Выбрать главу

У адну з такіх хвілінаў калектыўнага псіхозу мой твар пакутліва сказіўся, бо я раптам зразумеў, чаму гэтыя людзі не выправілі сюды сваіх дзяцей ды ўнукаў...

Яны самі - дзеці. I гэта не для малалеткаў, а для іх Уладзімір Арлоў стварыў нацыянальны катэхіз пад назовам «Адкуль наш род», паводле якога яны будуць жыць, любіць і маліцца за Беларусь.

Мне зрабілася млосна.

Яны ўжо не паспеюць вырасці, - скрушна падумаў я, - яны ніколі не вырастуць у дарослых. Гэта вечныя дзеці Беларусі!

***

Чалавецтва стварала міфы ў сваім дзяцінным веку - у такую ж пару іх і натуральна чытаць асобнаму чалавеку. Малалетак экзістэнцыйна тоесны гераізаваным версіям жыццяпісаў Еўфрасінні Полацкай, Вітаўта Вялікага, Кастуся Каліноўскага... Message у выглядзе патрыятычна міфалагізаваных сюжэтаў ён успрымае як чаканы выклік быцця, на покліч якога яму немагчыма не адгукнуцца. I ён рушыць у накірунку поклічу - але чым болей прыспешвае хаду, тым далей аддаляецца ад мэты...

Міф - феномен статычнага свету. Таму ўсялякі рух - гэта тое, што аддаляе ад міфа, нават калі ты рухаешся яму насустрач. Сталеючы ў сваёй хадзе, за дзівосамі новых даляглядаў, малады чалавек нават не заўважае, як покліч міфа неўпрыкмет ператвараецца ў ягонае рэха, якое адно зрэдзьчас падымаецца на паверхню з глыбіняў падсвядомасці, дзе міфу толькі і ёсць належнае месца.

Дзіцячыя кніжкі трэба чытаць у дзяцінстве. Іх небяспечна чытаць тады, калі ты прайшоў ладную частку адмеранага табе шляху і патэнцыялу засталага руху ўжо не заўсёды хапае, каб, патрапіўшы ў царства міфаў, зможыцца і выслізнуць з іх вечна статычных прыцемкаў у рэальнае, жывое і заўсёды дынамічнае жыццё...

Разрыў паміж дыскурсамі міфа і тэкстам рэальнасці паводле азначэння непераадольны. Гэта навідавоку - але толькі не для вечных дзяцей Беларусі. Яны і на каліўца не маюць сумневу ў магчымасці перайначання явы пад жаданыя формы намысленай уявы. Трэба адно з’адзіночыцца і добра вымагчыся, гэта значыць улегчыся ў штукаванне запрудаў, каб запыніць жывое жыццё ў нерухомую фігуру таго міфа, пра які яны даведаліся з дзіцячых кніжак.

Нядобра ў дарослыя гады чытаць дзіцячыя кніжкі. Але што рабіць, калі ў нашым дзяцінстве ў нас не было нашых дзіцячых кніжак?

***

Гэтае эсэ запачаткаванае трывожным пытаннем пра вечных дзяцей Беларусі... Яны ёсць усюды: у Мінску і Стоўбцах, Мсціслаўі і Полацку, Гомелі і Вілейцы, Старых Дарогах і Капылі... Яны стаяць у пікетах і ходзяць на мітынгі, ладзяць шэсці і запісваюцца ў сябры ТБМ, малююць на плакатах «Жыве Беларусь» і носяць ля сэрца значкі з «Пагоняй». Яны зусім не падобныя адзін да аднаго, належаць да розных партыяў і рухаў, жывуць у разбэрсанасці па ўсёй Беларусі, аднак ці не ўсім ім аднолькава карціць сустрэцца з Уладзімірам Арловым, каб праз таемства наўпростага з’адзіночання, нечым падобнага да таемства святой эўхарыстыі, трохі адужыцца ад ягонай плоці і крыві і тым самым здабыць хвіліну ўцялесненай у рэальнасць нацыянальнай мроі...

І Уладзімір Арлоў выпраўляецца ў Друцк і Вільню, Ружаны і Плешчаніцы, Бабруйск і Нясвіж... Рухомы, як місіянер, чаканы, як месія (адначасна яго можна параўнаць і з гандляром уласнымі кніжкамі Францішкам Скарынам), ён увесь час у дарозе да тых, каго навярнуў у нацыянальны міф сваімі казанямі.

(...)

Дзяцей натуральна любіць. Усялякіх і заўсёды. Грэшны: адзін раз не залюбіў і ў нейкі момант нават моцна. Адбылося тое прыкрае здарэнне напрыканцы нейкай ужо значна пазнейшай прэзентацыі, калі ў малітоўнай цішыні залы я здагадаўся пра сумнае - валхвец з ахвяравальніка ўласным лёсам, які ён кінуў у вечна ненажэрную пашчу молаха Адраджэння, ператварыўся ў ахвяру нацыянальных пераросткаў, што нахабна зацуглялі яго жалеззем сваёй любові і веры, каб займець сабе алібі жытва ў свеце міфа, дзе спрэс пануе нежытво.

Дык што - атрымліваецца, я знелюбіў гэтых, самім творцам створаных адэптаў беларушчыны за іхнюю любоў і павагу да свайго стваральніка? Нейкае абы што! Ці адмысловая (а мо і самая звычайная) рэўнасць?

Можа і рэўнасць, але хутчэй - крыўда. Бо гэта яны, вечныя дзеці Беларусі, адабралі ў мяне майго пісьменніка, які з сярэдзіны васьмідзесятых да сярэдзіны дзевяностых (і трохі яшчэ пазней) пісаў менавіта для мяне, з якім я прамінуў ягоны (як свой) шлях ад гістарычнай белетрыстыкі і папулярызатарскай гістарыяграфіі да вытанчанай эсэістыкі, актуальнай прозы і гэткага ж эстэтычнага вымеру паэзіі. А потым з’явіліся яны, тыя, каму ўжо не патрэбныя былі ні адмысловая стылістыка, ні складаныя культуралагічныя алюзіі, ні, тым болей, вольнае мысленне - даволі было адно граматыкі ў дзесяці параграфах Вячоркі і катэхізіса ў дзесяці гераізаваных міфах Арлова.