Выбрать главу

А, можа, проста не паспеў заўважыць, бо нечакана раннім ранкам зазваніў тэлефон...

У той жа момант я абрынуўся за Міхалам у прадонне ягонай адсутнасці. І падаў у тое прадонне так доўга, што з глыбіні гэтага падзення нарэшце зразумеў увесь маштаб Міхала як асобы.

Міхал быў вялікім!

***

Спачатку была Краіна. Свая. Ніколі раней такога не было. А тут яна здарылася.

І тады з’явіліся мы з Міхалам.

У апошнім сказе вельмі істотны займеннік мы. Бо паасобку мы нарадзіліся, калі Краіны яшчэ не было. І каб яна не здарылася, то мы б і засталіся кожны паасобку.

Найперш пра гэта я згадаў, усхапіўшыся дзеля ўспамінаў пра Міхала. Нашыя вочы заўсёды глядзелі ў адзін бок і адразу сустракаліся поглядамі там, дзе была яна - наша Краіна.

Неяк на прэзентацыі сваёй кнігі "Код адсутнасці" мяне запыталі:

- Дык аб чым яна, калі ў некалькіх словах?

- Пра што б я ні пісаў, і не толькі пра літаратуру, культуру, палітыку, а нават пра метафізіку ці фундаментальную анталогію быцця, я заўсёды пішу пра Беларусь.

Цалкам тое ж было з Міхалам. Ён таксама інакш проста не мог, нават калі ўглядаўся ў далёкія эпохі і чужыя прасторы.

Няма сумневу, што менавіта з гэтай утоенай лучвы мне было ўтульна з ім і ў рэале побач, і ў яго песнях, тэкстах, выставах. Да таго ж кожным разам гэта была не проста ўтульнасць, а радасная ўтульнасць, не пазбаўленая сяброўскай пяшчоты.

***

Сярод усяго адметнага, што стварыў Міхал у прозе, асабіста мне найбольш даспадобы ягоныя эсэ, якія ён два сезоны друкаваў на сайце "Будзьма". Агулам гэты цыкл меў назву "Простыя рэчы". І там сапраўды вялося пра самыя звычайныя рэчы: жытло, дрэвы, места, зіма, базар, ровар, сала.

Усяго назбіралася болей як дваццаць эсэ, і кожнае паасобку выклікала ў мяне хвалю эўрыстычнай насалоды, бо сам такое і так ніколі не змог бы напісаць.

Калі хто яшчэ не абазнаны ў гэтых шэдэўрах, то раю пацікавіцца. Бо толькі тут уся поўніца Міхала, як вонкавая, так і нутраная з усёй яго эмацыйнай прыгажосцю. Больш за тое, праз гэтыя тэксты вы зразумееце Міхала як адметнага філосафа з вельмі рэдкім тыпам мыслення, скіраванага на праблемы фундаментальнай анталогіі. І хай вас не засмучае той факт, што Міхал амаль не карыстаецца мудрагелістым філасофскім слоўнікам як такім. І слушна робіць, паколькі насамрэч быційная асноведзь трымаецца простымі словамі, простымі рэчамі. Між іншым, звычаёвая мова ніяк не зашкодзіла яго фундаментальнай эсэістыцы патрапіць у "Анталогію беларускага мыслення". ("Код прысутнасці. 2000-2015".)

Далей я хачу пазнаёміць вас з некалькімі эсэ, дадаўшы да іх трохі ўласных рэфлексій ды зацемак. Натуральна, я не маю намеру перадрукоўваць абраныя эсэ цалкам. Гэта будуць ці мае кароткія канспекты, ці асобныя фрагменты з уласных рэфлексій.

Але пачну з тэкста, схопленага не анталагічнай праблематыкай, а экзістэнцыйнай. Называецца ён "Гонар і годнасць".

"Я вагаўся, ці пісаць пра гэта ўвогуле. Па-першае, таму што гэта не надта адпавядае тэме «Простыя рэчы», па-другое, таму што маю вялікі сумнеў адносна таго, ці будзе гэта ўвогуле нехта чытаць. Гонар і годнасць сёння не ў трэндзе...

Мяне зацікавіў адзін фільм, і я націснуў на play. Чорна-белая стужка, прафесар, падобны да Альберта Эйнштэйна, выступае перад нейкай вялікай аўдыторыяй. Ён пачынае выступ з наступных словаў: абражаны чалавек жыць не можа - ён павінен альбо змыць абразу крывёю, альбо памерці.

З пункту гледжання права думка, агучаная прафесарам, ёсць заклікам да самасуду і забойства, то бок злачынствам. Нават з пункту гледжання звычаёвага права гэта анахранізм і дзікунства. А гучыць годна і прыгожа, нават шляхетна!...

"Годнасць" - універсальны панятак, хаця ягоныя сэнсы ў розных культурах і нават субкультурах розныя. Выраз "абраза годнасці" здаўна фігуруе ў прававых актах, але дэфініцыі годнасці там няма. Уяўленне пра годнасць базуецца на звычаёвым праве, абапіраецца на культурную традыцыю і заўсёды ёсць прадуктам калектыўнага светапогляду. Гонар - наадварот, суб’ектыўнае бачанне ўласнай годнасці.

Тут варта прыгадаць яшчэ адно адрозненне гонару ад годнасці: гонар не даецца проста так, яго трэба абараняць. Сплачваць вызначаную цану. І тады ўзнікае галоўны канфлікт: мадэль, якая была прыкладам годных паводзінаў ця-гам тысячагоддзяў і вынікае з самой прыроды чалавека, супярэчыць пазнейшай максіме "не забі".

Цень ваяра ўнутры мяне (калі ён там ёсць, то гэта не найгоршая мая частка), пагаджаецца з першым, а цень хрысціяніна яму пярэчыць. Я пагаджаюся з апошнім, а захапляюся першым.