Выбрать главу

Натуральна адсланіцца ад нядобразычліўца, лагічна забыцца на няўдачу, абачліва размінуцца з дурнем, але як сысці ў ростань ад таго, хто цябе любіць за тваю справу ды яшчэ сваёй любоўю гарантуе твой прафесійны поспех і грамадзянскі чын? Дый увогуле, пра якую ростань можа ісці гаворка, калі наперадзе ўсіх нас разам чакае вольная і незалежная Беларусь...

Творчасць - гэта вечны сыход упрочкі ад тых, хто цябе любіць. У гэтым сэнсе творца радыкальна супрацьлеглы палітыку, шлях якога заўсёды наадварот - да тых, хто яго любіць. I рэч тут вось у чым: творца застаецца творцам, пакуль ён кажа тое, што хоча сказаць сам, палітык застаецца палітыкам, пакуль ён кажа тое, што ад яго хочуць пачуць іншыя... Поспех і любоў неўпрыкмет ператвараюць пісьменніка ў палітыка, калі ў яго не атрымліваецца пераадолець цягу любові чытача. Вось чаму я занелюбіў вечных дзяцей Беларусі, якія, як трэску, зацягнулі ў магутны вір сваёй любові Уладзіміра Арлова і ўжо колькі часу не выпускаюць яго з сваіх пругкіх абдымкаў...

...Не выпускаюць найперш да самога сябе, а гэта значыць і да мяне, паколькі мой Арлоў каштоўны мне не ў статычным падабенстве са мной, а ў кінетычным разрозненні - бо чым далей ён аддаляецца ад мяне ў тую краіну, дзе ніхто, акрамя яго, не жыве, тым болей паміж намі прасторы, памерамі якой, уласна, і вызначаецца мая патрэба ў ягонай творчасці. Зрэшты, у чым яшчэ для нас можа быць сэнс творчасці іншых, як не ў бясконцым велічэнні дыскурсу быцця за кошт сыходу творцы «наўзбоч шасці тысяч футаў чалавека і часу» (Ніцшэ). Гэта значыць - наўзбоч мяне, вечных дзяцей Беларусі і, калі атрымаецца, самой Беларусі".

Горад якога няма

Валянціну Акудовічу

ты сцвярджаеш

гэтага гораду няма

бо ён не вабіць мітамі і

не абавязвае мэтамі

напэўна таму

адусюль я вяртаюся сюды

гэта так файна:

піць віно

цалаваць жанчыну і

пісаць вершы

ў горадзе, якога няма

як няма ні лепшых

ні горшых

часін і гарадоў

ні для паэзіі

ні для кахання

ні для нашага з табой

пункцірнага сяброўства

бо ты сцвярджаеш

цябе таксама няма

а я маю нахабства

сумнявацца ў гэтым

ў горадзе якога няма

***

Неяк Адам Глобус (Уладзімір Адамчык) публічна заўважыў, што кожны божы дзень мусіць напісаць літаратурную показку ці намаляваць невялікую карціну.

Ахвоці мне! Гэта значыць за год здзейсніць 365 творчых актаў. Як такое можа быць?

Можа, - запэўню недаверкаў. Ужо шмат (шмат!) год я назіраю за бясконцай плынню яго творчага "послушания" і таму сведчу: ён не хлусіць. Алесь Анціпенка абсалютна слушна назваў яго хранікёрам штодзённасці. Аднак паколькі ў нашым вербальным кантэксце азначэнне "хранікёр" стасуецца хутчэй са зніжанай лексікай, то я дадам трохі пафасу: "Унікальны хранікёр штодзённасці". А вяртаючыся да ўласнага слоўніка, без сумневу ўлучаю яго ў шэраг беларускіх волатаў.

Адам Глобус - мастак, паэт, празаік, эсэіст, інтэлектуал, бізнесовец, выкладчык Беларускага калегіюма, стваральнік персанальнай літарацкай прэміі "Залатая літара" (таксама меў гонар яе атрымаць), уласнай школы маладога літаратара... Да таго ж у яго была заўважная роля ў фармаванні "Новай літаратурнай сітуацыі" (так я назваў гэтую сітуацыю ў цыкле лекцый для "Беларускага калегіюма").

Сёння ўжо нават немагчыма ўявіць сабе, што беларуская літаратура на той час (канец 80-х - пачатак 90-х), лічы, не мела гарадской прозы, паэзіі... - ды чаго яна толькі не мела?! У вялікіх гарадах яна па-ранейшаму заставалася вясковай літаратурай, што праўда, багатай і разнастайнай. Але актыўная урбанізацыя рашуча запатрабавала іншага кшталту. Найперш новых слоўнікаў, новых формаў, скрытых раней тэмаў і праблемаў. Сярод разнастайных адсутнасцяў я запынюся толькі на бруталізацыі і сексуалізацыі літаратуры, бо роля Адама Глобуса тут выключная. Акрамя ўсяго іншага, на гэты тэмат ён напісаў дзве кнігі мастацкай прозы ("Дамавікамерон"), дзе аголеная да апошняга сексуальнасць бясконца рухала схопленыя жарсцю целы. І ўсё гэтае нашэсце бессаромнасці было падмацаванае адпаведнымі малюнкамі Глобуса-мастка.

Для прынцыпова цнатлівай вясковай літаратуры гэта было неверагодным узрушэннем. Рэвалюцыяй!

Прамінулі гады. У эпоху панавання парнагрфіі, калі вітрынным сексам ужо нікога не агаломшыш, я вяртаюся да свайго даўняга эсэ "Наўзбоч Дамавікамерона", каб перачытаць наноў тое, што ў тыя яшчэ цнатлівыя гады было заслоненае ад чытача ятрай плоці.