***
"Самая вялікая каштоўнасць, якая ёсць у чалавеку, - гэта тая жывёліна, што жыве ў ім...
Прынамсі, яшчэ жыве.
Раней гэтая жывёліна займала амаль напоўніцу ўсяго чалавека, але тысячагоддзі цывілізацыйнага ўнармавання неўпрыкмет адсунулі яе ў самы ягоны под, загналі ў сутарэнні чэрава і краёвую плоць. Яшчэ трохі, і ёй не застанецца месца і там, у рэзервацыі краеня.
Як ужо толькі казалася, калісьці гэтай жывёліны ў чалавеку было шмат, а чалавека зусім мала. Маленькаму чалавеку было няўтульна ў вялікім целе жывёлы, і яму тады вельмі хацелася чалавечага, як мага болей чалавечага...
Спакваля чалавек атрымаў тое, аб чым мроіў, але за жаданым не заўважыў, што разам з тым ён страціў. А страціў ён тую магутную жывёліну, якая несла яго скрозь тысячагоддзі небыцця ва ўсё новае быццё.
Хто панясе чалавека далей ужо скрозь іншыя тысячагоддзі? Тое распешчанае выгодамі цывілізацыі зверанятка, што яшчэ неяк знаходзіць сабе месца ў чалавеку? Але калі не яно, дык і нішто іншае. Вось чаму нават гэтае анемічнае зверанё цяпер пачынае выяўляцца для чалавека большай каштоўнасцю, чым усё ўласна чалавечае, усё створанае гэтымі гамерамі, рэмбрантамі, бетховенамі, эдысонамі, джойсамі...
Я не ведаю, чаму не пра што яшчэ, а менавіта пра жывёльнасць чалавека як пра абсалютную для яго каштоўнасць падумалася мне, калі я прагарнуў апошнюю старонку "Дамавікамерона" і выйшаў на гаўбец, каб пацешыцца з вялізнай калматай хмары, якую пярун гнаў у бок майго жытла.
Пэўна, Адам Глобус, складаючы свае брутальныя навэлкі, меў на мэце што заўгодна, толькі не апалагетыку "скаціны", і тым не менш я, трохі адсланіўшыся ад тэкстаў, думаў не пра тое нізкае, што татальна апанавала прастору двух "Дамавікамеронаў", а, наадварот, пра нешта высокае, пра нешта значна вышэйшае і за Платонавы вершны эйдас эйдасаў - Дабро, і за Плоцінава ўсюдыіснае
Адзінае, і за Хрыстовую неабсяжную Любоў, - і гэтае нешта, больш высокае за ўсё вышыннае, месцілася не дзесьці наверсе ўсяго існага, не ў нейкай абсалютнай чысціні ды цноце ідэальнага, а ў самым подзе, хавалася за брудам, гноем, смуродам, быццам бы нават правакуючы сітуацыю табу, як самую надзейную хованку для найбольш каштоўнага скарба чалавека...
Гэтае "нешта больш высокае за ўсё вышыннае" розныя людзі называлі па-рознаму: Шапэнгаўэр - воляй да жыцця, Ніцшэ - воляй да панавання, Фрэйд - лібіда, Гайдэгер - воляй да волі, Дэлёз і Гватары - машынай жаданняў... Але як бы хто ні называў тое, што ляжыць у аснове жывога жыцця і ўвесь час рухае яго, найлепей выяўляе сутнасць гэтага руху мужчына, які гвалціць жанчыну. Менавіта гвалціць - не просіць яе, не ўлашчвае, а бярэ сам; бярэ жорстка, бязлітасна, магчыма, нават без асаблівай асалоды, а толькі таму, што так трэба.
Вось пра гэтае "так трэба" я і думаў, углядаючыся ў расцярэбленую сечкамі бліскавіцаў хмару і разважаючы, што хаця кожная са ста дваццаці дзвюх навэлаў падвоенага "Дамавікамерона" мае свайго "персанальнага" героя, але па сутнасці герой тут адзін: гэта выпэцканая ў сперме і экскрэментах магутная жывёліна з цягліцаў ды хэнці, якая бязлітасна, жорстка і, калі заўгодна, абыякава сто дваццаць два разы гвалціць адну і тую самую жанчыну (нават калі паводле сюжэта і не гвалціць, і не жанчыну...) толькі таму, што так трэба, што гэтага перманентнага гвалту патрабуе нешта больш значнае ды магутнае і за Дабро Платона, і за Любоў Хрыста...
Чалавек - гэта перадусім дадатак да свайго чэлеса.
Чэлес (у стане эрэкцыі) - тая дамінанта, якая вызначае каардынаты ўласна чалавека і арганізуе яго ў пэўную падзею быцця.
Пра сваю ролю як дадатку да чэлеса чалавек даведаўся даўно, аднак гэтае веданне яму настолькі было не даспадобы, што ён яго не толькі затабуяваў, але на гэтае табу яшчэ панаскідаў безліч адмысловых міфаў і самых розных прыгожых словаў (кшталту "эрас", "любоў", "каханне"...) ды іншых вытанчаных прыдумак, каб толькі ніхто і ніколі не даведаўся праўды. А калі ў гэтым цвілым рыззі і спарахнелым ламаччы нехта наважваўся поркацца, каб пацікавіцца, што там спадыходу, дык адразу ўсчыняўся несусветны гвалт: не руш святыні!
І так было пакуль не знайшоўся чалавек, абыякавы да ляманту. Звалі таго чалавека Зігмунд Фрэйд. «Гэтыя любоўныя інстынкты называюцца ў псіхааналізе а potiori і па сутнасці з’яўляюцца сексуальнымі памкненнямі. Большая частка інтэлігенцыі ўспрыняла такое мяно як абразу і адплаціла за гэта тым, што папракнула псіхааналіз у пансексуалізме. Хто лічыць, што сексуальнасць утрымлівае ў сабе нешта брыдкае і прыніжаючае чалавечую прыроду, хай ужывае больш шляхетныя назовы: эрас і эротыка.