Выбрать главу

"Незалежнасьць - гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, - на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, - на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, - на ягонай).

Незалежнасьць - гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова «імавернасьць», і ты па-французку растлумачыш яму.

Незалежнасьць - гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып’яце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто не будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве габрэем, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтаю.

Незалежнасьць - гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на могілкі й ведаеш, што паставіш сьвечку й пакладзеш кветкі, а ня станеш удзельнікам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралітычным газам ці новае мадэлі гумовага дручка.

Незалежнасьць - гэта калі да цябе завітае сьпявак зь Нью-Ёрку, і ты вып’еш зь ім добрую чарку вішнёўкі, і пасьля ветлівыя дзяцькі ў цывільным не запрапануюць табе падрабязна напісаць, дзе й што вы пілі й каго пры гэтым лаялі.

Незалежнасьць - гэта калі ніхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць без вялікага старэйшага брата, бо ня мае сваіх баксітаў альбо алмазаў, і ты разумеет, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галяндцаў ці бэльгійцаў, якія ня маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.

Незалежнасьць - гэта калі на Божай пасьцелі ведаеш, што пасьля таго, як ты памяняеш гэты сьвет на лепшы, на месцы царквы ці касьцёла, дзе цябе хрысьцілі і дзе ты вянчаўся, ня выкапаюць сажалку з брудным лебедзем і не пабудуюць басэйн імя XXVIII зьезду КПСС.

Незалежнасьць - гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чала-векам на сваёй зямлі.

Я веру, што калі-небудзь так будзе.

Бо іначай проста ня варта жыць".

(Цікава, што напрыканцы 2019 года Уладзімір Арлоў зноў прачытае сваё неўміручае эсэ - цяпер на Кастрычніцкай плошчы перад маніфестантамі, якія пратэставалі супраць яднання з Расіяй. За гэта яго выклічуць у суд, дзе Арлоў заявіць, што яго судзяць за літаратурны твор, зноў агучыць эсэ, сарве апладысменты прысутных і атрымае ў якасці "ганарару" больш як 500 рублёў штрафу.)

Мы з Уладзімірам лішне не назалялі адзін аднаму, але пачуццё сяброўства было рэальным. Здаецца, яго можна было нават памацаць.

Праміналі гады, слава Уладзіміра расла, выдаўцы палявалі за ягонымі рукапісамі, бо кнігі (шматлікія) не залежваліся на паліцах кнігарняў. Таму ён быў ці не адзіным беларускім літаратарам, які мог жыць з плёну ўласнай творчасці.

Усё, здаецца, было добра, аднак неўпрыкмет я пачаў усё мацней адчуваць за яго трывогу, толькі не ведаў, як яму пра гэта сказаць. Тады, нічога не кажучы, напісаў і надрукаваў эсэ "Вечныя дзеці Беларусі". Гэта была вострая крытычная рэфлексія паводле яго творчасці апошніх гадоў. Шчыра прызнаюся, я зусім не быў пэўны, што пасля гэтага тэкста нашае "пункцірнае сяброўства" (ягоны выраз) будзе мець працяг. Але ж я яго любіў і не мог не папярэдзіць пра небяспеку.

"Перадусім згадаю прэзентацыю кнігі Уладзіміра Арлова для дзяцей «Адкуль наш род». У паўнюткай зале амаль не было ні бабулек з дзядкамі, ні іхніх унукаў ды ўнучкаў, для якіх і стваралася гэтая кніга - зала поўнілася рознаўзроставым, хаця ўвогуле звычайным для дарослых літаратурных вечарынаў, народам.

«Што яны тут робяць?» - дзівіўся я ды з гэтага дзіва ўпотайкі зыркаў па тварах аматараў прыгожага беларускага пісьменства, пакуль неўзабаве не зразумеў: тут адбываецца не сустрэча пісьменніка з чытачамі, а казань першасвятара да набожных вернікаў.

Якая містычна напружаная цішыня панавала ў зале, як аднолькава натхнёна свяціліся вочы прысутных самага рознага веку, як малітоўна варушыліся іхнія вусны, замацоўваючы словы казані ў памяці! Але найбольш мяне ўразілі тыя моманты, калі Арлоў выказваўся пра нейкую падзею (гістарычную ці сучасную) такім чынам, які абуджаў патрыятычны гонар (альбо патрыятычны гнеў) ягоных слухачоў. Тады яны прасветлена-радасна пачыналі пераглядацца паміж сабой (не парушаючы трапяткой цішыні - крый Божа!) і ўзнагароджвалі адзін аднаго ўсмешкамі ціхіх вар’ятаў...