Выбрать главу

"Русь і Крыўя", тэкст напісаны ў межах праекту "Цытадэль" Аляксеем Дзермантам і Ягорам Чурылавым, ставіць чальца ЦЭК "КРЫУЯ" А. Дзерманта па-за межамі ідэалагічных установак ЦЭК.

Русь, Расія, няўцямныя Барэальныя Імперыі НІКОЛІ не былі і не будуць у падмурках крыўскай ідэалагічнай мадэлі. Усе спробы ўпісаць "КРЫУЮ" ў расійскія геапалітычныя схемы ЦЭК успрымаюцца як варожыя і здрадніцкія.

КРЫЎЯ заўсёды была полюсам, сакральным цэнтрам індаеўрапейцаў, балтаў, якім так злачынна распарадзілася Расія.

Забыць "все былые обиды"? А можа быць недаравальныя злачынствы? (палова знішчанага беларускага насельніцтва ў 17 ст., вынішчэнне ўсходнім суседам на працягу 400 гадоў тысячаў простых людзей, мяшчанаў, арыстакратыі, гарадоў, святыняў, дзяржавы...) і паляцець у космас на Марс усім белнародам разам з Я.Ч.?

НЕ - гэта не смешна. Смутна.

А. Дзермант так высока ўзняўся на крыўскія вышыні - і так глыбока затаптаў сябе ў гразь.

Дзякуй вялікі калегу за перажытыя разам годы супольнай працы, смуткуем за ягоныя слабасці і здраду... Але!

"КРЫЎЯ" застаецца служыць ІДЭІ, а гарматы мусяць страляць трапна.

У сувязі з дзейнасцю чальца Цэнтра Аляксея Дзерманта ў межах праекта "ЦЫТАДЭЛЬ", якая пярэчыць падставовым устаноўкам і ідэям ЦЭК, парушэнне этычных і ідэалагічных прынцыпаў, ЦЭК "Крыўя" не бачыць магчымым працяг дзейнасці Аляксея Дзерманта як асобы Цэнтра. Таксама забараняецца выкарыстанне сімволікі Цэнтра (знак і лагатып Крыўі, альманаха "DRUVIS", графічныя інтэрпрэтацыі арнаментальных знакаў, гербу "Пагоні" ў графічнай інтэрпрэтацыі Т.К., візуальных шэрагаў, выкарыстаных у альманаху, славесных сімвалаў (Крыўя, Крывец, Друва, Друвінг і інш.), як інтэлектуальнага набытку ЦЭК.

Мяркуецца часовае прыкрыццё сайта Крыўі з далейшым рэбрэндзінгам.

Альманах ЦЭК "Крыўя" "DRUVIS" працягне сваё існаванне ў змененым рэдакцыйным складзе.

Заява будзе распаўсюджаная сярод калегаў і аднадумцаў у Беларусі і Прыбалтыцы".

P.S. Пасля публічна агучанага ліста Сяржук Санько адмовіўся ад свайго суаўтарства ў ім (ВА).

P.P.S. Як бы ні скончылася гэтая гісторыя, змаганне за Крыўе значна ўзбагаціла інтэлектуальны кантэкст новай Беларусі. Але на пытанне, ці верагодна яшчэ хоць калі наступнае адраджэнне ідэі Крыўскай цывілізацыі, я не маю пэўнага адказу. 3 фармальнага боку залішне далёка адскочыў сённяшні час ад тых старадаўніх ідэалагемаў, а з футурыстычнага - будучыня надта вялікая і хто можа ведаць, што там яшчэ наперадзе здарыцца?

***

Не думаю, што самі крывічы верылі ў магчымасць практычнай рэалізацыі свайго праекта. (Проста гэта было прыгожа і велічна!) Таму, нягледзячы на яго папулярнасць ды плённы этналагічны набытак, праект так і застаўся хутчэй інтэлектуальнай гульнёй для няўрымслівых маладзёнаў.

А вось Беларуская нацыянальная ідэя - гэта ўжо зусім іншае. І хаця яе слушнасць падтрымлівалася не столькі самімі беларусамі, колькі доўгім шэрагам краінаў, вызваленых ад камуністычных путаў і наўзамен зацугляўшых сябе нацыяналізмам. Таму амаль у момант у нас таксама з’явіліся свае палітычныя рухі і лідэры. (Як вядома, тут першым сярод іх хутка стаў Зянон Пазняк.) Яны і склалі палітычную праграму нацыянальнай (і незалежнай) Беларусі.

Толькі гэтая праца з праграмай аказалася самай простай. Куды цяжэй было ўцямна патлумачыць людзям, што гэта такое твая ўласная Беларусь? Але найбольш складаным было падахвоціць абыякавае насельніцтва да любові. Менавіта так, захапіць яго сваёй краінай і пераканаць, што яна вартая нашай любові. За гэтую справу ўхапіліся сотні, тысячы людзей: пісьменнікі, гісторыкі, музыкі, мастакі, філосафы, культурныя дзеячы...

Немагчыма аб’ектыўна вылічыць, каго тут назваць паперадзе другіх, як у палітыкаў? Хаця я на гэтым месцы бачу Уладзіміра Арлова. Адметны празаік, паэт, эсэіст, прамоўца, нястомны папулярызатар айчыннай гісторыі, ён зачараваў сваім красамоўным словам невядома колькі люду. Спашлюся толькі на адзін канкрэтны прыклад. Для паступлення ў Беларускі калегіюм трэба было запоўніць анкету, дзе сярод іншых было і такое пытанне: "Хто (што) паўплывала на ваш выбар навучання ў нашай інстытуцыі?" І з году ў год тут дамінаваў Уладзімір Арлоў!

Тварам, барадой, мудрай усмешлівасцю Уладзімір Арлоў нагадвае мне біблейнага чалавека. Я не маю ні каліўца сумневу, што ён таксама гатовы 40 год цягаць беларусаў па гіблых балотах ды хмызах, пакуль яны не вывучаць на памяць гісторыю сваёй Айчыны.

Пачыналася яго разлеглая слава з эсэ "Незалежнасць - гэта..." (1990). Потым адмыслоўцы падлічаць, што тое эсэ надрукавалі не толькі ў Беларусі, але яшчэ больш як 30 разоў у самых розных краінах на самых розных мовах. Я выхаплю з яго некалькі фрагментаў.