Мне больш натуральна параўноўваць Бога з партызанам. Сядзеў сабе цішком у сутонні Няма, а потым вызірнуў адтуль, агледзеўся і хуценька ўчыніў самы знакаміты ў гісторыі Сусвету тэракт, які цяпер мы называем Вялікім выбухам, -а пасля зноў схаваўся ў сваю Адсутнасць. Таму што функцыянальна Бог як той, хто ўсё можа, потым нідзе і ні ў чым канцэптуальна не аб’яўляўся.
A.А.: Ты прызначаеш Богам той матэрыял, з якога ён насамрэч стварыў гэты свет. Я ж не адмаўляю Няма! Я проста даводжу табе, што гэта не Бог. Сутнасць - калі можна так казаць - Бога якраз у тым, што ён Ёсць. А Няма - тое, што дазваляе Богу выявіць сваю прысутнасць. Таму што калі б Няма не было, дык як бы Бог выявіў сваю прысутнасць? Я ў прынцыпе гатовы пагадзіцца, што Няма - гэта адзін з галоўных «герояў» гісторыі пра Бога. Таму што цяжка памысліць свет, цяжка памысліць час, калі мы адмаўляем Няма. Як мы тады можам зразумець час? Як зразумець гісторыю? То-бок ёсць гісторыя і ёсць адвечная пазіцыя Няма.
B.А.: У мяне яшчэ да нашай размовы прыдумалася жартаўлівае пытанне: «Ці ёсць Бог на Марсе?» Пры ўсёй жартаўлівасці запыту, ён сутнасны. Праз яго ў нашай гаворцы якраз і зручна перайсці ад першай - анталагічнай - часткі да другой, экзістэнцыйнай. Дык вось, пакуль не з’явіцца чалавек (дзе заўгодна), ці ёсць там Бог? А калі Бог усюды, дык што ён робіць на Марсе? Сядзіць у кратары і калупаецца ў носе? Ці што?
A.А.: Але без чалавека Бога няма для чалавека. Такая формула. І ў гэтым сэнсе хрысціянства прадэманстравала найвышэйшую каштоўнасць асобы. Дарэчы, адсюль зрабілася мажлівай і секулярная версія чалавека (еўрапейскі гуманізм). У гуманістычнай філасофіі Бог нібыта апынуўся лішнім... Цяпер да твайго пытання. Ці ёсць Бог на Марсе? Гэта нават не падлягае сур’ёзнаму абмеркаванню, бо адна з характарыстык Бога ва ўсіх рэлігіях - гэта ўсюдыіснасць. І гэтае глабальнае быццё Бога робіць абсалютна бессэнсоўным пытанне пра Ягонае месца. На Марсе, на Зямлі, у Смалявічах ці ў Мыцішчах. Бог аднолькава прысутнічае што ў Смалявічах, што на Марсе - гэта абсалютна не важна дзе.
B.А.: Добра, але ты мне скажы, што Бог робіць у Смалявічах? І хіба ў Смалявічах гэткія зломкі, што без Бога самі не абыдуцца? Інакш кажучы, патлумач: у чым табе бачыцца функцыя Бога сёння?
А.А.: Вельмі проста. У індуізме Бог мае тры функцыі. І гэта, я думаю, будзе табе бліжэй за хрысціянскага Бога. Першая функцыя - стварэнне, пра што ўвесь час кажа хрысціянства і робіць толькі на гэтым акцэнт. Другая функцыя - разбурэнне, бо Бог штогод, як мы бачым на свае вочы, разбурае гэты свет, прыроду. І ўвесну ўсё адраджаецца. І, нарэшце, трэцяя функцыя Бога - падтрымліваць гэты свет. Тое самае мы знойдзем у шматлікіх міфалогіях і нават у хрысціянстве, праўда, не гэтак акцэнтавана. Вось калі кажуць, напрыклад: «На ўсё воля божая», - гэта азначае, што Бог падтрымлівае гэты свет, што ён выяўляе сваю волю, каб нешта існавала. Каб нешта адбылося.
В.А.: Цікава, раней я лічыў, што вясна настае, калі сонейка высока ў нябёсы ўскараскаецца, а ты кажаш - з боскага шчыравання. Дык што, я нават у суседавым плоце гнілую штыкеціну не магу зламаць, калі Бог не дапаможа мне сваёй разбуральнай функцыяй?
A.А.: Дык я і кажу, што ў хрысціянстве гэта не дыферэнцыявана. Ты ўвесь час навязваеш Богу адну чалавечую праблему. Гэта праблема самоты, адзіноты і бессэнсоўнасці. Таму ты і пытается: «А што Бог робіць там, на Марсе?» Там жа сумна мусібыць? Людзей там няма, і піва няма. Дык што там Бог робіць без нас?
B.А.: Галоўнае тут - без нас!
A.А.: Бог падтрымлівае існаванне планеты Марс! Каб ты паглядзеў на неба, узрадаваўся і чарговы раз узгадаў Канта. Ты толькі ўдумайся на хвіліну, што Кант параўноўваў! Зорнае неба з мараллю. Анталогію з экзістэнцыяй. Чаму ён з аднолькавым піетэтам да ўсяго гэтага ставіўся? Таму што гэта і ёсць стыхійным абуджэннем рэлігійнага пачуцця. Вось і адказ. Што робіць Бог? Ён падтрымлівае гэтае неба.
B.А.: Раскажы пра гэта пінгвінам на Алясцы. Вось яны здзівяцца, бо ад веку лічылі, што і неба, і моры-акіяны, і ўсё астатняе існае трымаецца дзякуючы гравітацыі. А тут бач ты якая навіна.
A.А.: Бог ёсць творчая энергія. Хаця тут ёсць адна праблема: ці ўсведамляе сам сябе Бог? Калі Бог ёсць, яе можна разглядаць. А калі ты кажаш, што Бога няма...
B.А.: Я кажу цалкам іншае, а менавіта: калі Бог ёсць, дык найбольш верагодна, што цяпер Ён знаходзіць сябе ў дыскурсе Няма!