Выбрать главу

На старонцы 8 і 50 вершы з прысьвячэньнямі: “памяці Арцём’евай” і “А. І. Бялецкаму”.

Да верша “Паўлюк Багрым” дадзена аўтарская падрадкоўная зноска: “Славуты беларускі пясняр ХІХ стагоддзя, які ўдзельнічаў у Крошынскім паўстанні 1828 году, правёў дваццаць пяць год у салдатчыне і дажываў свой век у адзіноце”.

У мяне экземпляр зборніка, які быў у руках самога аўтара. Ён падправіў верш “У тую ноч”: пасьля 16-га радка выкінуў чатыры радкі, а яшчэ праз чатыры – зноў апускае чатыры.

Трэба памятаць пра гэта, і пры падрыхтоўцы да наступных выданьняў – улічваць, гэта ж аўтарская воля! Гэтая праўка яшчэ раз сьведчыць, у якім напрамку сталеў наш славуты Караткевіч.

У канцы кнігі, па “Зьмесьце”, ёсьць таксама аўтарскія паметкі, зробленыя простым алоўкам: “птушкі” перад названым, праўленым, вершам, а таксама перад вершамі “Заяц варыць піва” і “Лісьце”. Апошняя “птушка” двойчы выкрасьлена карэктурнымі знакамі. У самой кнізе “птушачка” пастаўлена толькі перад “зайцам, што варыць піва”.

І яшчэ адна “заўвага”. На форзацы, наклееным на другую старонку пераплёту, у верхнім левым ражку, – экслібрыс аўтара: на шэрым вертыкальным прамавугольніку 60х92 мм – старажытны воін на кані. У правай выцягнутай да адказу руцэ воіна – лук, левай рукою воін нацягнуў ужо – таксама да адказу – цеціву, вось-вось паляціць на ўсход баявая страла ў стан ворагаў беларускага народу. За гэтай стралою будуць пушчаны яшчэ і яшчэ, бо поўны калчан іх у воіна. Не падвядзе і конь. Так і бачыш яго палкае жаданьне ляцець на ворага. Шыя яго выгнулася дугою, галава падагнутая ледзь не да грудзей, шырока расстаўленыя заднія ногі з выкінутай наперад праваю з іх. Як у галопе, ускінутыя наперад абедзь­ве пярэднія нагі. Прыгожы конскі хвост сягае аж да зямлі. Словы “Ex Libris” зьмешчаныя на стужцы за сьпіною воіна – вертыкальна, ад конскага крупа да башлыка, што на галаве воіна. Гэтая выява вельмі пасуе духу шмат якіх твораў зборніка, асабліва духу верша “матчына душа”. У ніжняй частцы надпіс, што адказвае на пытаньне “Чый?” – Ул. Караткевіча”.

Можа, калі-небудзь больш уважліва пагляджу на ўвесь зборнік, на яго зьмест. А цяпер пакуль бяру ў рукі другую кнігу – “Маю іліяду”. Гэта шостая кніга выдадзеных твораў Караткевіча. Паміж першай ягонай кнігай і гэтай ужо былі і адхіленыя цэнзураю кнігі, як, напрыклад “Леаніды ня вернуцца да зямлі”.

Я люблю гэты зборнік – “Мая Іліяда”. Выдадзены ён ужо сапраўды раскошна. Паводле жаданьня аўтара фармат захаваны абедзьвюх яго папярэдніх паэтычных кніг – “Матчынай душы” і “Вячэрніх ветразяў”. Кнігу афармляў улюбёны ў Караткевічаву творчасьць мастак Валодзя басалыга. Караткевіч таксама любіў і высока цаніў наскрозь беларускую творчасьць братоў Басалыгаў.

Кніга забясьпечаная цікавай супервокладкай: на абедзьвюх зьнешніх старонках яе паўторана адна чорна-белая графічная ілюстрацыя, поўная сімволікі, да якой заўсёды зьвяртаецца гэты цудоўны мастак. Аднак варта больш-менш уважліва прыгледзецца да гэтай гравюры, як адразу кінецца ў вочы неадпаведнасьць колераў на абедзьвюх яе выявах: выкарыстаны метад вывараткі – усюды, дзе на адной чорны колер, на другой белы і наадварот. Такім чынам, фон гравюры на першай старонцы атрымаўся белы, на другой – чорны.

Імя і прозьвішча аўтара і назва кнігі наборнымі шрыфтамі адціснуты залатымі літарамі на першай старонцы над графічным квадратам. Над “супрацьлеглым” квадратам значна драбнейшым шрыфтам у адзін радок надрукавана “Выдавецтва “Беларусь”. Мінск 1969”. На “карэньчыку” стаіць уздоўж імя і прозьвішча аўтара і зьверху нібыта шасьціпялёсткавая кветачка. Усе надпісы – “залатыя”, з вялікіх літараў.

Пераплёт чорны, калянкоравы. Ні першая, ні чацьвёртая старонка яго не аформленыя зусім. Толькі на “карэньчыку” строгім шрыфтом адціснуты “серабром” імя і прозьвішча аўтара і назва зборніка. Абедзьве гэтыя часткі “тэксту” разьдзеленыя такой самай “нібы кветкай”, адціснутай таксама залатой фарбаю.

Кніга складаецца з шасьці разьдзелаў: “Зямля журбы” (8-31), “Старыя сувоі” (32-49), “Калі памірае каханьне” (50-73), “Інга і Марыя” (74-101), “Таўрыда” (102-149), “Вяртаньне” (150-185). Па тым, як усе яны пададзены, добра відаць, што мастак меў самае непасрэднае дачыненьне да канструяваньня кнігі. Кожны разьдзел пачынаецца з цотнай старонкі, якая зьяўляецца шмуцтытулам, з набранай на ёй адной толькі назвай разьдзелу. Усе наступныя за шмуцтытуламі старонкі – гэта паласныя гравюры-алегорыі, на адвароце якіх заўсёды пачынаецца набор першых вершаў разьдзелаў. Зразумела, што ў такім выпадку мастак ня раз падаваў аўтару каманды: “Выкінуць!”, “Дапісаць!”.