камандзе зьверху. Цяпер я ўпэўнены, што ў іх быў разьлік нейтралізаваць мяне вось такім жорсткім метадам – трымаць увесь час пад стрэсамі, давесьці да стэнакардыі, да інфаркту, да інсульту – да магілы. А цяпер, выдаючы мне “белы білет”, яны літасьціва кажуць: “згаджайцеся, Міхаіл Фёдаравіч, лепей жа быць жывым чым мёртвым: пойдзеце на працу, мы не гарантуем вам жыцьця з вашай складанай працаю”…