- Вось пераможам мы разам Лукашэнку, тады і пачнем калатнечу міжсобку.
Гурма трохі развесялілася з гэтага як бы парадоксу і забылася на яго, а я не забыўся, бо зразумеў, што Сяржук мае рацыю. Так бы яно і было. На нашае шчасце Лукашэнка перамог нас усіх разам ды адразу. А інакш бы гора-бяды не абраліся...
Пра што гэта я? Як надарылася незалежнасць, дык, натуральна, паўстала пытанне пра ідэалагічны грунт, на якім яна мусіць трымацца. І тут усчаўся вэрхал. Акрамя прыхільнікаў да вяртання былога савецкага ладу і нацыянал-дэмакратаў адразу заявілі пра сябе яцвягі, ліцвіны, заходнебеларусы, вялікалітоўцы, крывічы... Усіх з улёту і не згадаю, ды гэтым разам яно і без патрэбы. Цяпер мяне цікавяць адно крывічы.
Сёння прозвішча Вацлава Ластоўскага спакваля займае пачэснае месца ў пантэоне самых вялікіх беларускіх адраджэнцаў (сярод Багушэвіча, Купалы, Коласа...). І гэта абсалютна справядліва. Толькі гістарычны нарыс пра Власта тут будзе не да месца. Таму з усяго ягонага наробку я вылучу толькі Крыўскую ідэю, якую ён рэанімаваў з цьмяных міфаў былога і надаў ёй такую канструктыўную моц ды хараство, што яна рэальна пачала прэтэндаваць на месца ў палітычным дыскурсе. З гэтага нават бальшавікі не змаглі яе знішчыць, а толькі змусілі схаваць на эміграцыі.
Паводле гэтай тэорыі Крывія яшчэ ў дахрысціянскую даўніну пакрысе склалася як вялізная супольнасць, што ахоплівала цэнтральныя землі ўсходнеславянскага пасялення і летапісную Літву. У "Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі" Вацлаў Ластоўскі піша: "Крывія, Русь, Літва - патройны вузел, трохпаверхі лабірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць нашае нацыянальнае "я", наша зборная душа. У меру таго, як пачынае гаснуць прастары вечавы ўклад грамадзянскага жыцця, адыходзіць удаль, але не замірае імя Крывія, Крывічы. У сферы культурна-рэлігійнага нашага жыцця ўмацоўваецца імя Русь, а ў сферы дзяржаўнага - Літва, Русь-Літва. І недзе ў мінуўшчыне, а такжа глыбока ў народнай свядомасці жыве і пакутуе, чакаючы свайго ўваскрашэння, напаўмістычнае імя Крывія, якому прызвана ў жыцці народу замкнуць круг гісторыі, быць ачышчаючым агнём, гаючай і жывучай вадой Адраджэння Народу".
Як трывала крыўства на эміграцыі - гэта асобная і месцамі фантастычная гісторыя. Але на Бацькаўшчыну яно вярнулася толькі пасля "гарбачоўскай перабудовы" і зведала тут чарговае Адраджэнне. Загалоўнымі аўтарамі гэтай падзеі сталіся філосаф Сяржук Санько і мастак Тодар Кашкурэвіч, заснавальнікі Цэнтра Этнакасмалогіі "KRYUJA". Яны пачалі ладзіць канферерэнцыі, выпускаць альманахі ды часопісы, арганізоўваць палявыя даследзіны і святы сакральнага календара...
Карацей, былі актыўнымі, упёртымі, агрэсіўнымі і ці не галоўнае - інтэлектуальна эўрыстычнымі. (Прыкладам: "Беларусы - славянамоўныя балты".) Усё гэта разам вабіла нацыянальна заангажаваную моладзь, якой палітычны нацыяналізм хутка надакучыў сваім прымітывізмам.
Але, адчуўшы поспех, крывічы самі патрапілі ў пастку палітычнага. Яны вымудрылі, што каб насамрэч рэалізаваць крыўскую ідэю, патрэбна пачаць змагацца за ўладу. Смак улады, хай сабе і прывідны, іх і загубіў. Такая прыгожая інтэлектуальная ідэя заканцавалася брутальным скандалам. Пра што ў публічнай заяве і распавёў Тодар Кашкурэвіч.
Заява Цэнтра Этнакасмалогіі "KRYUJA"
Цэнтр Этнакасмалогіі "KRYUJA" ў асобе заснавальнікаў Цэнтра Сяргея Санько і Тодара Кашкурэвіча маюць выступіць з наступнай ПУБЛІЧНАЙ ЗАЯВАЙ.
ЦЭК "КРЫЎЯ" на працягу больш за дваццаць гадоў працаваў у галіне даследвання традыцыйнай культуры, міфалогіі, рэлігіязнаўства, этнаграфіі, фальклору і інш, удзельнічаў у стварэнні шэрагу праектаў у сферы адраджэння этнічных каранёў у музыцы, візуальнай культуры, традыцыяналісцкага філасофскага мыслення, у пастаноўцы і вырашэнні пытанняў этнічнага паходжання беларускага народа (у балцкай перспектыве), працаваў у накірунку стварэння новых актуальных ідэалагічных парадыгмаў беларускага грамадства, фармавання адметнага стылю, які грунтуецца на дахрысціянскіх і традыцыйных элементах.
ЦЭК заўсёды і прынцыпова стаяў на пазіцыях суверэннасці і незалежнасці Рэспублікі Беларусь як з боку Усходу, так і Захаду. За Дыктатуру традыцыі, маралі, рэлігійнасці, высокага стылю, арыстакратычных прынцыпаў...
Відавочныя поспехі ў дасягненні пастаўленых мэтаў... На жаль, не гэтак, як уяўляецца стэрыльна і чыста ў задуме.
ЗДРАДА падкрадаецца схавана і непрыкметна. Яна заўсёды пускае карані ў людскіх слабасцях, комплексах, жыццёвых складанасцях.