Выбрать главу

Карацей, дачакаўшыся дзяржаўнай рэнты (пенсіі), ён пакінуў горад і схаваўся ў сваім сціплым летнічку, мала прыстасаваным для жыцця ў халады.

Што праўда, з адлюдствам у яго нічога не атрымалася, бо жонка Міла, як тая руская дзекабрыстка, выправілася последам, а з ёй тры сабакі і кот.

Раней я часта да іх наведваўся, асабліва калі пачыналіся грыбы. Тады мог днямі не вылазіць з лесу, бо для мяне няма нічога больш эратычнага за грыбы. Хаця, калі казаць увогуле, дык хапала і самых розных іншых падзеяў дзеля сустрэч. Неяк разабралі старую печку, каб перакласці на цяплейшую, удвох склалі з таўшчэзных бярвенняў вялікую лазню (чым моцна ганарыліся, бо на дваіх тады мы ўжо мелі 120 год), ну і ўсялякае іншае...

Забыўшыся на цывільны свет, Алесь на адзіноце да астачы загруз у філасофіі Усходу. А пазней, праз французскую і англійскую мовы, пераклаў "Тао Тэ Чынг" Лао Цзы і будыйскія Кхагавісана суты.

Аднак самае галоўнае было не ў гэтым. Нарэшце менавіта тут ён змог напісаць сваю кнігу. Называецца яна "Прыпадобніўшыся да насарога". Кніга моцная, вельмі моцная. І да таго ж напісаная не за акадэмічным сталом, а на скразняках быцця ў лядашчай хаціне. Што надае ёй прынцыпова іншы кшталт ад бальшыні філасофскіх кніг.

***

Тады мы з Максімам Жбанковым і Дар’яй Сітнікавай гасцявалі ў Алеся з Мілай, і Максім угаварыў нас паспрачацца міжсобку наконт Бога, а яны запішуць на дыктафон, апрацуюць і надрукуюць спрэчку ў часопісе "Партызан".

Без асаблівай ахвоты, але мы пагадзіліся.

Познім ранкам атабарыліся на зялёным падворку. Было ціха, утульна і злёгку пахмельна. Я наперад прапанаваў трохі брутальную назву "Ці ёсць Бог на Марсе?" Чамусьці ніхто не спрачаўся... А персанальна ад сябе дадаю тут яшчэ падзагаловак:

Палеміка з сябрам

Алесь Анціпенка: ...У адрозненне ад цябе - філосафа Адсутнасці - я сябе лічу філосафам Прысутнасці. Маё стаўленне да Бога фармулюецца вельмі проста: Бог ёсць чыстая, адвечная і татальная прысутнасць, чыстае Быццё. І таму менавіта Ён (нікога і нічога больш поўнага за Яго няма) задае максімальна магчымую прысутнасць усяго, што існуе, саму магчымасць прысутнасці. І ў гэтым парадокс! Таму што нібыта, з другога боку, Бога няма, як некаторыя кажуць... І ў самім Евангеллі можна прачытаць, што Ён жыве ў святле невымоўным. То-бок, Яго немагчыма ўбачыць... Але гэтая скрайняя пазіцыя - Богам яна і задаецца - і ёсць той самай «канцавой», «апошняй» анталогіяй, якая робіць мажлівым усё. Нават існаванне Акудовіча.

Валянцін Акудовіч: Калі мы зыходзім з хрысціянскай візіі Бога як таго, хто ўсё можа, тады Ён можа быць не толькі ў сваёй прысутнасці, але і ў сваёй адсутнасці. Перадусім гэта ёсць найбольшай унікальнасцю Бога, якой і пакладзена бездань паміж Ім і чалавекам. Таму мяне Бог мала цікавіць як прысутны (я і сам прысутны, хай сабе і праз «мяне няма»). Мяне Бог цікавіць (калі цікавіць) адно ў сваёй адсутнасці: Бог як адсутнасць Бога.

A.А.: Ці не ёсць гэта сур’ёзнай супярэчнасцю. «Бог як адсутнасць Бога»? Калі Бог ёсць, як ён можа быць тым, хто ўсё адмаўляе?

B.А.: Адсутнасць не ёсць адмаўленнем! У вядомым нам свеце Няма, Нішто, Адсутнасць складаюць абсалютна большую ягоную частку. І перад тым, як гэты свет стварыць, Бог, напэўна, таксама месціўся недзе ў Няма. Прынамсі ладная частка хрысціянскага свету дагматычна верыць, што Бог стварыў свет ex nihil - з нішто. І цалкам верагодна, што толькі там яго сапраўдная Айчына (так бы мовіць, гістарычная Бацькаўшчына). Прынамсі, каб я верыў у наяўнасць Бога, дык перадусім звязваў бы яго з дыскурсам Адсутнасці. Бо думаць пра Бога як толькі пра Бога дыскурсаў Ёсць - гэта выказваць Яму сур’ёзны недавер. Бог, які толькі Ёсць, - гэта няпоўны Бог. Болей за тое, гэта нават не палавінка Бога, а нейкая яго мізэрная частка.

А.А.: Адсутнасць - гэта насамрэч адсутнасць імя. Бог таксама забараняе - мы ведаем гэтую старазапаветную традыцыю - вымаўляць Ягонае імя. Бог кажа: адзінае, што пра Яго можна сказаць, - што Ён ёсць. Ён кажа: «Я есмь», - так? У гэтым сэнсе Бога сапраўды няма - як рэчы. Бога сапраўды няма як імя. Бога няма як асобы. У гэтым праблема: Бога няма як Іншага! То-бок істотна адрознага ад Яго. Вось ты і блытаеш Бога з рэчамі.

Фенаменальна, канешне, Бога няма. Бо Бог не ёсць фенаменальнай сутнасцю. Ён не ёсць сутнасцю ўвогуле, бо перадусім ён ёсць існаванне. У прынцыпе, выказванне пра Бога можна абмежаваць адным словам: «Ёсць!» Усе астатнія словы - гэта прэдыкаты. Гэта тое, што пачынае размываць Ягоную найвялікшую прысутнасць. Чаму паўстае такая парадаксальная сітуацыя? Я думаю, таму, што кожны з нас фактычна недапраяўлены для самога сябе. У пэўным сэнсе кожны з нас - нерэалізаваны праект. Недадуманы. Недажыты. І з усіх гэтых нашых «неда-» - недадуманасці, недасканаласці, недажытасці - Бог робіцца для нас праблематычным. Бо Ён насамрэч ёсць поўніца і існаванне ў плюсквамперфектум. То-бок ён больш чым дасканалы, калі пад дасканаласцю мець на ўвазе ўсё тое, што мы можам сабе ўявіць.