Выбрать главу

В.А.: У якасці рэплікі нагадаю, што ў Жака Дэрыда ёсць вельмі сімпатычная кніжыца, перакладзеная на беларускую мову Змітром Коласам. Яна называецца «Акрамя імя». Гэта тое, пра што ты казаў: у Бога ёсць усё, акрамя імя. Але не называць імя Бога кажа не столькі традыцыя, колькі здаровы сэнс. Бо як даць імя таму, што ёсць усім, нават і тым, чаго няма?

A.А.: Я ўсё ж хачу паразважаць пра тое, чаму ты гэтак часта і настойліва кажаш «Няма» і «Нішто». І пры гэтым сёння агучыў абсалютна новую для сябе ідэю пра Бога як Адсутнае.

Маўляў, калі Ён усё можа («на ўсё здольны»), дык Ён з уласнай хэнці можа і не быць. Гэта цікава, але ў індуізме Няма, Нішто (тое, што называюць пустой свядомасцю) ёсць адной з фазаў спазнання Бога. Калі ёг становіцца на шлях набліжэння да Бога, ён мусіць разбурыць інтэнцыянальнасць сваёй свядомасці. Нашае мысленне - згодна з еўрапейскай традыцыяй - заўсёды інтэнцыянальнае, гэта значыць скіраванае на нейкі аб’ект. Дык вось, разбурэнне інтэнцыянальнасці ёсць адным з рухаў на шляху да Бога. І ў гэтай сітуацыі Бог падаецца як адсутны. Таму што нашая свядомасць робіцца татальна пустой. Гэта мае аналогію таксама і ў хрысціянстве. Калі Хрыстос кажа: «Пакінь маці і бацьку свайго і ідзі за мной», - Ён кажа: вызвалі месца ўнутры самога сябе, зрабі пустой сваю свядомасць, каб я ўвайшоў у яе. Я хачу сказаць, што ты, на маё разумение, папросту перабольшваеш вагу пэўных станаў нашай свядомасці. І ў мяне да цябе пытанне. Вось мы казалі, што Ёсць як Бог не патрабуе ніякіх прэдыкатаў. А Няма таксама не патрабуе ніякіх прэдыкатаў? Тады чым адрозніваецца Няма ад Ёсць? І можа, тады Няма і ёсць Ёсць?

B.А.: Я разрозніваю Няма і Ёсць па адным надзвычай простым крытэры. Усё, што Ёсць, можа быць упісаным у нейкі фармат: фізічны, біялагічны, матэматычны, тапаграфічны, вербальны, інтэлектуальны... На скрайні выпадак - метафізічны. А Няма, Нішто мы не можам упісаць у хоць што, яны заўсёды застаюцца па-за формай. І для мяне ўсё больш выразна відавочніцца, што калі Бог ёсць, дык ён ёсць толькі ў Няма, як месцы a priori пазбаўленым нават самой магчымасці формы...

Дарэчы, а што рабіць Богу ў Ёсць? У Ёсць я не бачу месца Богу! Нідзе, ні ў чым! У тым сэнсе, што ўсё тое, што Ёсць, - гэтыя дрэвы, камяні, дамкі, пляшка піва, якую ты п’еш, і пляшка піва, якую п’ю я, - для мяне ніякім чынам не патрабуюць прысутнасці побач Бога, як і яго наяўнасці ўвогуле. Усё гэта цалкам вытлумачаецца матэрыяльнасцю свету і штодзённым бытнаваннем чалавека... Хіба адно акрамя кантыянскага імператыву маральнасці. Дый у гэтым выпадку, калі да станаўлення маральнасці Бог і мае нейкае дачыненне, дык хутчэй толькі праз сваё альтэр эга - Д’ябла.

А ўсё астатняе я магу прачытаць на звычайнай фізічнай мапе быцця, дзе Ён прысутнічае адно ў імёнах гарадоў і людзей. І толькі. Няма, Адсутнасць, Нішто вярэдзяць мне глузды: а можа, Ён там? Для мяне Няма - гэта адзінае алібі Бога, апошняя легітымацыя Ягонай магчымасці быць.

A.А.: А можна памеркаваць, што Адсутнае, Няма - гэта нейкая перадумова творчасці? І тады можна сказаць, што Бог творыць з Няма (з Нішто)?

B.А.: Якраз пра гэта і казаў Феафіл Анціахійскі ў палеміцы з Платонам: «Што вялікага, калі Бог стварыў свет з нарыхтаванай матэрыі? Майстар, як атрымае ад каго матэрыял, вырабляе з яго, што захоча. А магута Бога якраз і выяўляецца ў тым, што ён з нішто творыць, што захоча».

Але мяне ў сувязі з тварэннем з Нішто турбуе не сама праблема творчасці, а тое, што Яго падсунула да гэтага творчага акта? Інакш кажучы, найперш мне вярэдзіць, што Ён рабіў, калі сядзеў у Няма і нічога не рабіў (у сэнсе тварэння Ёсць)? Затым - з чаго гэта Ён выскачыў з Няма, што той Піліп з канапель (і за шэсць дзён наляпіў тут, як пяльменяў, і сонцаў, і зораў, а да іх яшчэ зямельку нашу і двух людзей у астачу)? А калі аднойчы выскачыў, дык чаму потым болей не выскокваў? І самае галоўнае: на якую халеру ўсё гэта Яму было патрэбна?

Праўда, некаторыя з апошніх маіх пытанняў як быццам лёгка здымаюцца, да прыкладу, пантэізмам (зрэшты, як і шмат якімі іншымі тэалагічнымі фэнтэзі). Але калі Спіноза кажа, што Бог ва ўсім, што Ён поўна разліты вось у гэтай травінцы, у той яблыньцы, насупраць нас, у пляшцы з недапітым півам, дык нешта ўва мне моцна пярэчыць. Бо які сэнс сядзець Богу ў цыгарэце, якую я цяпер палю (хаця я выразна ўсведамляю, што чалавек і не павінен разумець боскія задумы)?