Стварыў часопіс "Культурная палітыка".
Аўтар шэрагу кніг, сярод якіх вылучу "Вопреки очевидности", "Вызывающее молчание", "Не думайте о рыжем и слепом утконосе".
Заснаваў і стварыў "Лятучы ўніверсітэт".
Апошні праект лічу самым файным у яго біяграфіі і вельмі значным для Беларусі ўвогуле.
Раўнуючы з Беларускім калегіюмам, гэта, як на той час, быў выразна больш інавацыйны і фарматна больш разнастайны праект. Таму ўсе чакалі, што паміж намі ўзнікне жорсткая канкурэнцыя. Аднак нічога такога не здарылася. Болей за тое, хутка мы зрабіліся шмат у чым кампаньёнамі. Прыкладам, Уладзімір Мацкевіч чытаў лецыі ў Калегіюме, а шэраг нашых выкладчыкаў (і я ў тым ліку) ў Лятучым універсітэце.
Між іншым, для мяне гэтая адукацыйная ўстанова з крыламі зусім не тэарэтычная абстракцыя, а жывая плоць, з якой я быў задзіночаны яшчэ да таго, як хаўрус вакол Мацкевіча аформіўся ў праект з назвай польскага адукацыйнага супраціву - Лятучы ўніверсітэт.
А далей трохі пра хаўрус. Я не аднойчы чуў, што ў Мацкевіча моцная харызма, і кожны раз дзівіўся: якая там харызма? Мужык як мужык, актыўны, разумны, дзейны, з моцным рэфлексіўна-аналітычным мысленнем... Але пры чым тут харызма? І толькі калі бліжэй пазнаёміўся з дзяўчатамі і хлопцамі ягонай суполкі, дык зразумеў - ёсць харызма! У іх прасвятляліся вочы побач з ім, і адчувалася, што яны гатовыя агораць любую справу, на якую ён пакліча. І ці не найперш з "харызмы" лідэра так доўга трымаецца і плённа працуе ўся каманда?
Будзе залішне доўга пералічваць прозвішчы ўсіх таленавітых чальцоў гэтага задзіночання. Разам з тым я не магу не згадаць Таццяну Вадалажскую. Гэта яна адказвала за падрыхтоўку і разгортванне ўніверсітэцкай праграмы. А з 2011 года, калі "Лятучы ўніверсітэт" пачаў працаваць стала, Таццяна кіруе пастаянным універсітэцкім семінарам, праектнымі сесіямі, летнімі школамі ды розным іншым. Гэта яна прыдумала працягнуць нашую з Алесем Анціпенкам філасофскую анталогію і рэалізавала праект "Код прысутнасці. Анталогія беларускага мыслення 2000-2015". Гэта яна ініцыявала і ўклалася напоўніцу, каб пабачыла свет унікальная кніга-альбом Міхала Анемпадзістава "Колер Беларусі". Неверагодна дзейная і эўрыстычная фігура! Пэўна, таму яе часам называюць нефармальным рэктарам крылатага ўніверсітэта. А я сам-насам думаю, што гэта боскі дарунак Мацкевічу, без якога ён лётаў бы значна ніжэй, чым насамрэч атрымалася.
Да таго ж яшчэ я люблю ўніверсітэт за "Падворак". Некалі ці не паўтузін невялікіх грамадскіх арганізацый прыдумалі супольна набыць у Мінску дом. Нашкраблі ў складчыну грошай і набылі. Само па сабе гэта ўжо было дзівам. Бо ніхто больш у Мінску на такое не спадобіўся. Нават незалежныя палітыкі...
Пры доме ёсць ціхамірны падворак, з усіх бакоў агароджаны плотам, высокімі яблынямі ды вішнямі. Днём у яснае надвор’е там хораша працуецца, а ў святы лагодным падвячоркам тут утульна баляваць. Таму ўсё гэтае месца разам з домам афіцыйна празвалі "Падворкам".
Сярод мноства ідэй і праектаў, ужо рэалізаваных "Лятучым...", я вылучаю ў першынстве "Тыдзень беларускага мыслення".
Што і казаць, гэта была фенаменальная задума. Ці не ва ўсіх краінах нашага рэгіёна ёсць святы роднай мовы, нацыянальнай культуры, літаратуры і да т.п. Але я ні разу не чуў, каб хоць дзе спадобіліся адзначыць плён уласнага мыслення!
Беларускі калегіюм таксама браў чынны ўдзел у гэтай падзеі. Мы з Ірынай Дубянецкай сабралі вялізную бібліятэку айчынных філасофскіх кніг, часопісаў, зборнікаў, альманахаў і г. д., багацце якой моцна ўразіла публіку. Ва ўсіх абласных цэнтрах самыя адметныя інтэлектуалы прачыталі лекцыі з уласнай інтэрпрэтацыяй філасофскага феномена Ігната Абдзіраловіча. А ўсяго па краіне было зладжана больш за паўсотню круглых сталоў, семінараў, прэзентацый, сустрэчаў з адметнымі інтэлектуаламі ўпаасобку.
Выступаючы на прэзентацыі тыдня, я казаў: "Цягам некалькіх папярэдніх стагоддзяў пры ўсіх уладах беларуская думка мэтанакіравана ігнаравалася, здушалася ці заганялася ў фармат спеўнай жальбы.
Аднак пры першай гістарычнай магчымасці беларусы распачалі культурнае вызваленне стварэннем свайго інтэлектуальнага дыскурсу. Гэта выявілася ў другой палове 1980-х гадоў праз шматлікія філасофскія развагі ў самых розных выданнях, а ад пачатку 1990-х выбухнула вялікай колькасцю інтэлектуальных пэрыёдыкаў, часопісаў, зборнікаў, анталогій ды энцыклапедый.
Панарама беларускага мыслення "Cogito Albarutheniae" ("Мыслю Беларусь") дазваляе пабачыць і ацаніць гэты фантастычны феномен і запэўніцца, што Беларусь мае ўласную філасофскую будучыню".