Выбрать главу

A.А.: Я не буду з табой спрачацца, таму што ты кажаш некаторыя рэчы, якія ёсць у рэлігійным досведзе. Бог можа «знікнуць» - ператварыцца ў Няма. Калі мы пачытаем тэксты вялікіх шукальнікаў Бога, святых айцоў, яны часам папросту ўпадалі ў наймацнейшую скруху, нават адчай. І гэта быў той стан, калі яны раптам усведамлялі, што Бога няма. Я сам стаў вернікам праз мантру «Бога няма». Я хадзіў тыднямі як ашалелы і казаў: «Бога няма». Пакуль Ён мне нарэшце не адкрыўся. То-бок «Бога няма» - адна з фундаментальных правакацый богашукальніцтва.

B.А.: Тут ты кажаш пра экзістэнцыйны вымер Бога, пра Бога як экзістэнцыйную праблему чалавека. А мяне гэта ўвогуле абыходзіць, бо мне цікава толькі анталагічнае: ці магчымы Бог як адсутнасць самога сябе?

A.А.: Мая задача - памерці перад тым, як Бог скажа: «Ты памёр!» У гэтым сэнсе я па-ранейшаму шукаю Бога, таму што хачу апярэдзіць уласную смерць. І Бог для мяне ёсць ключом да праблемы пераадолення смерці, праблемы адсутнасці.

B.А.: У мяне ёсць вядомая табе формула: «Бог - гэта аптымізацыя жаху небыцця». Уласна кажучы, экзістэнцыйна Бог для чалавека істотны не тым, што Ён раней зрабіў для людзей, а тым, што яшчэ зробіць, - дасць ім прытулак у вечнасці. Але ў вечнасці зусім іншы - не чалавечы - вымер. Чалавек створаны, каб цалкам, да апошняй рэшты, завяршыцца ў гэтым сваім жыцці... Дарэчы, калі чалавек адслоніць ад сябе ідэю Бога, дык, магчыма, гэтым радыкальна павялічыць значэнне свайго ўласнага жыцця. Бо чалавек побач з Богам - мізэрны чалавек. А мізэрны чалавек не можа ўзяць на сябе адказнасць за гэты свет. Дый навошта яму яе браць, калі ёсць Бог? Калі Ён стварыў гэты свет, дык хай сам за яго і адказвае.

A.А.: Мне падаецца, што цяпер у цябе выявілася нейкая негатыўная энергетыка, якая супярэчыць пачатку нашай размовы, калі ты гэтак спакойна і мудра даказваў, што Бог ёсць Няма.

B.А.: Гэта папросту канфлікт паміж інтэлектуальнымі развагамі, дзе можа быць усё - у тым ліку і Бог, - і фактам асабістага экзістэнцыйнага выбару. Вось ты думаеш Бога - і жывеш Бога. А я думаю Бога, але жыву - чалавека.

Пазней Алесь, паводле ўласнай завядзёнкі, яшчэ і пасміхнуўся ў фэйсбуку з майго імператыву:

Адзін філосаф сказаў

Мяне няма.

Цяпер усе на яго

Паказваюць пальцам.

***

Калі ў адмысловым гуморы згадваю Уладзіміра Мацкевіча, дык мне адразу прыпамінаюцца радкі Барыса Пастэрнака з паэмы пра Леніна: "Он был как выпад на рапире."

Пра Уладзміра Мацкевіча я пачуў досыць позна, калі нашыя адраджэнска-рэнесансныя справы ўжо як гай шумелі. Аднойчы ў рэдакцыю "Культуры", дзе я рыхтаваў чарговы выпуск літаратурна-філасофскага сшытка "ЗНО", зазірнуў гарадзенец, паэт і выключна таленавіты мовазнаўца Юры Пацюпа.

- Пазнаёміўся з цікавым чалавекам з Гародні, - кажа. - Уладзімірам Мацкевічам. Яго базавая філасафема "Думаць Беларусь". Запрашаў вас на свой семінар.

Філасафема мне спадабалася, але на семінар не пайшоў. Не люблю абы-куды цягацца. Як таму наканавана, дык яно само здарыцца. Плынь часу не толькі трупы ворагаў прыносіць, але і поўных мыслядзейнасці сяброў.

Так яно і сталася.

Уладзімір Мацкевіч прыехаў у Мінск з Масквы, дзе вучыўся ў закамітага Шчадравіцкага, чым па сёння ганарыцца ды хваліцца. І прыехаў не так сабе, а каб перайначыць усю занядбаную Беларусь на цывілізацыйны капыл.

Карацей, амбіцый у чалавека было з каптуром. Ён адразу закасаў рукавы ды ўхапіўся за справы. З той пары і па сёння не разгінае спіны. Таму няма нічога дзіўнага, што мне Мацкевіч аднойчы параўнаўся з Перыклам, які ўвесь свой інтэлект ахвяраваў на палітычны практыкум, каб боскімі праектамі ўславіць Афіны - на ўсе тысячагоддзі...

Вось чаму я аднойчы падумаў пра сябе ў ролі філосафа Анаксагора - бліжэйшага сябра Перыкла, - які не асабліва звяртаў увагу на палітыку і ўвогуле чалавечыя справы. (Плутарх згадвае, што ўрэшце рэшт Анаксагор паводле азарэння свайго вялікага духу адрынуў ад сябе ўласнае жытло і пакінуў не апрацаваную зямлю авечкам).

Зразумела, было б неразумна ставіцца да такіх упадабленняў сур’ёзна. Проста ўспомніў, каб пасміхнуцца.

Хаця і насамрэч разнастайны наробак Уладзіміра Мацкевіча не злічыць, таму, як і ў сюжэтах з папярэднімі героямі, згадаю адно сёе-тое.

Заснавальнік і кіраўнік "Агенцтва гуманітарных тэхналогій".

Удзельнічаў у стварэнні "Аб’яднанай грамадзянскай партыі".

Удзельнічаў у стварэнні "Хрысціянскай партыі".

Удзельнічаў у стварэнні "Хартыі 97".

Першы кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыўма "ЕўраБеларусь".

На парламенцкіх выбарах 1995 года балатаваўся па адной акрузе з Зянонам Пазняком.