Выбрать главу

Другое, больш важнае Язэпу, было пытаньне пра будучую кнігу ўспамінаў пра Ул. Караткевіча. Хітры Язэп сьпярша выпрасіў у Веры Палтаран вусны дазвол на складаньне такой кнігі, а пасьля толькі пачаў забясьпечваць выгляд прыстойнасьці свайго намеру. Больш за тое, яшчэ да гэтага “дазволу” ён пачаў бегаць з магнітафонам і таму-сяму падсоўваць мікрафон. Ён прыехаў цяпер да мяне, бо пачуў, што я прасіў Веру Сямёнаўну атрымаць згоду на такога ўкладальніка ў Адама Мальдзіса – самага старога (не па ўзросьце, а па даўнасьці) і самага шчырага сябра Караткевіча. Прыехаў, каб супакоіць мяне, што “Мальдзіс вельмі заняты і сам прапанаваў” яму пачынаць зьбіраць матэрыялы. Правільна, “прапанаваў”, але ж postfactum. Ну, будзем лічыць, што ўсё нармальна. Важна, каб была забясьпечаная якасьць выданьня. Думаю, што з Язэпавай энергіяй і зацікаўленасьцю можна спадзявацца на посьпех. Ён адразу ж папрасіў аб’ём 25 аркушаў: Вера Сямёнаўна, сказаў, прапанавала толькі 20.

Шкада толькі, што такі прадбачлівы і абачлівы хлопец патраціў столькі часу на размову не з дырэктарам. Я сказаў яму пра гэта, хацеў нават паразважаць вакол гэтай сітуацыі, але ж “мне не пашанцавала”: падышоў “Язэпаў” аўтобус і ён, папрасіўшы ў мяне прабачэньня, стрымгалоў пабег. Яму цяпер хоць тут пашанцавала!

12 лютага 1986 году. Учора, вярнуўшыся пасьля нейкіх паходаў у свой пакой, атрымаў паведамленьне (перадаў В. А. Гоцман), што званіў Васіль Быкаў, шкадаваў, што не застаў мяне на месцы. Я вырашыў зьняць клопат з Васіля Быкава і самому патэлефанаваць яму. У той самы дзень ня здолеў гэтага зрабіць – хацелася размаўляць з ім без пабочных, чужых вушэй. Такі час выдаўся ў мяне сёньня.

Васіль сказаў, што ўзяў мой тэлефон у мяне дома, ужо нават некалькі разоў спрабаваў зьвязацца са мною. Дзякаваў, што я вызваліў яго ад далейшых спробаў, якіх было б яшчэ нямала.

Васіль Быкаў падрабязна распытаў пра стан майго здароўя, ход лячэньня. Сказаў, што Алесь Адамавіч хадзіў да АТК1 з просьбаю “не пускаць” мяне на пенсію. Гэты быццам бы сказаў, што толькі я сам магу вырашыць за сябе гэтае пытаньне.

Хадзіў да АТК таксама і Васіль. Вынік той самы. Затое да ранейшых кандыдатур на маё месца дабавілася цяпер яшчэ адна – Сашы Шабаліна. Быкаў сказаў, што ведае яго па Гародні. Я выказаў сваю думку наконт гэтай кандыдатуры – разумны, інтэлігентны, культурны, сьмелы. Я знаёмы з ім даўно. Апошняя яго сьмеласьць асабліва “кінулася мне ў вочы”, з таго часу, як ён стаў галоўным рэдактарам часопісу “Беларусь”. Я памятаю некалькі яго прынцыповых сутычак з цэнзураю. А ўзяць нават тое, што ён надрукаваў летась паводле маёй рэкамендацыі – каліграмы Глеба Артханава на квантэмы Алеся Разанава і нізку паляшуцкіх вершаў Міколы Шэляговіча!

Улічваючы яго адносную незалежнасьць, буду спадзявацца, што мае задумы могуць зьдзейніцца наконт выданьня Бібліі Ф. Скарыны, “Тутэйшых” Янкі Купалы, “Мужыцкай праўды” К. Каліноўскага, а можа, і “Матчынага дару” А. Га­руна і інш.

13 лютага 1986 году. Сёньня патэлефанаваў Алесь Адамовіч. Гаворка ў асноўным вялася вакол праблемы майго пераемніка. Дамовіліся трымацца кандыдатуры А.Шабаліна. Гэта сапраўды будзе нечакана для тых, хто шукаў яе ў іншым асяроддзі, тых, хто самі сябе прапаноўвалі. “Нечаканасьць” такую трэба забясьпечыць, каб ніхто не пасьпеў сарваць яе.

Алесь выказаў шкадаваньне, што ў Шабаліна няма выдавецкага вопыту.

– Беларускай культуры пашанцавала з выдаўцом Міхалам Дубянецкім, – сказаў ён, – які наклаў дабратворны адбітак на ўсю выдавецкую справу рэспублікі. З яго імем зьвязаны сапраўдны рэнесанс у выданьні беларускай мастацкай літаратуры, літаратурна-мастацкай спадчыны.

25 лютага 1986 году. Ірынка сваю дыпломную працу за універсітэт будзе пісаць па творчасьці Ул. Караткевіча. З гэтай нагоды ягоныя кнігі можна цяпер знайсьці ў нас усюды, ня толькі ў пакоі студэнткі. Я зноў і зноў бяру ў рукі адну за другой кнігі свайго незабыўнага друга. Вось “Матчына душа”. Гэта першы яго паэтычны зборнік і першая наогул яго кніга. Яна выпушчана Дзяржаўным выдавецтвам БССР, рэдакцыяй мастацкай літаратуры, як пазначана на тытульнай старонцы, у 1958 годзе. Калі ўлічыць, што першы верш свой Ул. Караткевіч надрукаваў у 1955 годзе, дык можна сказаць, што першую кнігу давялося чакаць зусім нядоўга, значыць, паэтычнае сталеньне Паэта адбывалася даволі шпарка.