Выбрать главу

***

Раней я ні разу не пакарыстаўся завершанымі аўтабіяграфіямі маіх герояў з розных даведнікаў. А тут не вытрываў, бо гэтая біяграфія эўрыстычная і да таго ж з весялінкай.

"Алесь АНЦІПЕНКА (Ales Antsipenka or Ales Ancipienka) нарадзіўся ў 1953 годзе на Далёкім Усходзе Беларусі ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобласьці.

Антыкамуністычнае выхаваньне атрымаў у сям’і. Веды набываў у Нацыянальнай бібліятэцы імя Леніна, бібліятэцы Акадэміі навук БССР і акадэміі Кіма Хадзеева, а адукацыю - у Інстытуце замежных моваў і асьпіратуры Інстытута філязофіі і права АН БССР. Кандыдат філязофіі.

Аўтар шэрагу навуковых і аналітычных артыкулаў, друкаваных у Беларусі, Аўстрыі, Ізраілі, Латвіі, Польшчы,Расеі, Славакіі, Францыі, Чэхіі, Швэцыі і ва Украіне.

Стваральнік і суаўтар кніг "Мэдыі і камунікацыя", "Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня", "Невядомая Беларусь", "Таталітарызм".

За ўдзел у Маршы Свабоды сядзеў у беларускіх Лукішках на Акрэсьціна. Ганарыцца тым, што ня мае ўрадавых узнагародаў. Галоўнай задачай беларусаў лічыць умацаваньне ўсходняй і разбурэньне заходняй мяжы краіны.

Сябра Рады БАЖ, Рады Беларускага ПЭН-цэнтру, сузаснавальнік і сябра Рады Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, сябра Валянціна Акудовіча, кіраўнік Беларускага калегіюму".

А яшчэ Алесь марыў стварыць зборнік аўтанекралогаў вядомых беларусаў. Калі ўгаворваў каго на гэтую авантуру, дык тлумачыў: як ты памрэш, дык невядома хто будзе пісаць пра цябе некралог і што ён там панапіша? Таму лепей самому загадзя парупіцца.

Як сапраўдны філосаф, ён ніколі не забываўся на momento mori.

Неяк Алесь заўважна схуднеў, і калі ў яго пачалі пытацца, што здарылася, дык ён тлумачыў:

- Не хачу, каб сябры дужа стаміліся, калі будуць выносіць маю труну з хаты.

Ну і яшчэ адзін макабрычны сюжэт.

Выпадкова Алесь перастрэўся з Уладзімірам Някляевым. Пагаварылі пра сёе-тое, а потым Алесь сумна кажа:

- Да Вас, Пракопавіч, шмат людзей збярэцца на пахаванне, і ў Акудовіча будуць людзі, а да мяне дык ніхто не прыйдзе.

- Чаму, - здзівіўся Някляеў?!

- Бо я вас усіх перажыву...

Пасля сціплай жменькі гэтых вясёлых показак нехта не абазнаны можа падумаць, што прэзентаваны тут філосаф нейкі ну зусім несур’ёзны. Запэўніваю: яшчэ як сур’ёзны! Нават калі б ён нічога болей не зрабіў акрамя Беларускага калегіюма, з якім плённа ўпраўляўся больш як паўтара дзесяцігоддзі (да таго ж у варожым атачэнні), дык і гэтага было б даволі, каб застацца адметнай постаццю ў гісторыі нашага інтэлектуальнага рушэння...

Мы шмат чаго перарабілі з Алесем разам за некалькі дзесяцігоддзяў супольнай працы - лічыць не пералічыць. Таму згадаю хаця б адну, але надзвычай важкую падзею.

У другой палове 90-х як бы з нічога нам падумалася, што за вызвольны час філасофскіх і проста якасных інтэлектуальных тэкстаў рознымі аўтарамі напісалася столькі, што варта было б іх сабраць у адзін ёмісты збор.

- Тэкстаў насамрэч хапае, - паўтарыўся я. - Толькі дзе грошай знайсці на выданне?

Мы доўга слухалі ўласную моўчу, толькі нечакана вочы Алеся загарэліся, і ён рашуча запэўніў:

- Грошы знойдуцца. Пачынаем рыхтаваць тэксты.

І сапраўды, не адразу, але недзе праз год, грошы знайшліся. Нейкім спосабам Алесь пераканаў Васіля Лявонава (некалі першага сакратара абкама, потым палітвязня, а яшчэ пазней бізнесоўца), што без уласнай філасофіі Беларусь ніколі не зразумее самую сябе.

"Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня" пабачыла свет ў 2003 годзе. Яна мела 500 старонак і больш як трыццаць аўтараў.

Мы лашчылі ў руках кожны свой асобнік і Алесь, пасміхнуўшыся, сказаў:

- Ну, цяпер можна і паміраць.

Безумоўна, гэта была не абы-якая інтэлектуальная падзея. Хто мог раней падумаць, што праз дванаццаць год пасля паўставання незалежнай краіны ў нас будзе свая ёмістая філасофская анталогія?

Ніхто!

А далей я літаральна мушу распавесці яшчэ адну гісторыю пра Алеся, бо без яе ягоны жыццяпіс будзе банальна знявечаным.

Пражыўшы больш за палову стагоддзя ў горадзе, ён вырашыў, што болей ужо нікому нічым не абавязаны: ні жонцы, ні дарослым дзецям, ні дзяржаве - і выправіўся ў адлюдства, каб шукаць там уласную сцежку ў блакітныя сутарэнні Бога.