Выбрать главу

Зусім не праз пахвалу Міхася Лявонавіча, а ў звязку з названым вышэй артыкулам я мушу трохі пра тую пісанку распавесці, бо потым было цікава.

Дзесяцігоддзі мяняліся дзесяцігоддзямі, а беларуская літаратура ад часоў апошняй вайны працягвала "ваяваць". Між іншым, не толькі літаратура; нездарма кінастудыю "Беларусьфільм" ва ўсім Саюзе называлі "Партызанфільм"... Але па-за асобнымі рэплікамі ніхто не наважваўся разгарнуць крытычную рэфлексію, каб спытаць: можа, ужо час спыніцца?

А я наважыўся. Акрамя ўсяго іншага, напэўна, яшчэ і таму, што не быў прылучаны да літарацкага асяроддзя, якое і прадукавала гэтыя бясконцыя бабахі і маратказееўскую героіку. Аналітыка маіх крэмзаў, як мне ўяўлялася, была спакойнай і ўзважанай. Разам з тым, нязмушана азіраючы беларускую ваенную прозу ў кантэксце еўрапейскай (ад Грымельсгаўзена да Барбюса, Рэмарка і Хэмінгуэя), я гэтаксама вольна абыходзіўся з Быкавым, Алексіевіч, Адамовічам. Апошняга нават досыць з’едліва папікнуў за яго гіпертрафаваную ўхвалу ім самім прыдуманага жанра - "рамана-араторыі". Паводле аўтара выглядала, што калі ўспаміны тых, хто выжыў у спаленых вёсках, скаланаюць нас мацней, чым "Ад" Дантэ, то гэтыя аповеды не менш геніяльныя за тэрцыны "Боскай камедыі"...

Дык вось, праз колькі месяцаў пасля "нёманскай" публікацыі ў маскоўскай "Литературной газете" Алесь Адамовіч абрынуўся на гіцля Акудовіча з усёй палкасцю свайго не абы-якога публіцыстычнага таленту. Расклаў на дзве вялізныя газетныя паласы і сцябаў, сцябаў, сцябаў!

Не ведаю чаму, толькі мне з таго сцёбу нават не засвярбела. Хутчэй, я адчуваў гонар: гэта ж не абы-дзе і не абы-хто так жарсна прагне цябе зняславіць.

Між іншым, праміне недзе гадоў дзесяць, і беларускі ПЭН-цэнтр узнагародзіць мяне прэміяй імя Алеся Адамовіча, а сама ўзнагарода будзе за подпісам Васіля Быкава.

І так яно часам здараецца ў літарацкім жыцці.

***

Значна пазней, для нумара часопіса "Крыніца", прысвечанага Міхасю Стральцову, я напісаў эсэ. У мяне нават няма сумневу, што яго трэба вярнуць сюды, у мае ўспаміны.

Вусціш быцця

Увесь ён - нязбыўны сум з непазбежнасці сыходу ў невараць.

Мы ўсе рушым туды, але да пэўнай пары лішне з гэтага не смуткуем. А ён ці не ад пачатку ўзяў занадта блізка да сэрца неадпрэчнасць смерці — і тым жыў. І таму так жыў, як жыў, а ўсё, што акрэсліваў словам, было словам пра сыход.

Раней я думаў, што ягоная засяроджанасць на паўсюднай прысутнасці небыцця ў быцці паходзіць з хранічнай любові да жыцця. Але гэта не так. Жыццё ён, што праўда, моцна любіў, аднак не больш прагна, чым нехта іншы. А вось адчуваў яго — з усімі пахамі, фарбамі, гукамі, — як мала хто яшчэ. 3 гэтай фатальна абвостранай чуйнасці жыцця і вынікала такое ж вострае пачуццё непазбежнасці страты ўсяго, што ёсць пад гэтым небам сінім і любімым. Адсюль нязбыўны сум і нават у спякоту падняты каўнер, якім ён атуляў сябе ад стыні нябыту за спінай, адсюль і віно, як марная вымога сагрэць заўсёды восеньскае сэрца, адсюль і сцішаны дакор, вымаўлены на паваротцы ў вечную засень: мой свеце ясны...

Кажуць, ён не абмінаў жанчынаў. Магчыма, што так яно і было насамрэч, хаця самі па сабе жанчыны яго не моцна вабілі. Ён толькі персаніфікаваў жыццё з той ці іншай жанчынай і такім чынам заляцаўся да жыцця ў вечнай празе зліцца з ім. Хаця чым тужэй загортваўся ў каханне, тым больш тужліва ападаў на сэрца сум. Бадай, з гэтага амаль адчайнага суму ён мог здагадацца, што чалавек спярша губляе сябе ў жанчыне, а ўжо потым — сам у сабе... Толькі, відаць, не здагадаўся, хоць сэрцам адчуваў небяспеку і таму доўга не трываў жанчыну побач, хаваўся ад адной за другую, ці сыходзіў ад усіх да сяброў і віна.

Чуллівы і пяшчотны, ён шукаў у сяброўстве абароны і прытулку, а разам з тым непадманнага духоўнага хаўрусу, інтэлектуальнай лучвы, урэшце — высакароднага чыну.

Толькі шчыры мужчынскі звяз таксама не яднаў з жыццём. Яднала хіба віно, але калі яго не хапала, хаўрус з жыццём перапыняўся яшчэ вялікшай тугой...

А яшчэ было — слова...

Аднойчы я падумаў, што слова было сэнсам ягонага жыцця.

Але потым я ўжо так ніколі не думаў. Бо слова яму было адно спосабам немагчымасці жыць жыццём.

Падобна, што ён нарадзіўся не жыць, а толькі выглядаць смерць - у восеньскай смузе, у ціўканні сініцы, у смаленні вепрука. Крэмзанне паперы прозай ці вершамі было ўсяго абаронай ад нябыту. І ці не таму ён кангеніяльны свайму пакліканню найперш там, дзе ў яго адрэфлексавана развітанне, расстанне, кананне; там, дзе памірае маладым Максім Багдановіч; там, дзе канае дзед Міхалка; там, дзе ў "Смаленні вепрука" распушчаюцца ўсе сэнсы быцця.